Прысудам у грамадзянскай справе на позву Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, агалошаным суддзёй Рымай Філіпчык у Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь 24 верасня, Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” ліквідаванае.

Згуртаванне было створанае ў 1990 годзе, каб кансалідаваць беларусаў у краіне і па-за яе межамі дзеля развіцця Беларусі. Згуртаванне ладзіла мерапрыемствы і акцыі, скіраваныя на ўмацаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці праз выхаванне павагі і паглыбленне ведаў пра родную мову, культуру, гісторыю; паслядоўна выступала ў абарону правоў і інтарэсаў беларусаў замежжа. Менавіта дзякуючы Згуртаванню ў 2014 годзе быў прыняты закон “Аб беларусах замежжа”, а з’езды беларусаў свету “Бацькаўшчыны” сталі сапраўднай агульнанацыянальнай платформай для абмеркавання актуальных для Беларусі і яе замежжа пытанняў і праблем.

Фармальнай прычынай для ліквідацыі стаў перанос VIII З’езду беларусаў свету на 2022 год праз абмежаванні, накладзеныя сусветнай каранавіруснай пандэміяй, за які прагаласавала Вялікая Рада ЗБС “Бацькаўшчына”. Рашэнне аб пераносе З’езду прымалася пасля кансультацый з Мінюстам: якім чынам правесці гэтую працэдуру, каб не парушыць ні заканадаўства, ні Статут. Менавіта Мінюст пацвердзіў, што Вялікая Рада мае ўсе паўнамоцтвы прыняць такое рашэнне.

Яшчэ раней цягам пазапланавай праверкі Згуртавання “Бацькаўшчына”, распачатай Мінюстам у першай дэкадзе ліпеня, арганізацыя атрымала два папярэджанні:

– першае – за не выкладзеную на сайт zbsb.org, але дасланую ў Мінюст справаздачу аб дзейнасці, якую, паводле заканадаўства, пры такіх умовах размяшчаць на сайце і неабавязкова;

– другое – за тое, што ў перыяд з 14 да 22 ліпеня “Бацькаўшчына” не ліквідавала пералік устаноўленых міністэрствам парушэнняў.

Ліквідаваць тыя парушэнні было немагчыма, бо ранкам 14 ліпеня на офісе Згуртавання адбыўся ператрус і памяшканне апячатаў Следчы камітэт. Пазней выявілася, што ў дачыненні да Згуртавання распачата справа «па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 361 КК».

Поделиться ссылкой: