Фама Варанецкі.

Кватэра заслужанага артыста Беларусі Фамы Варанецкага нагадвае мастацкую галерэю – усе сцены завешаны карцінамі. Жывапіс, акварэлі, пастэль. Ён «жаваранак», устае вельмі рана і пасля адмысловай фізічнай зарадкі (усё ж 83 гады за плячыма) штодня бярэцца за творчую працу. Завітаўшы ў госці да акцёра-мастака, пагутарыў з ім і пра яго захапленне выяўленчым мастацтвам, і пра зорныя ролі, і пра Купалаўскі тэатр, якому ён аддаў 44 гады жыцця.

Фама Сільвестравіч, я збіўся з ліку, спрабуючы падлічыць усе тэатры, дзе вы працавалі перад тым, як абжыцца ў Купалаўскім. Вы так доўга шукалі свой тэатр?

Атрымліваецца, што так. Пасля заканчэння Тэатральна-мастацкага інстытута ў 1961 годзе мы ўсім курсам паехалі ў Віцебск. Засталася ў Мінску толькі будучая народная артыстка Беларусі Бэла Масумян. А ў віцебскім БДТ-2 якраз ставілі «Злачынства і пакаранне» паводле Дастаеўскага, і мне з ходу прапанавалі галоўную ролю. Роля найскладанейшая, а мне было ўсяго 23 гады! Як увайсці ў вобраз Раскольнікава, які ўявіў сябе звышчалавекам, для якога нейкая там бабуля нічога не вартая? І я хадзіў ноччу па старых віцебскіх вуліцах з сякерай пад пахай, падымаўся па лесвіцах, падыходзіў да дзвярэй. Уяўляў, як буду замахвацца…

Сёння немагчыма ўявіць, каб хтосьці з акцёраў ажно гэтак уваходзіў у ролю.

А я менавіта так і ўваходзіў. Мала таго, паехаў у Ленінград, абышоў усе мясціны, звязаныя з Дастаеўскім. Нават знайшоў пакойчык на паддашку, куды пісьменнік пасяліў Раскольнікава. Помніце яго словы: «Стварэнне я дрыжачае ці права маю»? Права на што? На забойства. Ні больш ні менш. І яшчэ адна фраза адтуль: «Хто ж у нас на Русі сябе Напалеонам цяпер не лічыць?» Хіба гэта для нас сёння не актуальна? Хіба адзін беларускі палітык не стаў на шлях Раскольнікава, не ўявіў, што ён звышчалавек, а ўсе астатнія – заср…цы?

Наўрад ці той палітык Дастаеўскага чытаў. У яго гэта само па сабе атрымліваецца.

Дык у тым і сіла пісьменніка, што ён намаляваў такі тып. Карацей кажучы, сыграў я Раскольнікава і атрымаў прэмію за лепшую мужчынскую ролю сезона. Пасля прэм’еры да мяне падышоў Фёдар Шмакаў, народны артыст БССР, паглядзеў мне ў вочы і сказаў: «Ну ты і шэльма! Я гадамі марыў гэту ролю атрымаць, а ён прыехаў, сыграў і прэмію атрымаў». Да мяне адразу дайшло, што ў віцебскім тэатры мне больш нічога не свеціць. І мы з жонкай (яна таксама акцёрка) паехалі ў Калугу, стаў я там працаваць. Мяне ў мясцовым тэатры добра прынялі, неблагія ролі даставаліся, але – жыць няма дзе, да таго ж галадуха. У магазінах толькі гарэлка, кілька ў тамаце і хлеб з гарохам. Мы той хлеб елі і жартавалі: пад гарохавы салют весялей да камунізму ісці! Паехалі мы ў Сыктыўкар…

Туды людзей пры Сталіне ссылалі, а вы добраахвотна?

Мы з жонкай паехалі добраахвотна. У Сыктыўкарскім тэатры я сыграў у «Паднятай цаліне» і засумаваў. Зразумеў: не маё гэта, не маё. І паляцеў у Талін, дзе ў тэатры за 5 гадоў выканаў 24 ролі. Потым яшчэ Львоўскі тэатр быў і яшчэ тры. Усяго восем. Гэта далёка не рэкорд. Інакенцій Смактуноўскі ў 18 тэатрах працаваў.

Дарэчы, яго сапраўднае прозвішча Смактуновіч, з беларусаў паходзіў.

Перахрысцілі Інакенція Міхайлавіча ў Нарыльскім тэатры, ён сам пра гэта ўспамінаў.

А якія свае ролі з асаблівай цеплынёй прыгадваеце?

Настаўніка ў «Безыменнай зорцы» і Кляона ў «Забыць Герастрата». А ўвогуле ў Купалаўскім за сорак чатыры гады я сыграў 67 роляў, без работы не сядзеў. А якія партнёры па сцэне ў мяне былі! Стэфанія Станюта, Генадзь Аўсяннікаў, Віктар Тарасаў – я з ім не адну ролю сыграў у пары, таго ж Кляона. Неяк сяджу дома з карэспандэнтам, які прыехаў пісаць пра мяне ажно з Уладзівастока – з бутэлькай сібірскай гарэлкі і вялікай чырвонай рыбінай. І раптам – званок з тэатра: «Фама, тэрмінова ў тэатр! Тарасаў п’яны, не можа іграць». Я зірнуў на гадзіннік – першы акт прайшоў. А пляшка на стале ўжо амаль пустая. Што рабіць? Лячу ў тэатр, на мяне хуценька тарасаўскую хламіду накідваюць. Выйшаў я, дайграў. Ідзём са сцэны, і я гавару: «Гледачам сёння пашанцавала – двух паддатых Кляонаў убачылі».

І часта даводзілася вам проста з застолля – на сцэну?

Не, гэта ўсё ж быў выключны выпадак. Пасля спектакля ці здымак – іншая справа. Памятаю, здымаліся са Станютай і вызваліліся пазнавата. Запрасіла мяне дахаты на каньячок, пасля гарэлкі дабавілі. Дома жонка пытаецца: «Ты з кім напіўся?» «Са Станютай», – кажу. У яе гэта ў галаве не ўкладвалася…

О, Станютка – гэта шэдэўр! Неяк мы загаварылі з ёй пра коней. «У майго першага мужа быў Віхор – не конь, а казка!» – «А хто ваш муж быў?» – «Камандуючы коннымі войскамі». – «А прозвішча?» – «Ат, не памятаю ўжо!» – і смяецца. А мянушку каня памятала…

І з Галінай Макаравай мы сябравалі. Аднойчы былі на кіназдымках у Лошыцы. А яна кветкавод – заядлы. І раптам праз сетку пабачыла чорныя цюльпаны. «Хачу сабе такія!» Што рабіць? Я кажу: «Паглядзі, каб ніхто не ішоў». Праз сетку пераскочыў, выдраў некалькі цыбулін і аддаў ёй.

Варанецкі цюльпаны краў, а Макарава вартавала?

На шухеры стаяла! Потым яны ў яе на дачы раслі. А вось яшчэ адна гісторыя. На нейкіх здымках Макаравай трэба было прыпеўкі ў кадры выканаць. Рэжысёр ёй: «Галіна Кліменцьеўна, вы помніце што-небудзь вясёленькае? Можаце праспяваць?» – «Лёгка!» – «Увага, камера, матор!» І Макарава заспявала: «Дзед боб малаціў, / баба падсявала. / Дзед бабу папрасіў, / баба не давала. / «Калі мне не даеш, / не давай нікому, / Затыкай кулаком / ды ідзі дадому!» Рэжысёр аслупянеў, усе на пляцоўцы жываты надарвалі ад смеху. Вось што значыць сапраўдная народная артыстка!

Разам з Рыгорам Барадуліным вы выпусцілі кнігу шаржаў і эпіграм «Неакадэмічная калода». Эпіграмы там на дыфірамбы падобныя, а шаржы часам карыкатурныя. Калегі на вас не крыўдавалі?

Не, я ж маляваў на рэпетыцыях, з натуры. Помню, прынёс свае шаржы Барадуліну ў выдавецтва гадзін у дзевяць раніцы, а ў дзесяць ужо ўсе выдавецкія работнікі рагаталі ад яго эпіграм. Рыгор быў геніем ва ўсіх жанрах. У метро з ім сустрэліся. «Як там мой землячок?» (Яны з Генадзем Гарбукам з Ушаччыны.) «Нармальна, – кажу, – днямі пінжачок канадскі купіў». – «О, пінжак канадскі, а нораў ушацкі!» З ходу ў яго рыфмы нараджаліся.

У вас не кватэра, а мастацкі музей, усе сцены ў карцінах! Маляванне для вас стала галоўным заняткам?

Я з юнацтва марыў стаць мастаком, хацеў у мастацкае вучылішча паступаць. Пасля з многімі мастакамі сябраваў, з Пятром Драчовым, з Марачкіным. Калі канчаткова выйшаў на пенсію, ува мне, відаць, ажыў нерэалізаваны мастак. Малюю кожны дзень. Толькі за апошнюю зіму больш за 120 карцін атрымалася.

Фама Варанецкі: «Купалаўцы павінны быць на Радзіме!»
З А.Марачкіным і прыхільнікамі пасля імправізаванай выставы

Нішто сабе! Вашай працавітасці любы творца пазайздросціць. Можна прыватную галерэю адкрыць, пакупнікі знайшліся б.

Свае творы я пераважна дару сябрам. Помню, прыйшоў да мяне Міхась Стральцоў, доўга разглядаў мае акварэлі. Перад адной спыніўся надоўга, памаўчаў. А маўчаў ён незвычайна, так, што заслухаешся! Сюжэт акварэлі быў такі: сярод палёў, каля возера – вёсачка, а высока ў небе бусел адлятае ў вырай. Міхась нарэшце прамовіў: «Гэта пра мяне». На што я адказаў: «Акварэль твая – забірай». Карціна тая потым упрыгожвала кабінет Міхася, а ў дзень яго смерці ў Бараўлянах звалілася са сцяны і разбілася на драбнюткія аскепкі.

Вашым домам сорак чатыры гады быў Купалаўскі тэатр. Як вы ўспрынялі ўсё тое, што там адбылося?

Адбылося самае страшнае, што магло адбыцца з тэатрам. Ён загінуў. Вінаваты ўсе, пачынаючы ад Лукашэнкі і заканчваючы дырэктарам тэатра. Артысты – людзі складаныя, вядомыя, іх ведаюць людзі. Трэба было з імі гаварыць. Гаварыць! Дамаўляцца! Потым, навошта было бел-чырвона-белы сцяг на тэатры вывешваць?

Ды ўвесь Мінск тады ў сцягах быў!

Тэатр усё ж дзяржаўны, ды і пра месцазнаходжанне яго не забывайце. Зразумела, артысты – людзі чуллівыя, спагадлівыя. Пабачылі, як людзей на вуліцах лупяць, і – ах, мы супраць гвалту, ах, мы ўсе падамо заявы! А што будзе з тэатрам – хто-небудзь падумаў? З тэатрам, які 100 гадоў выдатна працаваў. Там цяпер набралі студэнтаў з Інстытута культуры – усё гэта нейкая мастацкая самадзейнасць.

Дык а што мусілі рабіць купалаўцы – змірыцца і маўчаць?

Ёсць вялікае слова «цярпенне». Цярпіць і трывае ўвесь народ, з кім ні пагавары. Супраць каго яны выступілі? Супраць чалавека з аўтаматам? А ў іх кулямёт быў? Не было… Пасля ўсяго да мяне прыходзіў мой вучань Раман Падаляка, таленавіты акцёр і рэжысёр. Мы з ім доўга размаўлялі, і ён са мной пагадзіўся.

Фама Варанецкі: «Купалаўцы павінны быць на Радзіме!»
З вучнем Раманам Падалякам

Новая мастацкая кіраўніца Вольга Няфёдава публічна назвала акцёраў-пратэстоўцаў здраднікамі.

Здраднікі якраз яны – тыя, што засталіся. А засталіся самыя баязлівыя: Валодзя Рагаўцоў, Тамара Міронава, Зінаіда Зубкова – яна заўсёды была пры службах адпаведных.

І Генадзь Аўсяннікаў з баязлівых?

Ён застаўся не таму, што баязлівы, а таму, што стары ўжо, нямоглы. Які з яго змагар? І заўсёды ён быў убаку. Такая тыповая беларуская натурка – мая хата з краю. Што да Няфёдавай, то яе цягне зусім у іншы бок. Вось нядаўна брала ўдзел у адкрыцці ў Маладзечне гарэлачнай крамы. Вось гэта – яе. А не тэатр.

Аўсяннікаў у адным з інтэрв’ю прызнаўся, што не разумее тых, хто выйшаў пратэставаць. Маўляў, парадак на вуліцах, у крамах прадуктаў поўна, чаго ім яшчэ трэба?

Чалавеку многае трэба, не толькі каўбаса на стале. Купала пра гэта вычарпальна сказаў: «Хто ты гэткі?» – «Свой, тутэйшы». – «Чаго хочаш?» – «Долі лепшай». – «Якой долі?» – «Зямлі, волі!» Вось вам і адказ.

На гэты верш Сяргей Міхалок выдатную песню напісаў. Дарэчы, і ён з’ехаў ва Украіну. Вы шмат гадоў выкладалі ў Акадэміі мастацтваў. Ёсць кім з вучняў паганарыцца?

Ёсць. Мае найлепшыя вучні – тыя ж Раман Падаляка, Іван Трус, Міхась Зуй – выдатны акцёр. Неяк Мікалай Пінігін мяне сустрэў і гаворыць: «Хутка я ў Купалаўскім усіх тваіх вучняў збяру». З дзяўчат назаву Вераніку Пляшкевіч – таленавітую ва ўсіх сэнсах. Праўда, працуе пераважна ў кіно, ужо больш за сотню роляў сыграла.

Ужо другі год мы жывём, «под собою не чуя страны». Як мы павінны змяніцца, каб і краіна змянілася?

Нам усім трэба паразумнець і падабрэць. Беларусы, на жаль, нядобрыя сталі, злыя. А зло адпіхвае, са злом у душы далёка не зойдзеш. Вось чаму таго ж Смактуноўскага гледачы любілі? Бо з ім на сцэне была сама дабрыня. Яго і ў тэатрах, дзе ён працаваў, за гэта не цярпелі. Адзін з яго калег успамінаў: «Як так? Мы – знакамітыя, мы – народныя, мы стараемся, а ўсе гледачы глядзяць у адну кропку – на Смактуноўскага!» Так і мы павінны дзейнічаць – з дабрынёй у душы. Падабрэем – і ўсё ў нас атрымаецца.

Публікацыя – з № 73 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: