Галоўныя навіны за суботу

Міжнародная супольнасць праваабаронцаў віншуе Алеся Бяляцкага з днём народзінаў

Сёння вядомы праваабаронца і палітвязень Алесь Бяляцкі сустракае свой 59 дзень народзінаў за кратамі. Але салідарнасць не мае межаў!

Відэа-віншаванне імянінніку запісала Нікола Бір, віцэ-прэзідэнтка Еўрапейскага парламента.

Анар Мамедлі – азербаджанскі праваабаронца, былы палітзняволены павіншаваў Алеся Бяляцкага ў твітары:

Марцін Угла, старшыня Östgruppen – Шведскай ініцыятывы за дэмакратыю і правы чалавека, напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку: “Дарагi Алесь! Вiншую з Днём нараджэння! Чакаю на волi! Беларусь будзе вольнай i гэта шмат дзякуючы вам і вашай працы. Тады мы будзем разам радавацца i святкаваць свабоду!”

Праваабаронца з Кыргызстана Талекан Ісмаілава ў дзень народзінаў Алеся Бяляцкага падзялілася на сваёй старонцы ў Фэйсбуку сумесным фотаздымкам, зробленным у верасні 2016 года ў Ёханесбургу (ЮАР).

Анэ Тусвік Бондэ, старшая дарадца ў Фондзе дамоў правоў чалавека, запісала відэазварот з нагоды дня нараджэння Алеся Бяляцкага.

“Я вельмі спадзяюся, калі Алесю ў наступным годзе споўніцца 60 гадоў, мы ўсе – калегі і сябры – зможам адсвяткаваць разам”, – сказала яна.

Жан-Люк Рамэра-Мішэль, намеснік кіраўніка дэпартамента мэрыі Парыжа па правах чалавека і барацьбы з дыскрымінацыяй, напісаў у сваім твітар-аккаунце: “Ганароваму грамадзяніну Парыжу Алесю Бяляцкаму спаўняецца 59 гадоў у турме. Мы думаем пра яго і яго таварышаў з “Вясны”, якія таксама заключаныя ў турму. Яны павінны быць вызваленыя, а асноўныя правы ў Беларусі выкананыя. Парыж на іх баку.”

Нагадаем, Алесь Бяляцкі быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года ў межах крымінальнай справы і з таго моманту знаходзіцца за кратамі.

 

ААН абвінаваціла беларускіх сілавікоў у забойствах і згвалтаваннях

Галоўныя навіны за суботу

Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет заявіла, што ў Беларусі выдасканалена і сістэматычна катуюць людзей, якія знаходзяцца пад вартай, паведамляе “Голас Амерыкі”.

У справаздачы, прадстаўленай на сесіі Савета па правах чалавека ў ААН у Жэневе, сабраныя падцверджанні аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі з мая 2020 года. Па словах Бачэлет, урад Беларусі адмовіўся дапамагаць экспертам ААН у правядзенні расследавання, вынікі якога яна ахарактарызавала як «бянтэжачыя».

Мішэль Бачэлет выказала занепакоенасць паведамленнямі аб жорсткім абыходжанні і катаваннях, якім падвяргаліся арыштаваныя беларусы, у тым ліку і непаўналетнія. Па меншай меры чацвёра пратэстуючых памерлі падчас утрымання пад вартай у міліцыі, гаворыцца ў справаздачы.

У ААН таксама паступалі паведамленні аб сэксуальным гвалце, учыненым супрацоўнікамі праваахоўных органаў, у першую чаргу, але не выключна, у дачыненні да жанчын і дзяўчынак. Па словах Бачэлет, гаворка ідзе пра сэксуальны гвалт, аб пагрозах сэксуальнага гвалту, аб псіхалагічным гвалце і сэксуальных дамаганнях у дачыненні як да жанчын, так і мужчын.

У мінулым годзе, па дадзеных ААН, было затрымана каля 500 журналістаў, па меншай меры 68 з якіх падвергліся жорсткае абыходжанне. У цяперашні час у Беларусі больш за 650 палітвязняў.

Пасол Беларусі ў ААН у Жэневе Юры Амбразевіч, каментуючы даклад, заявіў, што эксперты праігнаравалі ў ім пазіцыю ўрада Беларусі.

 

Трох палітвязняў прызналі «схільнымі да захопу закладнікаў»

Палітзняволеных сясцёр Насту і Вікторыю Міронцавых і Паліну Шарэнда-Панасюк, якія адбываюць пакаранне ў гомельскай калоніі №4, паставілі на ўлік як «схільных да захопу закладнікаў і нападу на адміністрацыю», паведамляе “The Village.

Галоўныя навіны за суботу
Наста і Вікторыя Міронцавы

Сясцёр Міронцавых абвінавацілі ў актыўным удзеле ў групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, і гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў МУС, а Вікторыю дадаткова абвінавацілі ў супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак. 1 красавіка Насту Міронцаву прысудзілі да 2 гадоў пазбаўлення волі, а Вікторыю – да 2,5 гадоў. У калоніі сясцёр паставілі на прафілактычны улік як «схільных да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці».

Паліна Шарэнда-Панасюк знаходзіцца за кратамі з 3 студзеня. Яе асудзілі на два гады пазбаўлення волі, абвінаваціўшы ва ўжыванні гвалту ў дачыненні да міліцыянтаў і іх абразе, а таксама ў абразе Лукашэнкі.

 

Квадракоптары на працы падатковай

Галоўныя навіны за суботу
Фота: Пінскі райвыканкам

Пінскі фермер паведаміў у падатковую, што самастойна будзе збіраць ураджай на ўчастку ў 20 га. Падаткавікі не паверылі і для праверкі адправілі квадракоптар, паведамляе Пінскі райвыканкам.

Выявілася, што мужчына наняў для працы 47 чалавек і плаціў ім заробкі «ў канверце». Падаткавікі падлічылі, што мужчына заплаціў так 15 тысяч рублёў. З яго прымусова спагналі падаходны падатак у 2 тысячы рублёў і аштрафавалі на 2900 рублёў (100 базавых велічынь). Таксама пра яго дзеянні падаткавікі паінфармавалі Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы.

 

Пуцін “бліжэйшым часам” збіраецца ізноў сустрэцца з Лукашэнкам

Галоўныя навіны за суботу
Фота: прэс-служба прэзідэнта РФ/ТАСС

Пра свае планы аб сустрэчы з Лукашэнкам Пуцін паведаміў на анлайн-сустрэчы з лідарамі партый, якія на нядаўніх выбарах пераадолелі бер’ер у 5% і прайшлі ў Дзярждуму Расіі.

Між тым, у Пуціна і Лукашэнкі ўжо была прызначаная сустрэча ў Мінску — 15 кастрычніка на Саміце краін СНД. Дамоўленасць пра яе была дасягнутася 9 верасня, падчас апошняй паездкі кіраўніка Беларусі ў Маскву.

Нагадаем, 24 верасня беларускі борт №1 паляцеў у Сочы. Затым туды выправіўся старшыня Памежнага камітэта Анатоль Лапо. А Пуцін у той дзень нечакана падняў “беларускае пытанне” на пасяджэнні Савета бяспекі РФ. І ўсё гэта адбываецца на фоне маўчання беларускіх дзяржСМІ і тэлеграм-канала прэс-службы Лукашэнкі.

 

Настаўнікі-ўцекачы адкрылі беларускую школу ў Вільнюсе

Галоўныя навіны за суботу
Беларуская школа ў Вільнюсе

У Вільнюсе адкрылася першая ў Літве прыватная беларуская школа і дзіцячы сад, дзе дзеці могуць займацца на рускай і беларускай мовах, паведамляе “Салідарнасць”.

За апошні год дзесяткі кампаній пераехалі з Беларусі ў Літву і перавезлі сваіх супрацоўнікаў разам з сем’ямі. Але ў большасці палітычных эмігрантаў грошай на аплату такой школы не хапае.

Гэта прыватная школа, навучанне тут платнае – каштуе каля пяці тысяч еўра ў год. Гэта сярэдняя цана на рынку. Але, дырэктар настойвае, што гэта і сацыяльны бізнэс.

Паралельна з людзьмі, якія пераехалі ў Літву па працы, у Вільні ёсць вялікая абшчына палітычных бежанцаў. І ў большасці такіх уцекачоў няма працы або дастатковых назапашванняў, каб аддаць дзяцей у прыватную беларускую школу.

– Нам бы вельмі хацелася знайсці стыпендыі, і мы ў пошуку стыпендый і фондаў. Таму што на дадзены момант мы не можам самі заснаваць стыпендыі, у нас пакуль занадта мала дзяцей, каб мы маглі дазволіць сабе гэта, але ў перспектыве, вядома, як толькі мы пачнем атрымліваць даход, мы вылучым стыпендыі для дзяцей бежанцаў, – адзначае дырэктар школы Алена Саўко.

Стыпендыі для дзяцей бежанцаў будуць залежаць ад таго, наколькі будзе паспяховым платны набор.

 

Сумны рэкорд. За суткі памерлі 15 чалавек

Коронавирус

За суткі ў Беларусі зарэгістраваныя 1987 пацыентаў з каронавірусам, выпісаныя 1362 чалавека, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя. З пачатку пандэміі за суткі памерла рэкордная колькасць пацыентаў з COVID-19 – 15 чалавек.

Усяго з пачатку пандэміі ў Беларусі былі зарэгістраваныя 528 229 чалавек са станоўчым тэстам на каронавірус. Ачунялі 511 666 пацыентаў, у якіх раней быў пацверджаны дыягназ COVID-19.

За ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі на тэрыторыі краіны памерлі 4081 пацыент з выяўленай каронавіруснай інфекцыяй.

 

Талібы адновяць цялесныя пакаранні і ўжо публічна вешают пакараных

«Талібан», які ў жніўні вярнуўся да ўлады ў Афганістане, плануе адрадзіць практыку цялесных пакаранняў. Пра гэта паведаміў адзін з заснавальнікаў «Талібану» мула Нурудзін Турабі ў інтэрв’ю агенцтву Associated Press.

Галоўныя навіны за суботу
Мула Нурудзін Турабі

Ён заявіў, што цялесныя пакаранні ў Афганістане вернуць. Але пакуль ня вырашана, ці будуць яны публічнымі.

«Адсячэнне рук неабходна для забеспячэння бяспекі», – сказаў Турабі, і дадаў, што гэта мае стрымліваючы эфект.

«Усе крытыкавалі нас за пакаранні на стадыёне, але мы ніколі нічога не казалі пра іх законы і пакаранні. Ніхто ня будзе загадваць нам, якімі павінны быць нашыя законы. Мы будзем прытрымлівацца ісламу і будзем усталёўваць свае законы на аснове Карану», – заявіў Турабі.

Сёння прадстаўнік брытанскага ВВС паведаміў, што талібы павесілі некалькі трупаў на будаўнічых кранах у горадзе Герат на захадзе Афганістана. Гэта целы чатырох чалавек, абвінавачаных у выкраданьні людзей.

Намеснік губернатара правінцыі, член Талібану заявіў, што мужчыны былі забітыя падчас наўпроставых сутыкненняў з байцамі Талібану пасля выкрадання гандляра і яго сына, якія пазней былі вызваленыя.

«Іх цела павесілі на гарадскіх плошчах у якасці прыкладу для іншых выкрадальнікаў. Іх павесілі, каб ніхто не адважыўся на такое злачынства», – сказаў ён агенцтву DPA.

Поделиться ссылкой: