Фото: Яндекс.Панорамы.

Яшчэ 23 ліпеня ў «Народнай Волі» быў надрукаваны артыкул Алены Малочка пад назвай «Станюта или Энгельс: кто более белорусской истории ценен?». У адпаведнасці з заканадаўствам матэрыял рэдакцыя накіравала на рэагаванне ў Мінскі гарвыканкам. Атрымалі адказ за подпісам намесніка старшыні вышэйшай сталічнай улады Арцёма Цурана. Пахвальна, што тэкст ад першага да апошняга радка на беларускай мове. Але вось што тычыцца яго зместу, то ўзнікае шэраг пытанняў. Ствараецца ўражанне, што спадар Цуран калі і прачытаў артыкул Алены Малочка, то, мабыць, па дыяганалі, а то, магчыма, сам яго і ў вочы не бачыў, а адказ на подпіс падсунулі яму падначаленыя, якія наогул не ўніклі ў сэнс праблемы. Таму «Народная Воля» вымушана ў чарговы раз патлумачыць, у чым яе сутнасць.

Нагадаем: адбылася недарэчная сітуацыя з услаўленнем памяці такой легендарнай нацыянальнай асобы, як Стэфанія Станюта. Цяжка сказаць, чым кіраваліся члены гарадской тапанімічнай камісіі, калі прымалі рашэнне аб наданні яе імя вуліцы, забудоўшчыкамі якой сталі людзі не проста багатыя, а алігархічнага складу. А такія, як вядома, любяць жыць за высокай непразрыстай агароджай, а каб па вуліцы ніхто з пабочных не мог праехаць, пры ўездзе ўстанаўліваюцца шлагбаумы. Менавіта так і зрабілі тыя, каму ўлады невядома за якія заслугі выдзелілі надзелы ў лічаных метрах ад Цнянскага вадасховішча. Кажуць, усе яны маюць дачыненне да кампаніі «Дана Мол». Што ім да нашай славутай Стэфаніі Міхайлаўны Станюты, сімвала нацыянальнай культуры для мільёнаў беларусаў?! Вуліцу, якой сталічныя ўлады надалі яе светлае імя, вось гэтыя топ-менеджары фактычна прыватызавалі. Як толькі з’явіліся на ўчастках гмахі-катэджы, іх уладальнікі тут жа паклапаціліся пра аўтаматычны шлагбаум. У кожнага свой пульт, націснуў кнопачку – і паехаў. А для ўсіх астатніх уезд забаронены. Нават для Меліціны Станюты – праўнучкі вялікай актрысы. Неяк яе, наследніцу па прамой радаслоўнай лініі, не пусцілі на вуліцу імя прабабулі без пропуска, без званка і ўзгаднення з высокімі асобамі той жа кампаніі «Дана Мол». Невыпадкова Алена Малочка ў вышэйзгаданым артыкуле напісала: «Беларусы, якія ўвесь ХХ век па крупіцах збіралі сваю ідэнтычнасць, якія і цяпер прадзіраюцца да сваіх вытокаў праз буралом імперскай ідэалогіі і асабістых забабонаў, і тут раптам ізноў павінны даказваць сваё спрадвечнае права на нацыянальны здабытак – на імя Стэфаніі Станюты, дарагое для любой жывой беларускай душы».

Што і казаць, тое, што замест увекавечвання памяці вялікай актрысы яе імя фактычна схавалі за моцным шлагбаумам, не можа не кранаць тонкія струны нацыянальнага гонару. І каму, як не намесніку старшыні Мінскага гарвыканкама А.М.Цурану, не падумаць, як выправіць непрыгожую сітуацыю. У артыкуле Алены Малочка была падказка: святое для беларусаў імя Стэфаніі Міхайлаўны Станюты павінна быць перанесена з прыватызаванай алігархамі вуліцы, якая, дарэчы, знаходзіцца ледзь не на выселках, у гістарычны цэнтр сталіцы. І рэдакцыя разлічвала, што менавіта з гэтых пазіцый чыноўнікі гарвыканкама і будуць разглядаць публікацыю ў «Народнай Волі». На жаль, адказ спадара Цурана звёўся галоўным чынам да таго, што «любыя перайменаванні вуліц ствараюць нязручнасці жыхарам і гасцям горада, патрабуюць унясення змяненняў у элементы візуальнага арыентавання, рэгістрацыйныя і іншыя дакументы, на што неабходны значныя фінансавыя затраты». Скажыце, хто са сталічных гораданачальнікаў звярнуў увагу на «нязручнасці», калі ўмомант перайменоўваліся цэнтральныя праспекты Мінска?

Рэдакцыя чакала зусім іншага ліста ад чыноўнікаў Мінскага гарвыканкама. Нам здавалася, ля руля сталіцы стаяць прагрэсіўныя спецыялісты, і хто, як не яны, павінны адчуваць, якая сапраўды недарэчная сітуацыя склалася з імем Стэфаніі Станюты – легендарная актрыса апынулася за шлагбаумам ды яшчэ і з аховай (?!). Яна вартая ўдзячнай памяці беларусаў. І тое, што зараз вуліца, якой нададзена яе імя, за шлагбаумам, – гэта сапраўдны грамадзянскі боль. Таму «Народная Воля» накіроўвае чарговы ліст непасрэдна таму высокапастаўленаму сталічнаму чыноўніку, які, паўтараем, магчыма, нават не прачытаў артыкул Алены Малочка, а падмахнуў адказ рэдакцыі, які падрыхтавалі падначаленыя без усялякай адказнасці. Спадар Цуран, прыслухайцеся да голасу шырокай грамадскасці: Мінгарвыканкам у свой час дапусціў грубую памылку і павінен яе выправіць. Безумоўна: найдаражэйшая для беларусаў Стэфанія Станюта вартая нашай найлепшай памяці!

А што тычыцца перайменавання многіх сталічных вуліц, якія дагэтуль носяць назвы ў гонар тых, хто хацеў перакуліць увесь белы свет, то гэта зусім іншая гаворка.

Рэдакцыя газеты «Народная Воля».

Публікацыя – з № 73 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: