Наталлю Хершэ трымаюць у адзіночнай камеры

Пра гэта Радые Свабодзе паведаміў брат Наталлі Генадзь Касьян. У судзе яму сказалі, што «прадстаўленне ПК-4 аб пераводзе ў турму задаволена». У якую турму будуць пераводзіць, вырашыць адміністрацыя.

Суд Чыгуначнага раёну Гомеля 24 верасня разгледзеў справу: «Аб пераводзе ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і змяненні ўмоў рэжыму» для палітзняволенай грамадзянкі Швейцарыі Наталлі Хершэ.

Справу суддзя Мікалай Крупадзёраў разглядаў на выязным пасяджэнні ў папраўчай жаночай калоніі, дзе Наталля адбывае тэрмін.

Наталля Хершэ ўжо больш за год знаходзіцца ў зняволенні. Яе затрымалі 19 верасня 2020 году пасля жаночага маршу. У снежні ёй прысудзілі 2,5 года калоніі агульнага рэжыму за сарваную з супрацоўніка АМАПу балаклаву.

Турэмны тэрмін ураджэнка Воршы адбывае ў папраўчай калоніі ў Гомелі. Брат палітзняволенай Генадзь Касьян за апошнія чатыры месяцы атрымаў толькі адзін ліст ад сястры, у якім тая напісала, што цікавіцца творамі Салжаніцына і спрабуе бавіць час з карысцю для цела і розуму.

За час зняволення Хершэ паспела ўжо пабываць у штрафным ізалятары (ШЫЗА) і памяшканні камернага тыпу (ПКТ) за адмову шыць форму для сілавікоў.

З атрыманага ў верасні ліста Генадзь Касьян зрабіў выснову аб тым, што ў ПКТ Наталлю не займаюць працай і яна мае больш вольнага часу для самаадукацыі. Падчас паўгадзінных прагулак яна займаецца спортам. Піша скаргі на ўмовы ўтрымання ў калоніі і просіць брата даведацца пра тое, што адбываецца з яе заявамі.

Вядома, што Наталлю Хершэ тройчы ўгаворвалі напісаць заяву аб памілаванні на імя Лукашэнкі, але яна катэгарычна адмовілася рабіць гэта. Сваёй віны яна не прызнае.

Поделиться ссылкой: