Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

Сайт Onliner папрасіў экспертаў розных сфер зрабіць фінансавы прагноз для Беларусі на мінулае лета. Прадказанні варажбіткі і астролага збыліся прыкладна напалову. Як кажуць, селі ў лужыну эканаміст і чорны кот, які цягаў лапай паперкі з адказамі.

Няпроста выдаваць прагнозы,
Парой іх кошт – ламаны грош…
Ды калі ты зусім цвярозы
І ў справе спец, дык можна ўсё ж.
Вядомы сайт улічваў гэта.
Няхай падкажуць нам спяцы,
Што прынясе краіне лета,
Чаго чакаць напрыканцы:
Магчыма, зведаем пакуты,
Бо абясцэняцца рублі,
Ці мы заробім шмат валюты
І будзем жыць як каралі;
Усё ў нас будзе нехлямяжа,
Як Захад санкцыі ўвядзе,
Ці эканоміка не «ляжа»
І неяк рады дасць бядзе.
Агучылі свае прагнозы
Спецыялісты з розных сфер.
Іх спадзяванні, мроі-крозы
Нам ацаніць ільга цяпер.
Экзальтаваная кабета,
Якая дока ў варажбе,
Нам даючы прагноз на лета,
Амаль не зганьбіла сябе.
Хоць напрарочыла няўдала
Пра лёс не надта ўлежны наш,
Ды нешта ўсё-такі ўгадала.
Сказаць іначай – баш на баш:
Не абабралі нас да ніткі,
Ды ўсё ў краіне наўскасяк.
(То метад кожнай варажбіткі:
Туды-сюды і так і сяк.)
Бадай, астролаг – з той жа хеўры:
Лічу, таксама прайдзісвет,
Які адсочвае манеўры
Шматлікіх зорак і планет,

Затым і лёсы, і падзеі
Усім прадказвае ўсур’ёз.
Прызнацца, не было надзеі,
Што збудзецца яго прагноз.
Вось і на гэты раз у неба
Ён пальцам тыцнуў, як заўжды,
І выйшла так амаль, як трэба, –
Усё ж папаў сюды-туды.
Не ўздзіў, што на эканаміста
Найболей мелася надзей,
Бо для яго ж усё празрыста,
Ён у фінансах грамацей.
А што ж на справе? Смех і слёзы!
Яму даверыш пост хіба?
Прынамсі, лепшыя прагнозы
Нам прад’явіла варажба.
Як «спец» прарочыў, так не выйшла,
А выйшла ўсё наадварот!
Напэўна, для забавы ўвішна
Прагноз складаў і чорны кот.
Пакуль што збыўся –
Смех дый годзе –
Прагноз ката ўсяго адзін,
Ды не бяда: камяк выходзіць,
Калі пячэцца першы блін…

***

Пра нешта варажба і зоркі
Сказалі з горам папалам.
Аднак асадак вельмі горкі
Эканаміст пакінуў нам,
Бо кошт паслуг яго не танны,
Хоць выклікае смехату.
Танней наліць крыху смятаны
У сподак чорнаму кату.

Пашкадавалі дзяцей

Старыя пражылі не слаба –
Абодвум больш за сотню год.
Ды ў суд прыджгалі дзед і баба,
Каб ім аформілі развод.
Намерыўся падацца ў прочкі
Ад роднай жонкі дзед Кірэй.
Суддзя:
– Чаму ж вы, галубочкі,
Не скасавалі шлюб раней?

Бабуля развяла рукамі:
– Наш інтарэс зусім зямны:
Дзяцей было шкада. Чакалі,
Пакуль усё ж памруць яны…

Сасуды не звузяцца

– Каньяк з сабой нашу я ўсюды,
Бо пашырае ён сасуды.
– Затым (я чуў ад дактароў)
Звужаюцца сасуды зноў…
– Дарэмная твая трывога,
Бо я не дапушчу такога!

Публікацыя – з № 72 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: