Андрэй Дзмітрыеў. Фота: Facebook

Сустаршыня кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў пракаментаваў «Народнай Волі» рашэнне Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі арганізацыі. Суд па іску аб ліквідацыі «Гавары праўду» павінен адбыцца на пачатку кастрычніка.

– Мы атрымалі адно папярэджанне ад Міністэрства юстыцыі і прыступілі да яго ўстранення, але не паспелі – атрымалі ліст аб тым, што пададзены іск аб ліквідацыі, – распавядае палітык. – Мы лічым, што гэта абсалютна палітычнае рашэнне, бо выяўленае парушэнне ніякім чынам не замінае дзейнасці арганізацыі і даволі лёгка выпраўляецца.

Сем гадоў мы працавалі без рэгістрацыі, пры гэтым кожны год падаючы дакументы на рэгістрацыю. Чатыры гады пражылі з афіцыйнай рэгістрацыяй. Зараз, відаць, вяртаемся да таго, што было.

Мы да апошняга будзем адстойваць нашу арганізацыю. Усё, што мы рабілі, было адкрыта, сумленна і на карысць Беларусі. Але, гледзячы, што адбываецца навокал, ні на што не спадзяёмся. Некаторы час таму Андрэй Дзмітрыеў заявіў пра намер стварыць палітычную партыю.

– Мы сфарміравалі аргкамітэт, цяпер набіраем неабходную колькасць сябраў – нам патрэбна мінімум 1000 чалавек, – гаворыць Дзмітрыеў пра свае планы ва ўмовах новай палітычнай рэчаіснасці. – І мы па-ранейшаму маем намер правесці з’езд, як толькі будзем да гэтага поўнасцю гатовы. Будзем падаваць дакументы на рэгістрацыю, рыхтавацца да выбараў, калі б яны ні адбыліся.

Публікацыя – з № 73 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: