Мікалай Казлоў

«Народная Воля» пацікавілася, што адказаў суд на скаргу старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова і ці навялі ўжо парадак пасля ператрусу ў партыйным офісе.

Як паведамляла «Народная Воля», палітыка не так даўно асудзілі на тры месяцы арышту за разгалошванне дадзеных следства: падчас аднаго з допытаў у Следчым камітэце ён адмовіўся даць падпіску аб неразгалошванні. Пакуль Мікалай Казлоў знаходзіцца на свабодзе, бо рашэнне суда яшчэ не набыло законную сілу. Вядома, што каля месяца таму старшыня АГП абскардзіў прысуд.

– Я сам днямі прасіў адваката, каб яна пацікавілася, як рухаецца справа, – гаворыць Мікалай Казлоў. – Я напісаў скаргу ў раённы суд, а ўжо адтуль яе накіроўваюць у Мінскі гарадскі суд. Дык вось па стане на мінулы панядзелак мая скарга пакуль не была накіравана на разгляд. Ужо, між іншым, каля месяца прайшло, як я падаў скаргу. Пасля разгляду справы Мінскім гарадскім судом рашэнне ўступіць у законную сілу.

На мінулым тыдні стала вядома, што нарэшце разблакіравалі партыйны офіс АГП, які быў апячатаны пасля вобыску.

– Офіс працуе, мы маем да яго доступ, але тут усё дагэтуль разбурана і развалена, – гаворыць Мікалай Георгіевіч. – Сейфы зламаны, усё валяецца, камп’ютары распатрашылі, ноўтбук забралі. Мы яшчэ не прывялі ўсё да нармальнага стану. Пасля ператрусу тут яшчэ тыдзень прыйдзецца прыбірацца. У нас і архівы, і іншыя паперы, папкі – усё скінута на падлогу. Персанальныя карткі сяброў партыі забралі, але навошта – не разумею. Думаю, проста на ўсялякі выпадак бралі тое, што траплялася на вочы.

Варта адзначыць, што менавіта нашай партыі гэты вобыск не тычыўся. Па нашым адрасе была зарэгістравана арганізацыя Анатоля Лябедзькі «Еўрапейскі дыялог», і ператрус быў не ў нас, але забралі менавіта ўсю нашу дакументацыю. Мы падалі скаргу ў Следчы камітэт, бо, паколькі з’яўляемся афцыйна зарэгістраванай палітычнай партыяй, павінны дзейнічаць паводле статута і выконваць свае функцыі.

Разам з намі быў прадстаўнік Следчага камітэта, які адчыніў офіс, пераканаўшыся, што за гэты час там нікога не было і што ўвесь гэты пагром застаўся, як яны пакінулі. Цяпер мы з гэтым усім тут разбіраемся. І ўсё не так проста: АГП – адна са старэйшых партый Беларусі, у нас шмат рознай дакументацыі, таму цяпер тут трэба не проста падмесці, але і прааналізаваць, што засталося, а што вынеслі…

Публікацыя – з № 72 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: