Дзяніс і Вольга Івашыны

Жонка гродзенскага журналіста-фрылансера распавяла, што сувязь з Дзянісам практычна адсутнічае.

Нагадаем, што Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка паводле арт.365 Крымінальнага кодэкса – «Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў».

Днямі стала вядома, што яму выстаўлены яшчэ два новыя абвінавачанні: у здзяйсненні менш цяжкага і асабліва цяжкага злачынстваў. Праўда, не ўдакладняецца, што гэта за абвінавачанні.

– З ліставаннем сітуацыя крыху палепшылася, прынамсі да Дзяніса мае і ад мамы лісты сталі даходзіць, – кажа Вольга Івашына, жонка журналіста. – А вось з ізалятара стандартна – раз у месяц. Акрамя таго, стала вядома, што мужу вяртаюцца шматлікія лісты, якія ён адпраўляе на волю.

Блакада лістоў – гэта, відаць, такая стандартная працэдура, каб прымусіць зняволенага да супрацоўніцтва са следствам. Магчыма, каб блізкія паўплывалі на чалавека, давялі, што варта ўзяць віну на сябе. Але я ведаю Дзяніса – ён на здзелку з сумленнем ніколі не пойдзе.

Паводле слоў Вольгі Івашынай, муж сумуе і піша, што бавіць час як толькі можа, бо ў ізалятары няма чым заняцца.

– Перадачы прымаюць, тут ніякіх праблем няма, – дадае Вольга. – Практычна ўсё перадаём, што дазваляецца. Лекі яму перадавалі, бо, як вядома, мы даведаліся, што ў Дзяніса ёсць праблемы з сэрцам. Ставіцца папярэдні дыягназ «ішэмічная хвароба», але патрэбна абследаванне, якое, думаю, у ізалятары не зробяць.

Публікацыя – з № 72 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: