Алесь Бяляцкі

Паўтара месяца знаходзяцца за кратамі праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч.

Пасля ператрусаў, допытаў і некалькіх сутак у ізалятары часовага ўтрымання праваабаронцаў перавялі ў СІЗА на Валадарскага, дзе яны знаходзяцца і зараз.

– У нашай перапісцы адбыўся пэўны прарыў, – паведаміла «Народнай Волі» Наталля Пінчук, жонка Алеся Бяляцкага. – Ад мужа прыйшоў ліст, з якога бачна, што ён таксама атрымаў маё паштовае пасланне. Усе астатнія мае лісты, відаць, блакіраваліся, бо рэакцыі на іх не было. Я ўжо ўвогуле згубіла надзею, што Алесь можа ад мяне нешта атрымаць, таму выкарыстала магчымасць даслаць яму ліст праз інтэрнэт-пошту. І гэта спрацавала. Зараз Алесь дакладна напісаў, што атрымаў ліст, і ў звязку з гэтым былі яго пэўныя думкі і развагі.

– Калі не сакрэт, пра што піша вам Алесь?

– Піша пра нейкія агульныя бытавыя рэчы. Ён не першы раз знаходзіцца за кратамі, таму не горш за турэмных цэнзараў ведае, што можна пісаць, а што не варта.

Як быццам у яго ўсё нармальна, на здароўе не скардзіцца, мае магчымасць кнігі чытаць. Але хто ведае, як там насамрэч…

– Пра справу нічога не вядома?

– Адвакаты знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні, таму не могуць абсалютна нічога сказаць.

Поделиться ссылкой: