Максім Мархалюк

Мінула чатыры гады з таго часу, як у вёсцы Новы Двор Свіслацкага раёна бясследна знік 11‑гадовы хлопчык.

Нагадаем: Максім Мархалюк знік вечарам 16 верасня 2017 года. Апошні раз яго бачылі каля шалаша, дзе гулялі дзеці. Школьнік сказаў, што пойдзе ў лес за грыбамі, ля шалаша ён пакінуў свой веласіпед. Дадому так і не вярнуўся.

Аператыўна знайсці хлопчыка не ўдалося, ужо праз суткі да пошуку падключыліся валанцёры пошукава-выратавальных атрадаў.

23 верасня адбылася ўнікальная пошукавая аперацыя, у якой бралі ўдзел больш за дзве тысячы чалавек: міліцыя, МНС, валанцёры Чырвонага Крыжа, розных пошукавых атрадаў. Беларусы прыязджалі ў Новы Двор з усіх куткоў краіны.

Следчыя праверылі шмат розных версій, якія вылучалі і мясцовыя жыхары, і валанцёры, і нават… экстрасэнсы. Людзі казалі пра тое, што хлопчыка скралі або ён патануў у балотах пушчы. Або, спалохаўшыся дзікіх звяроў, уцёк у лес і там згубіўся. Былі версіі, што школьнік трапіў за мяжу ці як быццам проста ўцёк з дому.

Па факце знікнення хлопчыка 26 верасня 2017 года была адкрыта крымінальная справа, а 2 кастрычніка Максіма Мархалюка абвясцілі ў міжнародны вышук.

На жаль, хлопчыка так і не знайшлі. Можа, 16 верасня следчыя звязаліся з бацькамі Максіма і паведамілі, як ідзе расследаванне?

– Ніхто не звязваўся, і нічога не паведамлялі, – распавяла «Народнай Волі» маці хлопчыка Валянціна Мікалаеўна. – Крымінальная справа, наколькі мне вядома, не закрыта, але ніякай новай інфармацыі няма. Напэўна, Максіма ўжо і не шукаюць…

Публікацыя – з № 73 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: