Кацярына Карпіцкая

Журналістка «Нашай нівы» Кацярына Карпіцкая правяла месяц у зняволенні ў турме на Акрэсціна і расказала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку пра жахлівыя ўмовы для палітычных вязняў.

Ад фармату відэаінтэрв’ю давялося адмовіцца, бо Кацярына дагэтуль не акрыяла пасля хваробы, выкліканай нечалавечымі ўмовамі, і з цяжкасцю можа гаварыць.

У размове са “Свабодай” Кацярына расказвае пра абставіны затрымання, падае болей дэталяў пра здзекі за кратамі, расказвае пра бацьку і брата, якія падтрымліваюць Лукашэнку і лічаць яе саму вінаватай у затрыманні, а таксама пра тое, чаму палітвязні перадаюць на свабоду пазітыўныя мэсіджы.

Сцісла:

  • Для мяне было пытаннем, ці варта расказваць усё. Але пра гэта мяне прасілі жанчыны, дзяўчаты, якія засталіся там. Гэта іх просьба: быць іх голасам, не маўчаць.
  • Аднойчы адзін з супрацоўнікаў прагаварыўся: вам нічога не паложана, таму што вы «бчб». То бок яны наўмысна вылучаюць тых, хто з артыкуламі 24.24, 24.3, 19.11, у асобную катэгорыю.
  • А каб легчы спаць на падлогу, мы ўвогуле праяўлялі звышздольнасці: гэта нагадвала нейкі чалавечы тэтрыс – тут падабраць ногі, там скурчыцца, там залезці пад шконку так, каб ногі сукамерніцы леглі каля тваёй галавы.
  • Бацька – былы начальнік крымінальнага вышуку, падтрымлівае Лукашэнку па сёння, малодшы брат служыў ва ўнутраных войсках. Для іх я жыву няправільна, ганебна і сама вінаватая ў тым, што апынулася за кратамі.

«Я купіла белую хрызантэму ў пераходзе, але нават не паспела з ёю выйсці, як мяне затрымалі»

– Ваш пост у Фэйсбуку прачытала вельмі шмат людзей, сотні чалавек падзяліліся ім. Для многіх гэта было сапраўдным шокам. Раскажыце, як вы трапілі на Акрэсціна і з чым там сутыкнуліся?

– Мяне затрымалі зранку 14 жніўня. Гэтым разам можна сказаць, што я падставілася сама. Хоць гэта, канечне, груба. Увесь тыдзень напярэдадні я рабіла гутаркі, матэрыялы да гадавіны падзеяў паслявыбарчага жніўня-2020. Асабліва моцнае ўражанне на мяне зрабіла гісторыя параненага 10 жніўня кіроўцы Паўла Сібілёва, які працаваў у той вечар, а ў спіну яму прыляцелі гранаты і кулі. Я наведвала Паўла ў вайсковым шпіталі яшчэ ў жніўні 20-га. Тады яму было цяжка, у спіне – дзірка, на якую перасаджвалі скуру з нагі, ён ня мог рухацца. Але ён выглядаў досыць бадзёра, і верылася, што ён хутка адновіцца. Аднак праз год сустрэчы з ім я ўбачыла сівога мужчыну з кійком у руцэ, рука паралізаваная, ногі і спіна баляць. Да наступстваў раны дадалася анкалагічная хвароба. А ў яго малодшы сын ідзе ў першы клас…

Я неяк прызвычаілася да такіх гісторый па-журналісцку ставіцца цвяроза, як да працы, бо інакш немагчыма пісаць пра гэты чалавечы боль штодзённа. Але тут на мяне накаціла, мяне ванітавала ўсе дні. Было цяжка. Я пачала дапамагаць усім гэтым сем’ям, чым магла. І зранку 14 жніўня, праязджаючы міма Пушкінскай, згадала, што ўдава Тарайкоўскага аднойчы казала, што ёй прыемна бачыць на Пушкінскай кветкі: такім чынам яна ведае, што людзі памятаюць.

Я купіла белую хрызантэму ў пераходзе, але нават не паспела з ёй выйсці, як мяне затрымалі. АМАП дзяжурыў там суткамі, як я пасля даведалася (мяне дагэтуль бамбіць ад таго, на што ідуць нашы падаткі – на адлоў людзей з кветкамі ў руках на Пушкінскай, і гэта толькі адзін ганебны факт). Ня выключана, што працягвае дзяжурыць і цяпер. У судзе ілжэсведка сказаў, што я правяла пікет супраць дзейнай улады.

Мне далі 30 сутак, таму што раней на працягу году мяне ўжо затрымлівалі, і я адбывала суткі за працу журналісткай на жаночым дэмаршы: у мяне была трэцяя частка артыкула 24.23 КаАП.

Журналістка распавяла пра затрыманне за кветку ў руках, катаванні за кратамі і сямейную трагедыю
Суд над Кацярынай Карпіцкай праз скайп

Толькі за пару сутак у ІЧУ я паспела «зарабіць» сабе цыстыт: было вельмі холадна. Але там хаця б драўляныя ложкі. У ЦІП умовы былі яшчэ горшыя: спачатку халодная перанаселеная камера, дзе вы вымушаныя спаць на падлозе ў тонкім адзенні. Каб сагрэцца, мы абдымаліся, прачыналіся ноччу і рабілі фізічныя практыкаванні. Набіралі ў пластыкавыя бутэлькі гарачую ваду і клалі яе паміж ног, каб неяк грэцца.

А 2 і 4 гадзіне ночы нас пастаянна падымалі на пераклічку. Трэба было падняцца і назваць сваё прозвішча, імя, імя па бацьку. Пераклічкі былі таксама два разы на дзень – падчас іх нас выводзілі на калідор, абмацвалі, усе рэчы ў камеры «ператрахвалі» – раскідвалі па падлозе рэшткі хлеба, напрыклад (ноччу ён, сплеснелы, служыў некаторым дзяўчатам падушкай). У адзін з такіх шмонаў у нас забралі частку пластыкавых бутэлек, таму што яны стаялі на падлозе, а ня ў тумбачцы (хоць у тумбачку яны банальна ня лезлі, бо камера разлічаная на 2 чалавек, а там было ад 8 да 20 у пікавы момант). Бутэлькі ж там на вагу золата: з іх і п’еш гэтую ваду з-пад крана, і мыешся пасля над дзіркай у падлозе – прыбіральняй. Ну, і ноччу абдымаеш яе, каб грэцца.

У камеры суткамі гарэла яркае штучнае асвятленне, якое моцна рэжа вочы.

Калі нас перавялі ў камеру № 15 на трэцім паверсе з забітым наглуха акном, там ужо была страшэнная задуха ўдзень. Пры гэтым нам імкнуліся зачыніць «кармушку», праз якую ў камеру мог паступаць хоць нейкі кісларод. У такіх умовах, у перанаселенай камеры, усе хутка пачыналі хварэць. Я нажыла фарынгатрахеіт, які лячу і сёння. Усе выйшлі адтуль з каронавірусам. Многія пераносілі яго складана ў засценках – але дактары лечаць гэта там, у асноўным, парацэтамолам. Пра нейкую ізаляцыю хворых і гаворкі ня можа быць. Наадварот, да нас спецыяльна падсаджвалі людзей бязь месца жыхарства, у якіх былі выразныя іншыя хваробы – педыкулёз, грыбок, нейкія язвы на скуры.

Ні разу за месяц нас не звадзілі ў душ ці на шпацыр. Не перадалі ніводнай перадачы, хоць усё гэта павінна быць паводле правілаў утрымання адміністрацыйна асуджаных. Калі я прасіла дзяжурных прынесці дзяўчатам хаця б цёплыя рэчы (некаторых затрымлівалі ў тонкіх майках пасля басейну, нехта быў з лецішча, нехта – з працы, у адной спадніцы і блузцы) – чула, што гэта «не положено». Кім? На гэта я таксама не пачула адказу. Што і казаць, калі мы суткамі выбівалі з асабістых рэчаў хаця б батарэйку для дзяўчыны са слыхавым апаратам. Толькі адзін дзяжурны злітаваўся над ёю на чацвёртыя суткі нашых просьбаў.

Варта адзначыць і якасць харчавання. Вядома, я старалася есці ўсё, каб выжыць і зусім ня злегчы. Нават хлеб, які ўжо прыносілі з цвіллю. Але калі ўлічваць, што суткі харчавання каштуюць 14.50 (за месяц – гэта больш як 400 рублёў на чалавека), а табе на сняданак і абед прыносяць палову кубка гарбаты, а суп часам – гэта проста вадзічка і некалькі макаронін-бульбін, то ўзнікае шмат пытанняў. Чаму за такія грошы нельга забяспечыць людзей хаця б дастатковай колькасцю гарачых напояў? На жаль, вада з-пад крана на Акрэсціна настолькі хлараваная, што ў многіх адразу пачыналася пякотка. Я ўжо маўчу, што з харчаваннем на слізкіх кашах і дрэнным хлебе і без магчымасці рухацца хаця б па камеры людзі тыднямі не маглі схадзіць у прыбіральню па-вялікаму, ва ўсіх у прамым сэнсе пухлі страўнікі.

«У некаторыя змены трапляліся адэкватныя супрацоўнікі, якія будзілі ня так агрэсіўна ноччу»

– Кіберпартызаны нядаўна распаўсюдзілі аўдыязапіс адной з размоваў міліцэйскіх начальнікаў, з якой вынікае, што загады стварыць нечалавечыя ўмовы – пачынаючы ад таго, каб спецыяльна прыбраць матрацы, і да колькасці людзей у камерах – паступаюць ад самага вышэйшага кіраўніцтва. На ваша ўражанне, ці дэманстратыўна за кратамі ствараюцца нечалавечыя ўмовы? Ці паведамляюць пра гэта вязням наўпрост, каб ведалі, за што і чаму?

– Калі нас перакідалі з камеры ў камеру, мы бачылі, што ў ЦІП хапае свабодных камер, але нас наўмысна вялікай групай трымалі ў двухмеснай. Яна была 3 на 4 мэтры прыблізна, і там нельга было ня тое што хадзіць, рассесціся было складана. А каб легчы спаць на падлогу, мы ўвогуле праяўлялі звышздольнасці: гэта нагадвала нейкі чалавечы тэтрыс – тут падабраць ногі, там скурчыцца, там залезці пад шконку так, каб ногі сукамерніцы леглі каля тваёй галавы.

Аднойчы адзін з супрацоўнікаў прагаварыўся: вам нічога не паложана, таму што вы «бчб». То бок яны наўмысна вылучаюць тых, хто з артыкуламі 24.24, 24.3, 19.11, у асобную катэгорыю. Гэта відавочна. Гэта падкрэслівалася, і калі да нас падсялялі тых жа жанчын з вуліцы – дзяжурны мог сказаць гучна: «Вам можна ўсё, Ала Іллінічна, і ляжаць днём нават, а гэтым – не».

У камеры насупраць сядзелі мужчыны за бойкі і дробныя крадзяжы, але іх вадзілі і ў душ, і на шпацыры (нават пакурыць). У іх былі ў камерах шашкі, кніжкі, перадачы. То бок зразумела, што вось людзей з так званай «палітычнай» групы наўмысна душаць, ствараюць складаныя ўмовы выжывання, пазбаўляюць іх здароўя. І гэта злачынства. Прычым у мяне ня ўкладваецца тое ў галаве: асуджаныя настаўнікі, аўтары кніжак, музыкі, дактары, праграмісты. Віна іх толькі ў тым, што нехта даслаў рэпост з навінавага сайта (які цяпер прызналі экстрэмісцкім) мужу, нехта быў на вуліцы ў чырвонай сукенцы з белай накідкай. Што, праўда людзі за такое заслугоўваюць, каб іх пазбаўлялі здароўя?

Мне расказвалі гісторыю пра тое, як у ЦІП утрымлівалася выкладчыца Акадэміі кіравання пры прэзідэнце. І вось яна выходзіць на шмон, у калідор, і сустракаецца вачыма са сваім былым студэнтам. Ён апускае вочы. Мяне моцна ўразіла гэтая гісторыя, нікому не пажадаеш. Выкладчыца, дарэчы, сядзела за нейкі стары рэпост у Фэйсбуку з так званага экстрэмісцкага канала. І, вядома, за такое яе хацелі прыбраць з акадэміі – няважна, што яна суперспецыяліст і прафесіянал.

Варта, канечне, адзначыць, што ў некаторыя змены трапляліся адэкватныя супрацоўнікі, якія будзілі ня так агрэсіўна ноччу. Маглі пакінуць на дзень кармушку адкрытай. На дзень гораду затрыманым пенсіянеркам увогуле прынеслі пару зубных шчотак з асабістых рэчаў. То бок і ў той сістэме ёсць больш чалавечныя элементы. Часам гэта маладыя хлопцы, учорашнія выпускнікі. І мне вельмі страшна, што і яны хутка перастрояцца і стануць такім ж жорсткімі, гатовымі здзекавацца, як іх старэйшыя калегі. Што яны навучацца злу.

Дарэчы, супрацоўнікаў РУУС і ЦІП праца «кіберпартызанаў» і факт існавання «Чорнай кнігі» вельмі злуе. Пра гэта яны пастаянна згадвалі.

Журналістка распавяла пра затрыманне за кветку ў руках, катаванні за кратамі і сямейную трагедыю
Кацярына Карпіцкая выходзіць з турмы на Акрэсціна

«Мяне дакладна не адпускае, як да маіх затрыманняў ставяцца бацька і малодшы брат»

– Як вы сябе адчуваеце фізічна і маральна пасля выхаду з турмы, умовы ў якой па ўсіх міжнародных стандартах можна называць катаваннямі?

– Мне здаецца, маральны нейкі ўплыў я яшчэ адчую. Пакуль я разбіраю працоўныя і побытавыя пытанні, якія наваліліся за месяц, і аднаўляю фізічнае здароўе, таму банальна не было часу спыніцца і падумаць: а што ж са мной унутры? Я вымушаная цяпер далечвацца па гінекалагічнай лініі, у мяне фарынгатрахеіт і адсутнасць нармальнага сну. Пасля кароны – проста моцная слабасць і моцны боль у суставах. Пасыпаліся валасы. Спачатку я разрулю дэфіцыты ў арганізме, а пасля падумаю, ці патрэбная мне ўжо будзе псіхалагічная дапамога. Усё ж ранейшыя затрыманні, праца журналістам, дый сітуацыя ў Беларусі цягам апошняга году моцна загартавалі – я гэта выразна адчуваю. Тое, што раней падавалася праблемай, цяпер – нішто і лёгка вырашальна.

Мяне дакладна не адпускае ўжо гадавая сітуацыя таго, як да маіх затрыманняў ставяцца бацька і малодшы брат. Першы – былы начальнік крымінальнага вышуку, падтрымлівае Лукашэнку па сёння, другі служыў ва ўнутраных войсках. Для іх я жыву няправільна, ганебна і сама вінаватая ў тым, што апынулася за кратамі. І працую ня там, дзе варта было б. Мы не камунікуем амаль год, зусім, і гэта, канечне, балюча. Я ведаю шмат такіх сямейных трагедый – вельмі горка, што палітычныя погляды могуць уплываць на сямейныя стасункі.

«Маўчанне распускае злу рукі. Гэта маё асабістае перакананне і досвед, атрыманы за гады працы»

– Мы чуем ад адвакатаў палітвязняў, з лістоў палітвязняў, што яны трымаюцца, захоўваюць бадзёрасць, сілу духа, нават гумар часам. Натуральна, гэта дапамагае ім выжыць, і гэтыя пасланні яны робяць для тых, хто на свабодзе. Тое, што напісалі вы, шакавала многіх, бо палітвязні, магчыма, ня хочуць у сваіх пасланнях палохаць блізкіх, ня хочуць скардзіцца, дый цэнзары такое не прапусцяць. Як вы лічыце, чаму варта ўголас расказваць пра ўсе жахі цяперашняй турмы? Ці ня варта? Ці гэта можа дэмаралізаваць, напалохаць людзей?

– Варта ўсё ж адрозніваць умовы палітвязняў і адміністрацыйна асуджаных – гэта крыху розныя рэчы. Першыя сядзяць даўжэй, але маюць хоць нейкую сувязь са светам, адваката, перадачы. У другіх тэрмін можа працягвацца некалькі месяцаў, у залежнасці ад колькасці пратаколаў, якія захочуць накінуць. Але ў нас там была поўная інфармацыйная ізаляцыя і ніякіх сігналаў з «таго» свету, нават у выглядзе цукеркі.

Вядома, мы таксама стараліся захоўваць бадзёры настрой, толькі так можна выжыць. Гулялі ў гульні, у якія можна гуляць без рухаў і рэчаў – тыпу «Мафіі» ці «Адгадай мелодыю», «Ёсць кантакт», «Гарады», расказвалі вершы на памяць. І калі нехта выходзіў на волю, мы прасілі таго чалавека завучыць на памяць тэлефон сваяка і перадаць, што ўсё гуд. Каб тыя, хто на волі, не перажывалі. Месыдж таксама быў пазітыўны, бо родным на волі яшчэ цяжэй, чым затрыманым, менавіта маральна. І ў лістах, калі б у нас быў да іх доступ, мы б таксама наўрад ці моцна пужалі.

Для мяне было пытаннем, ці варта расказваць усё. Але, па-першае, пра гэта мяне прасілі жанчыны, дзяўчаты, якія засталіся там. Гэта іх просьба: быць іх голасам, не маўчаць, бо самі яны могуць не наважыцца напісаць нават скаргу. Многія сапраўды баяцца волі і невядомасці, таго, што да іх прыйдуць наноў. Па-другое, як журналіст я заўсёды за праўду (калі хочаце, лічыце маю адседку складаным журналісцкім жанрам – выпрабавана на сабе, рэпартажам з першых вуснаў), і як чалавек – за тое, каб ніколі не замоўчваць праблемы, бо інакш яны будуць толькі пладзіцца. Маўчанне распускае злу рукі. Гэта маё асабістае перакананне і досвед, атрыманы за гады працы.

Журналістка распавяла пра затрыманне за кветку ў руках, катаванні за кратамі і сямейную трагедыю
Кацярына Карпіцкая

Я цяпер бачу, што нават мой кароткі пост напалохаў кагосьці з сяброў, знаёмых. Мне хацелася гэтага менш за ўсё. На жаль, людзі з сістэмы менавіта гэтага і хочуць – каб мы баяліся, каб маўчалі. Але мы ня можам даць ім такі падарунак, трэба фіксаваць усе факты злачынстваў і парушэнняў хаця б для будучыні. Хай сёння на маю скаргу ў органы, тую ж пракуратуру не адрэагуюць – дадуць адпіску, але скарга будзе задакументаваная, мне будзе чым апераваць у будучыні, калі законы будуць працаваць. І чыноўнікі адкажуць у тым ліку за службовую халатнасць, бяздзейнасць.

– Ці ў бяспецы вы? Якая дапамога вам патрэбная?

– Буду верыць, што так, што ў бяспецы. Галоўная дапамога, пра якую я магу прасіць усіх сёння, – гэта не баяцца, не паддавацца параноі і працягваць рабіць добрыя малыя рэчы штодзень. Паведамляць, хай і ананімна, журналістам факты злачынстваў з боку сілавікоў і чыноўнікаў. Пісаць лісты палітвязням, дасылаць ім невялікія грашовыя пераводы і пасылкі да суду. Дапамагаць суседзям у бядзе. Не пераходзіць на бок зла.

«Месяц у зняволенні пераканаў мяне, што я на правільным баку, што мы за дабро»

– Вязень сталінскіх лагераў Варлам Шаламаў, які шмат гадоў правёў у жахлівых умовах у лагеры на Калыме і выжыў, пісаў пазней, што «ніводзін чалавек не становіцца ні лепшы, ні мацнейшы пасля лагеру, што лагер – адмоўны вопыт, адмоўная школа, разбэшчванне для ўсіх – для начальнікаў і зняволеных, канваіраў і гледачоў, мінакоў і чытачоў белетрыстыкі». Ці згодныя вы? Ці вынеслі вы як журналістка, як жанчына, як грамадзянка Беларусі нешта станоўчае ці нейкую важную жыццёвую выснову з гэтага месяца за кратамі?

– Вядома, што лагер, СІЗА і нават ізалятар нікому не прыносяць карысці. Тым больш калі з законапаслухмяным чалавекам абыходзяцца, як са скацінай, – гэта, як ні круці, падрывае веру ў справядлівасць, у людзей. Падрывае тое ж здароўе.

Але я ўсё ўспрымаю як досвед. І гэты месяц у зняволенні як мінімум пераканаў мяне ў тым, што я на правільным баку, што мы за дабро. Што пакутуюць невінаватыя, найлепшыя людзі, і так не павінна быць. Гэта толькі дае сілы не апускаць рукі і рабіць хоць нешта, каб катаванні беларусаў у турмах і на Акрэсціна скончыліся і больш ніколі не паўтарыліся.

А яшчэ зноў пацвердзіўся факт неймавернасці нашых жанчын. Калі мяне затрымлівалі, адбіць мяне ад амапаўца спрабавалі менавіта жанчыны – маладыя і старыя. Яны атачылі чалавека без формы, і мы дамагліся, каб ён прадставіўся і паказаў дакументы.

Поделиться ссылкой: