Купалле талакоўцаў на Іпуці, 2011 год.

Гомельскі абласны суд 15 верасня на падставе іску галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама вырашыў ліквідаваць маладзёжную краязнаўчую грамадскую арганізацыю «Талака» – найстарэйшую ў сучаснай Беларусі недзяржаўную грамадскую арганізацыю.

«Талака... Талока»
У судовай зале. Фота аўтара.

Жывая школа нацыянальнай культуры

«Талака» больш за тры дзесяцігоддзі з’яўлялася брэндам беларушчыны на Гомельшчыне. Яна плённа займалася адраджэннем старадаўніх беларускіх народных абрадаў, збірала фальклор, рэканструявала аўтэнтычныя святы. З ініцыятывы талакоўцаў моладзь збіралася гукаць вясну. Разам спявалі веснавыя песні, пяклі птушак з цеста і на адмысловых коўдрах падкідвалі ўверх – як рабілі продкі. Святкавалі Купалле на беразе Сожа альбо Іпуці, удзельнічалі ў «Пахаванні стралы» ў Стаўбуне і Няглюбцы.

Узімку талакоўцы радавалі гараджан і жыхароў бліжэйшых да абласнога цэнтра вёсак Калядою. 

…Рыпіць пад нагамі снег, марознае паветра студзіць твар. Вухкае бубен, вызвоньваюць пад ягоным вобадам латунныя талерачкі. Шматгалосы спеў разрывае марознае паветра:

Паехала Каляда калядуючы,

Паехала Каляда дый гуляючы.

Дзяўчаты і хлопцы ў нацыянальных строях, Павадыр з Казою, Мядзведзь цешылі землякоў, далучаючы да народных традыцый. Талакоўцы папулярызавалі культуру, гісторыю, краязнаўства.

Узнікла «Талака» ў 1986 годзе, але афіцыйна арганізацыю зарэгістравалі толькі праз 12 гадоў. Яе сябрамі ў розныя часы былі вядомыя рупліўцы беларушчыны: Алесь Яўсеенка, Сяргей Дубавец, Барыс Сачанка, Таццяна Сапач, Алесь Бяляцкі, Сяржук Вінаградаў, Вольга Цярэшчанка, Зміцер Сасноўскі, Яўген Малікаў, Сяргей Балахонаў, Ларыса Шчыракова, Марыся Тульжанкова.

У лепшыя часы талакоўскі касцяк налічваў паўсотні актыўных сяброў, а гуртавалася вакол «Талакі» некалькі сотняў маладзёнаў. Яна стала, па сутнасці, жывой школай для моладзі ў вывучэнні нацыянальнай гісторыі, фальклору, культуры роднага краю.

Апошнія паўтара года ў звязку з пандэміяй СОVID-19 і паслявыбарнымі рэпрэсіямі дзейнасць сяброў «Талакі» запаволілася, стала менш насычанай. Але і сёлета ў студзені яны ладзілі Калядкі, рэпетыцыі народных спеваў.

Звесткі не падавалі

Тым часам галоўнае ўпраўлення юстыцыі Гомельскага аблвыканкама, якое рэгістравала «Талаку», не дачакалася інфармацыі аб дзейнасці арганізацыі, паступленні і расходаванні грашовых сродкаў ды іншай маёмасці – у межах закона «Аб мерах па папярэджанні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння». Але пры чым тут «Талака»? Яна ж, так бы мовіць, не куе не плешча. І праўда, закон рэгулюе адносіны ўдзельнікаў фінансавых аперацый і асоб, якія гэтыя фінансавыя аперацыі ажыццяўляюць. А маладзёжная краязнаўчая арганізацыя ніякіх такіх фінансава-эканамічных аперацый не ажыццяўляе, яна – грамадскае аб’яднанне. Аказваецца, на тое быў падзаконны акт – пастанова Міністэрства юстыцыі ад 30 кастрычніка 2020 года №153-1 «Аб інфармацыі пра дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў і фондаў».

Што сапраўды не зрабіла «Талака», дык гэта не падала інфармацыю пра сваю дзейнасць за 2018–2019 гады і пра членаў выбарных органаў. Гэтага патрабуе артыкул 24 Закона «Аб грамадскіх аб’яднаннях». Галоўнае ўпраўленне юстыцыі сёлета ў чэрвені накіравала радзе ГА «Талака» ліст аб неабходнасці ліквідаваць дапушчанае парушэнне. І тут выйшла накладка. Ліст быў дасланы членам рады папярэдняга складу. Кіраваў арганізацыяй ужо не Зміцер Кірэенка. І маршалак «Талакі» быў іншы. Абноўленых звестак ва ўпраўленні не было – талакоўцы не падалі.

9 ліпеня начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Аляксандр Ткачоў сваім загадам №83 вынес пісьмовае папярэджанне грамадскаму аб’яднанню. А ў хуткі часе ў абласны суд за яго подпісам паступіў іск на ліквідацыю «Талакі».

На судзе цяперашні кіраўнік маладзёжнай краязнаўчай арганізацыі Пётр Цалка прызнаў прэтэнзіі рэгіструючага органа. Пра папярэджанне ён даведаўся ад паплечнікаў, якія атрымалі лісты з упраўлення юстыцыі. Тэлефанаваў туды сам, меўся нібыта ўсё выправіць.

– Закона не ведаў. Меркаваў, што дакументы трэба падаваць ва ўпраўленне наконт фінансава-эканамічнай дзейнасці. А паколькі «Талака» такой дзейнасці не вядзе, то я нічога і не падаваў, – тлумачыў Цалка.

Ён папрасіў даць два дні, каб прадставіць неабходныя дакументы, але суд гэтае хадайніцтва адхіліў.

Нічога не маглі дадаць і выкліканыя ў суд як адказчыкі Кацярына Якіменка і Лідзія Лешчанка, паколькі яны цяпер не ўваходзяць у кіраўнічы склад «Талакі». Па вялікім рахунку і сам спадар Цалка быў неналежным адказчыкам, бо не мог у судзе дакументальна пацвердзіць сваё старшынёўства.

Пра спеў душы і «смяротнае пакаранне»

Прадстаўніца галоўнага ўпраўлення юстыцыіі Тамара Стрыжнёва ў сваю чаргу зазначыла, што часу на выпраўленне дапушчаных парушэнняў заканадаўства ў «Талакі» было дастаткова. Да таго ж на сайце ўпраўлення змешчана інфармацыя, датычная дзейнасці грамадскіх арганізацый, у тым ліку і наконт прадастаўлення штогадовай справаздачнасці. Ёсць такая інфармацыя і на сайце Міністэрства юстыцыі. Стрыжнёва цалкам падтрымала іск аб ліквідацыі маладзёжнага аб’яднання.

Справу разглядала суддзя Таццяна Аземша. Выслухаўшы бакі і агучыўшы матэрыялы справы, суддзя на паўгадзіны выйшла ў дарадчы пакой, а потым агучыла рашэнне: ліквідаваць маладзёжную краязнаўчую грамадскую арганізацыю «Талака» з прычыны непрадастаўлення ў адпаведнасці з артыкулам 24, часткай 6 закона звестак у рэгіструючы орган – галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гомельскага аблвыканкама.

– Вельмі шкада арганізацыю, – кажа маладая гамяльчанка Лідзія Лешчанка, колішні маршалак «Талакі». – Гэта некалькі гадоў жыцця, калі душа спявала. Але ў цяперашняй сітуацыі нічога не зробіш.

Некаторыя іншыя актывісты лічаць, што ў справе ліквідацыі спрацавала псіхалогія, чалавечы фактар.

– Людзі стомлены ў цяперашніх беларускіх рэаліях. Барукацца з несправядлівасцю ўжо не стае сіл. Здаецца часам: ай, гары яно гарам! Можна яшчэ апеляцыйную скаргу падаваць, але гэта як біцца галавою ў нязломную сцяну. У прынцыпе, «Талака» – цудоўная з’ява, рух моладзі, які змяняў светапогляд, далучаў да беларушчыны, да разумення важнасці нацыянальнай культуры. Гэта нікуды не дзенецца і не залежыць ад рэгістрацыі ці ліквідацыі, – лічыць Марыся Тульжанкова.

Па ўсёй Беларусі з сярэдзіны лета вядзецца зачыстка – масавая ліквідацыя недзяржаўных асветніцкіх, прафесійных, дабрачынных, даследчыцкіх арганізацый. Іх прадстаўнікоў затрымлівалі, праводзілі вобшукі ў іхніх домах і ў офісах, арыштоўвалі рахункі.

Пытанне існавання грамадзянскай супольнасці ў ліпені ўзнімаў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з кіраўніцтвам Савета міністраў: «Так і ўрад, і МЗС пабеглі за «дэмакратыяй» і пастваралі ў нас… пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў».

У выніку па стане на сярэдзіну верасня, паводле звестак праваабаронцаў, ліквідавана ўжо 135 недзяржаўных арганізацый. Да іх ліку 15 верасня дадалася гомельская «Талака».

– Рашэнне суда яшчэ і не набыло юрыдычную моц, але «смяротнае пакаранне» ўжо вынесена, – лічыць грамадскі актывіст і палітык Васіль Палякоў. – Няма суразмернасці пакарання таму, што парушана. Талакоўцы не падалі ва ўпраўленне юстыцыі справаздачы. Гэта ж – не дай, Бог! – не якая-небудзь экстрэмісцкая дзейнасць. «Талака» займалася прасоўваннем нацыянальнай культуры, а яе адразу ліквідавалі, хоць можна было на нейкі час дзейнасць толькі прыпыніць. Я ўжо не кажу пра нагрувашчванне недарэчнасцяў у беларускім заканадаўстве аб грамадскіх аб’яднаннях. Дзяржава мусіць спрыяць свабодзе і праву грамадзян на асацыяцыі, іх лучнасці, а не вынішчаць усё гэта.

Колішні старшыня «Талакі» Яўген Меркіс, які таксама прысутнічаў на судзе, перакананы, што зачэпку знайшлі б у любым выпадку, нават калі б талакоўцы своечасова справаздачыліся, падавалі дакументы ва ўстаноўлены тэрмін. Бо ў краіне вядомы ўжо выпадкі, калі «некамерцыйныя арганізацыі ліквідавалі за тое, што яны не займаюцца камерцыйнай дзейнасцю».

– Што ўжо казаць пра «Талаку»! – дадае Яўген. – Выглядала, што нават для суддзі беларускія словы «скарбнік», «талака», «маршалак» выглядалі дзіўнымі і незнаёмымі.

І сапраўды, «маршалак» вымаўляўся з націскам на апошнім складзе – «маршалок», а назва арганізацыі «Талака» на сярэднім – «Талока».

Публікацыя – з № 72 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: