Днямі старшыня Беларускай федэрацыі футбола Уладзімір Базанаў разважаў на тэлебачанні пра перспектывы віду спорту, якім ён кіруе, і нарэшце супакоіў балельшчыкаў, якія ўжо не першы год задаюцца даволі няпростым пытаннем: ці ажыве нябожчык? Маю на ўвазе «поспехі» нацыянальнай зборнай, пра якую апошнім часам варта казаць або добра, або нічога.

Дык вось палкоўнік Базанаў, які раней быў ваенным камісарам Брэсцкай вобласці, па-ваеннаму коратка і дакладна акрэсліў, калі ў Беларусі надыдзе светлая футбольная будучыня.

«Калі мяркуем атрымаць жаданы вынік? – задумаўся кіраўнік федэрацыі. – Я думаю, гадоў праз 6–8, раней не будзе».

Што і казаць, ход з боку футбольнага функцыянера вельмі моцны. Па-першае, у бліжэйшыя 6–8 гадоў спартыўныя чыноўнікі ад футбола могуць спаць адносна спакойна, бо, паводле іх планаў, раней перспектывы практычна нулявыя.

Па-другое, не трэба адказваць розным крытыканам на яшчэ адно няпростае пытанне: чаму ў Беларусі футбол апошнім часам дэградуе? Калі раней і БАТЭ перамагаў «Баварыю», і нацыянальная каманда магла згуляць са зборнай Францыі ўнічыю, то зараз мы ўжо не здзіўляемся паражэнням ад клубаў з Люксембурга і ад бельгійцаў з фантастычным лікам 0:8. Але ж у запасе ёсць яшчэ восем гадоў!

Па-трэцяе, праз восем гадоў у федэрацыі, магчыма, ужо не будзе ні Базанава, ні іншых яго калег. І той жа Базанаў можа апусціць вочы долу і ціха сказаць: нешта пайшло не так… А новае кіраўніцтва, не выключана, акрэсліць новыя тэрміны надыходу светлай будучыні: «праз 6–8 гадоў, не раней».

Дарэчы, футбольных тэарэтыкаў у федэрацыі, мяркуючы па ўсім, і на самай справе назбіралася цэлая каманда, якая проста фантаніруе ідэямі. Іх бы энергію ды на футбольнае поле!..

Яшчэ ў сакавіку Беларуская федэрацыя футбола прадставіла 108-старонкавую «Канцэпцыю развіцця беларускага футбола да 2028 года», якая вызначае працэс «на падставе грамадска-дзяржаўнага партнёрства».

Там нават расклалі па палічках правал задачы выхаду на чэмпіянат Еўропы і нявыхад у групу B Лігі нацый. Недахоп прафесіяналізму футбалістаў ідзе там трэцім пунктам, пралікі трэнерскага штаба – пятым. А вось першыя два: «адсутнасць адзінага патрыятычнага духу каманды» і «адсутнасць сістэмнага падыходу па суправаджэнні нацыянальных і зборных каманд». Адным словам, будзе патрыятызм – Кубак свету практычна ў кішэні! А калі кожную каманду ўзмацніць ідэалагічным суправаджаючым, дык увогле ці знойдзецца на зямным шары ліга, вартая нашай зборнай? А трэніроўкі і трэнерскія кадры – справа пятая.

Праўда, падобна на тое, што футбольныя функцыянеры ўпэўнены: у бліжэйшыя 6–8 гадоў з «патрыятычным духам» будуць пэўныя праблемы. Бо ў той жа канцэпцыі развіцця зборнай запланавана патрапіць на чэмпіянат свету толькі ў 2028 годзе і там заняць месца ў дыяпазоне з 17-га па 22-е. Дасціпнікі жартуюць: «Цікава, ці будзе лічыцца правалам, калі раптам зоймуць, скажам, 14-е месца?»

Адным словам, у бліжэйшыя восем гадоў аматарам футбола можна расслабіцца – «кіна не будзе». Зараз застаецца толькі рабіць стаўкі на тое, ці «дажывуць» на сваіх пасадах да светлай будучыні распрацоўшчыкі канцэпцыі. Ёсць меркаванне, што іх папруць ужо ў бліжэйшай перспектыве…

Публікацыя – з № 72 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: