Валерый Костка

Што змянілася ў жыцці падпалкоўніка ў адстаўцы Валерыя Косткі пасля таго, як яго спецыяльным прэзідэнцкім указам пазбавілі воінскага звання?

Якую пенсію ён цяпер атрымлівае?

І як адрэагаваў суд на скаргу Косткі з нагоды пазбаўлення звання?

Пра гэта і не толькі ён распавёў «Народнай Волі».

– Ну як змянілася маё жыццё? Ніяк: як працаваў, так і працую на ніве сельскай гаспадаркі, – адказвае Валерый Костка на пытанне «Народнай Волі». – Паводле маіх дадзеных, ад пачатку, як з’явіўся гэты ўказ, і да пачатку верасня пенсія практычна ні ў кога не змянілася.

Я 29 гадоў як на пенсіі, у адстаўцы даўно, а мяне звання пазбаўляюць. Ну што гэта зменіць? Я ж не хаджу, зоркі не прыкручваю на сваё цяперашняе рабочае адзенне. Таму гэты ўказ абсалютна нічога не мяняе з пункту гледжання майго жыцця. Я разумею, што, калі прыйдзе нармальная ўлада і ў краіне будуць дзейнічаць законы і захоўвацца правы чалавека, усё стане на свае месцы.

Можа, нехта і хацеў бы, каб я пачаў нервавацца з-за ўсяго гэтага, але я на гэта проста не звяртаю ўвагі. Працую. А час ідзе ў бок светлых сіл, ніколі зло не здолее перамагчы дабро. Таму я спакойны, як удаў.

– У маі як падпалкоўнік у адстаўцы вы атрымлівалі 800 рублёў пенсіі. А зараз?

– Літаральна днямі патэлефанавалі і паведамілі, што пенсію скароцяць. Будуць вылічваць цяпер і тыя грошы, якія чатыры месяцы са дня падпісання гэтага ўказа налічвалі, – агулам каля 500 рублёў недзе. Сказалі, што прыблізна рублёў на 150 зменшыцца пенсія – цалкам прыбяруць надбаўку, якая тычыцца звання.

Я звярнуўся ў суд Ленінскага раёна, бо не згодны з рашэннем аб пазбаўленні мяне звання. Разумею, што ніхто не будзе гэтыя скаргі разглядаць, але гэта яшчэ адзін доказ таго, што ў нас дыктатура, што не існуе незалежных судоў і пракуратуры, якая павінна сачыць за выкананнем законаў. У нас створана класічная дыктатарская сістэма ўлады. І няхай часова ўказы падмянілі законы, але ж законы ніхто не адмяняў, і, калі зменіцца сітуацыя, закон усё роўна запатрабуе адказнасці ад тых, хто яго парушыў. Паміж злачынствам і пакараннем заўсёды існуе сувязь, яна можа расцягвацца па часе, але гэта няважна. Усе адкажуць за парушэнне правоў.

Што гэта за дзяржава, якая не можа выканаць права на жыццё, не кажучы ўжо пра права на мірны пратэст, права на атрыманне інфармацыі, права выбіраць і быць абраным, права на незалежныя сродкі масавай інфармацыі, на абарону ў судзе?! Трэба ўсвядоміць, што мы жывём пры дыктатуры і таму апеляваць зараз да Лукашэнкі, патрабаваць ад яго нейкіх дэмакратычных крокаў – гэта абсурд. Такі ж самы абсурд, як і прапаноўваць альтэрнатыўную Канстытуцыю на рэферэндум. Пры дыктатуры няма рэферэндумаў. Гэта гульня ў Канстытуцыю – проста затрымка часу, каб дзень прастаяць ды ноч пратрымацца, больш нічога я тут не бачу.

Мае палітычныя погляды не змяніліся. Я не ўцягнуты ні ў якія палітычныя разборкі, і збоку магу назіраць усе працэсы больш-менш аб’ектыўна. І я добра разумею, што галоўнае пытанне ў цяперашняй сітуацыі – гэта зусім не Лукашэнка, памяняць яго ці не. Галоўнае – гэта сама сістэма палітычнай улады. Зменіцца сістэма – усё стане на свае месцы, і будуць выбіраць лепшых з лепшых.

Я аптымістычна гляджу ў будучыню. Усё ідзе нармальна, разумею, што працэс гніення – ён не адбываецца за суткі ці двое. У нас некаторыя кажуць: «Рэвалюцыя правалілася». На мой погляд, ніякай рэвалюцыі і не было. Была дэманстрацыя нязгоды і пратэстнага настрою. Безумоўна, у гэтых умовах, калі ўлада не можа нічога прапанаваць, а людзі не хочуць жыць, як прапануе ўлада, наперадзе можа быць нейкая крызісная сітуацыя. І чым мацней зараз гайкі закручваюцца, тым мацней магчымы выбух. Мяне турбуе, што няма жадання ў палітыкаў шукаць мірны выхад з гэтага становішча, ёсць толькі задача на жорсткае ўтрыманне ўлады, а гэта вядзе да супраціву. Усё больш я баюся таго, што жорсткія меры супраць свайго народа народзяць нейкія экстрэмісцкія формы супрацьстаяння. У такім выпадку пераход ад адной сістэмы да другой можа быць і не без крыві. І не народ тут вінаваты. Народ спрабуе вярнуць свае канстытуцыйныя правы. Нас паддурвалі, падманвалі, заманьвалі светлай будучыняй, абяцаючы і па 500, і па 1000 долараў заробку. Людзі верылі. А калі вера закончылася, перспектыў у дыктатуры няма. І тут ніхто не дапаможа, нават Пуцін. Свой лёс беларускі народ будзе вырашаць сам.

– Паводле вашых падлікаў, калі адбудуцца наступныя прэзідэнцкія выбары? У 2025 годзе альбо раней?

– Я аптыміст і веру, што ўсё будзе нашмат хутчэй. Мяркую, выбары могуць адбыцца летам–восенню наступнага года.

Першае і самае важнае, што трэба зрабіць, – вярнуць народу права выбіраць і кантраляваць уладу.

Людзі бягуць з краіны. Я маю зносіны з прадстаўнікамі малога і сярэдняга бізнесу: у многіх думкі толькі пра тое, каб захаваць капітал, некуды яго перавесці і не трапіць за краты. Людзі баяцца нешта рабіць у Беларусі. А калі яны бягуць, то хто будзе плаціць падаткі? Не самыя ж горшыя з’язджаюць! Думаю, у атачэнні Лукашэнкі таксама разумеюць трагічнасць сітуацыі. І прычына тут адна: у нас няма прыярытэту права.

– Які адказ на сваю скаргу вы атрымалі ў судзе?

– У судзе Ленінскага раёна сказалі, што ў маёй скарзе ўтрымліваюцца некарэктныя фразы і выразы. Але я не разумею, што там можа быць некарэктнага? Я звярнуўся да іх з просьбай прызнаць Лукашэнку нелегітымным кіраўніком дзяржавы, а ягоны ўказ – нікчэмным. Між іншым, пры гэтым яны не напісалі, што Лукашэнка – легітымны прэзідэнт.

У судоў увогуле дзіўная пазіцыя.

У жніўні 2020 года Вярхоўны суд адмовіўся разглядаць скаргі на дзейнасць Цэнтрвыбаркама. Тым самым Вярхоўны суд, якому перадалі права вызначыць, хто перамог і ці адбыліся выбары, проста ўхіліўся ад прыняцця такога рашэння.

На мой погляд, нелегітымнасць Лукашэнкі не ў тым, што былі фальсіфікацыі. А ў тым, што выбары не адбыліся. Рашэнне Цэнтрвыбаркама спрабавалі абскардзіць тры кандыдаты ў прэзідэнты. І сам Лукашэнка спачатку называў адну лічбу, з якой ён нібыта перамог, а затым іншую. Атрымліваецца, што нават ён не ведае, колькі дакладна людзей за яго прагаласавала. Права прызначыць прэзідэнта перайшло да Вярхоўнага суда. А Вярхоўны суд у той самы час, калі дзясяткі тысяч чалавек былі на вуліцах, трухануў і заявіў: маўляў, мы не будзем разглядаць гэтую справу. І такім чынам Вярхоўны суд не паставіў кропку ў гэтых выбарах. І таму можна лічыць, што выбары не адбыліся.

Зразумела, што Ленінскі суд мне адмовіў. Я звярнуўся ў Мінскі гарадскі суд і папрасіў, каб мне растлумачылі, што такога некарэктнага ў маёй скарзе. Мінскі гарадскі суд адказаў: маўляў, судовая сістэма ў нас незалежная і мы не можам аказваць ціск на суддзю, таму мы пацвярджаем, што скарга некарэктная, і адмаўляем вам. Я пайшоў у Вярхоўны суд, бо лічу, што ў дадзеным выпадку сур’ёзна парушаны мае правы. Ніхто мяне не судзіў, ніхто мяне не прызнаваў ні ў чым крымінальным. Толькі ў 1998 годзе мяне судзілі за арганізацыю антыфашысцкага маршу, я атрымаў штраф. Але гэта было даўным-даўно. Іншых крымінальных прысудаў у мяне не было, таму не было абсалютна ніякіх падстаў ні для суда, ні для Лукашэнкі пазбаўляць мяне звання. Мяне суд павінен прызнаць у нечым вінаватым і толькі пасля пазбавіць звання. Я маю права на свабоду выказванняў. Але за меркаванне звання не пазбаўляюць. Таму, на маю думку, гэты ўказ – такая дзіўная спроба пацягаць за валасы.

– Ведаю, што вас многія падтрымлівалі…

– Мне з гэтай нагоды столькі людзей пазванілі! Мяне ніколі не віншавалі столькі, нават калі прысвойвалі воінскае званне! Адкуль толькі не тэлефанавалі – і сябры, і з-за мяжы, я ж шмат з кім кантактаваў і ў контрразведцы, і ў Ваеннай акадэміі, сябры па ўсім свеце раскіданы. Памятаю, прачнуўся ў той дзень, а жонка кажа: «Цябе звання пазбавілі…» Я за 28 гадоў ужо забыў, дзе тыя пагоны носяцца…

– Жонка перажывала?

– Ды не. Воінскае званне мае значэнне, калі ты знаходзішся на службе. А так… Да мяне зараз прыязджаюць і генералы, і палкоўнікі, у тым ліку і тыя, хто займае адказныя і вельмі высокія пасады ў Расіі. Мы як сябры гарэлку п’ём – званне цяпер не мае ніякага значэння. Толькі чалавечыя стасункі. Я ні з кім адносін не сапсаваў. Магчыма, не заўсёды супадаюць нашы погляды на жыццё, напрыклад, з тымі ж расіянамі. Імперскасць – гэта ў іх у крыві, але чыста чалавечыя адносіны ў нас добрыя.

Як бы там ні было, Марына, я веру, што наперадзе ў нас будуць змены. Гэта непазбежна. Таму верам, можам, пераможам!

У ТЭМУ

Сяргей АНІСЬКА: «Збіраюся з кепкай і гітарай ісці спяваць на прыступках КДБ»

Падпалкоўнік КДБ у адстаўцы Сяргей Аніська збіраецца ісці ў суд з-за таго, што з кастрычніка ягоная пенсія істотна зменшыцца.

Пра гэта ён распавёў «Народнай Волі».

Валерый Костка: «Сказалі, што пенсія зменшыцца прыблізна на 150 рублёў…»– Маё жыццё змянілася толькі 20 верасня, – гаворыць Сяргей Аніська. – Чатыры месяцы ў мяне з пенсіі нічога не ўтрымлівалі. Мы нават адчувалі сябе крыху няўтульна, бо што гэта такое: прэзідэнт аб’явіў, ва ўказе нашы прозвішчы ёсць, а грошы не забіраюць! Кожны з тых, чыё прозвішча фігуравала ў гэтым указе, маглі сказаць: ну падлы камітэтчыкі, засланыя казачкі!

Першым, у каго пачалі ўтрымліваць грошы з пенсіі, стаў былы начальнік ДАІ Мінска. Таксама адразу пачалі вылічваць у тых, хто звольніўся на знак пратэсту пасля падзей мінулага года. А мы з Валерыем Косткам звольніліся даўным-даўно, мы на пенсіі, як кажуць, ужо болей гадоў, чым жанаты!

І вось 20 верасня раптам у мяне раздаецца званок з пенсіённага аддзела КДБ. Кажуць: маўляў, за чатыры месяцы мы з вас павінны ўтрымаць больш за 500 рублёў, вы нам вінныя. І гэтая жанчына мяне супакойвае: вы не хвалюйцеся, ваша пенсія будзе складаць 1091 беларускі рубель з 1 кастрычніка.

Пенсіі ў нас прыстойныя – тут утойваць няма чаго, тым больш што ў мяне яшчэ «афганскія» налічэнні. Нехта скажа: маўляў, дык пенсія і так нядрэнная. Але мая жонка гаворыць, што раней было лепей. І чаму я павінен губляць грошы, на якія маю законнае права?

Мы з Косткам параіліся і вырашылі, што калі з нас адразу паспрабуюць вылічыць гэтыя грошы, то па рэкамендацыі юрыста Гары Паганяйлы будзем падаваць у суд на гэтыя пенсіённыя аддзелы.

Я кажу Костку: Валера, ну а што нам ужо губляць, пойдзем да канторы, возьмем гітару, побач пакладзём кепку і будзем зашыбаць грошы. Будзем спяваць на прыступках КДБ. Ну а што рабіць? Таму, калі ёсць нехта, хто танна прадае гітару, – скажыце, буду ўдзячны (усміхаецца).

Я ад спадара Лукашэнкі не атрымаў ніводнага звання. Усе свае званні да майора я атрымаў у Савецкім Саюзе, падпалкоўніка мне прысвоіў былы старшыня КДБ Шыркоўскі. Пенсіянерам я стаў тады, калі Лукашэнка толькі прыйшоў да ўлады. На ўсіх маіх пасведчаннях аб медалях таксама няма подпісу Лукашэнкі. Тады пытанне: якое ён мае права пазбаўляць мяне звання?

Ясная справа, што не памром мы без гэтых грошай. Мазгі ёсць, рукі адтуль, адкуль трэба, растуць. Але ж гэта справа прынцыпу!

Публікацыя – з № 72 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: