Бацькі Паўла Севярынца. Фота: Новы Час

Яшчэ тыдзень таму стала вядома, што бацькі палітвязня Паўла Севярынца захварэлі на каранавірус. Як яны сябе адчуваюць зараз?

«Тата патрапіў у інфекцыённую бальніцу Віцебска з кавідам, падключылі кісларод, – паведамляла раней сястра Паўла Ганна Севярынец на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку». – Мама пакуль дома, але таксама моцна захварэла…».

Так, Канстанцін Севярынец да гэтага часу знаходзіцца ў бальніцы, хаця, паводле слоў яго жонкі Таццяны, «Палыч ужо сала захацеў, значыць, выкараскаемся».

– Шчыра кажучы, я нават і не ведаю, які ў мяне сёння рэальны стан здароўя, – кажа Таццяна Севярынец. – Тэмпературы няма, апетыт як быццам крыху вярнуўся, смак не губляла. Кашаль застаецца, але да доктара дагрукацца не магу, мне нават не прызначалі здаць аналізы.

Адным словам, у тых умовах, у якіх я знаходжуся (на самаізаляцыі), немагчыма нават зрабіць тэст на каранавірус. Такім чынам, я дома, а Кастусь па-ранейшаму ў бальніцы.

– Ці палепшыўся стан яго здароўя?

– Лечыцца, але ў мужа ёсць сардэчныя хваробы, таму гэта дадае складанасцяў. Калі яго забіралі, практычна не мог дыхаць, хаця сатурацыя была ў норме. Кастусь ужо тыдзень знаходзіцца на кіслародзе. Ён вельмі нервуецца, але да ўрачоў прэтэнзій няма.

У гэтую нядзелю вечарам яму стала лепш, нават сала папрасіў, зранку зноў стан пагоршыўся. Калі хварэеш на каранавірус, то амаль тры тыдні знаходзішся, як на арэлях: то лепш, то горш. Спадзяюся, выкараскаемся.

Публікацыя – з № 72 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: