З 10 кастрычніка ўсе індывідуальныя прадпрымальнікі абавязаны мець касавыя апараты. Дробныя гандляры на рынках заяўляюць, што гэта адчувальна абмяжуе дзейнасць ІП.

«Яшчэ праблем падкінулі…»

Касавыя апараты з 10 кастрычніка павінны з’явіцца ў Беларусі ва ўсіх, хто гандлюе нехарчовымі таварамі. Аб гэтым гаворыцца ў пастанове Саўміна і Нацбанка №203/4. Аб новаўвядзеннях загаварылі яшчэ ў ліпені, калі Лукашэнка публічна заявіў, што ў краіне зашмат прадпрымальнікаў, а падаткаў, маўляў, не плацяць.

Некаторыя з іпэшнікаў на сваіх працоўных месцах на рынку «Цэнтральны» ў Гродне ўжо знаёмяцца з характарыстыкамі касавых апаратаў, абмяркоўваюць, у якім банку выгадней будзе іх абслугоўваць. Адна з жанчын тлумачыць другой, што выбар апаратаў невялікі, а кошт абслугоўвання ў розных банках практычна аднолькавы.

– Ізноў грошы! – у сэрцах кажа яна. – За апарат недзе каля сотні аддамо, ды яшчэ за абслугоўванне кожны месяц абаненцкая плата і іншыя паборы. Яшчэ праблем нам падкінулі…

Аркадзь і Пётр, чые гандлёвыя месцы побач, задаюцца пытаннем: як будуць працаваць такія апараты ўзімку, калі, згодна з тэхнічнымі характарыстыкамі, іх нельга выкарыстоўваць пры тэмпературы ніжэй за 10 градусаў і электрычнасць да іх гандлёвых месцаў не падведзена? Пакуль толькі пытанні без адказаў.

А што па сутнасці?

Самі прадпрымальнікі тлумачаць увядзенне касавых апаратаў тым, што дзяржава хоча паставіць пад кантроль увесь паток тавараў на гандлёвых рынках, а таксама дамагчыся празрыстасці ў аплаце падаткаў. Але разам з увядзеннем касавых апаратаў для іпэшнікаў маюць змяніць і форму падаткаў: замест адзінага хочуць увесці збор у памеры 18 працэнтаў з абароту. А гэта ўжо істотна для дробных гандляроў. Праўда, калі гэта адбудзецца, пакуль не вядома, даты не вызначаны. Тым не менш тэма хвалюе: новаўвядзенне можа паставіць пад пагрозу бізнес многіх.

Прадпрымальнік са стажам Валянцін Пятровіч кажа, што ўвядзенне касавых апаратаў – крок лагічны і скіраваны на тое, каб падатковая сістэма ў краіне рабілася больш празрыстай. Маўляў, і ў Расіі, і ў Польшчы прадпрымальнікі ўжо даўно карыстаюцца такой тэхнікай.

– Але тут галоўнае ў іншым, – кажа прадпрымальнік. – Да прыкладу, я бяру ў Маскве абутак па 40 рублёў за пару, тут прадаю на 20 працэнтаў даражэй. А з увядзеннем падатку з абароту ў 18 працэнтаў я павінен буду аддаць увесь свой заробак. Так ніхто не зможа працаваць.

Паводле меркавання мужчыны, калі такое здарыцца, то рынкі апусцеюць. Але сярод прадпрымальнікаў шырока распаўсюджана і іншая думка: маўляў, на практыцы касы ніхто не будзе правяраць, частку тавараў для справаздачнасці прабіваць будзем, а частка будзе праходзіць бескантрольна. На гэта спадзяюцца даволі многія.

Праўда, не ўсе падзяляюць падобны аптымізм. Прадпрымальніца Святлана распавяла, што, калі касавыя апараты насамрэч пачнуць патрабаваць, яна дзейнасць прыпыніць на пэўны час, паколькі гэта зноў пацягне выдаткі.

– Я хаця б на зімовыя месяцы пайду ў адпачынак. Буду плаціць 55 рублёў толькі за месца на рынку, каб яно заставалася за мной, – кажа жанчына. – Цалкам працу кінуць не магу, бо яшчэ трэба дацягнуць да пенсіі.

Яе суседка Марыя Іванаўна, жанчына пенсіённага веку, адзначае, што ёй давядзецца ІП закрыць і жыць на пенсію.

– Для такіх, як я, гэта ўжо зацяжка, – кажа жанчына. – Што, я буду гэты апарат кожны дзень дадому насіць? І без прыбытку таксама працаваць не змагу. У нас і так гандаль ледзь трывае, а з новаўвядзеннямі зноў спатрэбяцца расходы.

Падобных думак прытрымліваюцца і іншыя гандляры старэйшага ўзросту. А Марыя Іванаўна задае лагічнае пытанне: чым не дагадзілі звыклыя талоны-квітанцыі, якія выконваюць ролю чэка? Жанчына кажа, што іх выпісваюць па першым патрабаванні пакупніка, хаця такія жаданні ў пакупнікоў узнікаюць толькі зрэдку. Новаўвядзенні, паводле яе, паступова пацягнуць да чарговага падаражання тавараў.

– А ва ўсім гэтым, як правіла, зацікаўлены вялікія гандлёвыя цэнтры, – пераканана жанчына. – Я не супраць іх, але дайце магчымасць працаваць і дробным прадпрымальнікам.

«Для мяне гэта толькі выдаткі»

Трэба заўважыць, што прадпрымальнікі з рынкаў не адзіныя, хто з 10 кастрычніка пачне карыстацца касавымі апаратамі. Іх павінны мець нават рэпетытары, электрыкі і прадстаўнікі іншых прафесій. Праўда, гэта датычыцца толькі тых, хто займаецца гэтай дзейнасцю ў якасці ІП альбо арганізацыі.

Індывідуальны прадпрымальнік Аляксандр Гамарц прапаноўвае паслугі электрыка. Новаўвядзенні яго не радуюць – гэта чарговыя расходы.

– У мяне за год некалькі кліентаў, а апарат давядзецца не толькі набыць за свае грошы, але яшчэ і паставіць на банкаўскае абслугоўванне, – кажа мужчына. – Для мяне гэта толькі выдаткі.

Ірына Абухава займаецца рэпетытарствам. Паколькі яе кліенты дарослыя людзі, то ўсе разлікі адбываюцца ў безнаяўнай форме.

– Усе мае даходы падатковая бачыць праз банк, – кажа жанчына. – Але ёсць патрабаванне, значыцца, буду выконваць, хаця карыстацца апаратам давядзецца, магчыма, толькі ў рэдкіх выпадках.

Падатковая папярэджвае: за адсутнасць касавага апарата для ІП прадугледжаны штраф да 100, для юрыдычных асоб – да 200 базавых велічынь. Так што касавы апарат – кожнаму прадпрымальніку.

Публікацыя – з № 73 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: