Добры дзень, шаноўная рэдакцыя«Народнай Волi»!

У нумары за 17 верасня прачытаў артыкул Святланы Калiнкiнай «Разделённые». I, на жаль, даводзiцца канстатаваць, што тэзы аўтаркі цалкам адпавядаюць нашай сённяшняй рэчаiснасцi.

Па-першае, вiдавочна, што нi пра якое адзiнства ў сітуацыі, якая мае месца ў цяперашняй Беларусi, казаць не даводзiцца. Мы бачым вялiзную прорву памiж вузкай групоўкай, якая трымае ўладу ў краiне i гатова не выпускаць яе са сваіх рук да апошняга, i шырокiм грамадствам, якое саспела да перамен, хоча аказаць станоўчае ўздзеянне на лёс дзяржавы i свой асабісты. Яшчэ летась Лукашэнка шмат i вельмi натхнёна казаў пра тое, як нам патрэбна агульнаграмадзянская еднасць, заклiкаў забыць сваркi i пачаць з чыстага аркуша, прапаноўваў нейкiя дыялогавыя пляцоўкi, у прыватнасцi для абмеркавання новага праекта Канстытуцыi. Але амаль за трыццаць гадоў кiравання мы добра вывучылi, чаго вартыя палымяныя прамовы, абяцаннi высокіх службовых асоб. Нiчога не вартыя. Тое заканамерна адбылося i зараз. Калi Лукашэнка лічыў, што пасля шквалу рэпрэсiй, якiя абрынуліся на, бадай, усю незалежную грамадзянскую супольнасць Беларусi, у краiне наступяць лад ды згода, то вiдавочна тое, што ён не меў рацыi.

Па-другое, выклiкае вялiзныя пытаннi сама дата 17 верасня. Прынамсi ў мяне. Так, мы маем факт яднання заходнiх i ўсходнiх беларускiх земляў, i гэта быццам бы добрая падзея. Аднак цi апраўдвае высакародная мэта ганебныя сродкi? Тут, дарэчы, прасочваецца прамая аналогiя з Крымам. Расіяне вярнулi сабе паўвыспу, i большасць з iх ацэньвае гэты факт пазітыўна, цалкам iгнаруючы вiдавочнае парушэнне нормаў мiжнароднага права ды простай чалавечай маралi, а таксама тое, што адносiны памiж Расiяй і Украiнай цяпер сапсаваны надоўга, калi не назаўсёды.

17 верасня ў гэтым кантэксце сімвалiзуе хаўрус Савецкага Саюза з нацысцкай Нямеччынай, i святкаваць гэту дату – значыць, апроч iншага, яшчэ i абражаць палякаў, якія не заваёўвалі заходнебеларускія землі, а ім падарылі іх бальшавікі на чале з Леніным. Хаця за апошнi год адносiны з палякамi сапсаваны настолькi, што далей ужо асаблiва няма куды. Як кажуць расіяне, «сгорел сарай – гори и хата».

Давайце адкрыта скажам: Беларусь сёння выразна падзелена. Ёсць, я лічу, большасць, якая хоча жыць ў новай, свабоднай Беларусi, i ёсць вузкае кола людзей, якiя ўжо на працягу доўгага часу ўтрымлiваюць уладу i нічога не хочуць мяняць. Яны не разумеюць, што за апошнія тры дзесяцігоддзі Беларусь стала iншай i народ стаў iншым. А вось улада якой была, такой i засталася. Якое тут можа быць адзiнства?

Яго няма, i дасягнуць яго будзе цяжка. Але любы шлях пачынаецца з першага кроку. Зрабiць яго мусiць Лукашэнка. I пачынаць трэба з таго, каб спынiць «паляванне на вядзьмарак», выпусцiць усiх палiтвязняў, закрыць усе ангажаваныя крымiнальныя справы. Папрасiць прабачэння ва ўсiх, хто так цi iнакш пацярпеў ад карнай сістэмы. А потым трэба садзіцца за «круглы стол», як гэта было 30 з лiшнiм гадоў таму ў Польшчы, i дамаўляцца пра мiрны трансфер улады. Шмат хто скажа: гэта фантастыка. Магчыма. Аднак iншага варыянта дасягнення адзiнства я не бачу. I, я лiчу, менавiта гэты сцэнарый быў бы для ўсiх нас найлепшым.

З павагай – Дзмiтрый КУРАТНIК, сталы чытач «Народнай Волi».

Публікацыя – з № 73 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: