У арганізме чалавека жыве вялікая колькасць мікраарганізмаў: па прыблізных падліках, каля 1000 відаў, асноўная іх частка — бактэрыі. У норме ўсе яны знаходзяцца ў стане раўнавагі з чалавекам. Мікраарганізмы з нараджэння і пажыццёва трапляюць да нас з навакольнага асяроддзя і засяляюць тыя вобласці, якія непасрэдна кантактуюць са знешнім светам: скуру, дыхальныя і мочавыводзячыя шляхі, страўнікава-кішачны тракт. Відавочна, што ў апошнім створаны самыя спрыяльныя ўмовы для знаходжання мікробаў у арганізме. Праўда, часам штосьці ідзе не так, раўнавага парушаецца, і мікраарганізмы могуць выклікаць сур’ёзныя хваробы. Як жа нам з імі мірна суіснаваць, каб яны прыносілі выключна карысць? Якую ролю ў гэтым адыгрывае клятчатка? Навошта і як аднаўляць мікрафлору кішэчніка? Пра гэта і іншае расказаў нейрахірург, навуковы супрацоўнік аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчык кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА Гумен ГУРБАНІДЖАД.

— Гумен, суіснаванне з мікраарганізмамі характэрна не толькі для чалавека, але і для іншых жывых істот, ці не так?

— Сімбіёз — гэта сумеснае існаванне двух арганізмаў, якія прыносяць адзін аднаму карысць. У пачатку ХІХ стагоддзя сімбіёз быў нявывучанай тэмай, і калі вучоныя адкрылі бактэрыі і даведаліся, што яны з’яўляюцца прычынай многіх захворванняў, усе намаганні былі скіраваны на тое, каб ад іх пазбавіцца і не дазволіць трапіць у арганізм. Нават прапаноўвалі выдаляць прамую кішку з чалавечага арганізма, бо ў ёй шмат бактэрый. Сімбіёз і дагэтуль да канца не вывучаны, штогод з’яўляюцца новыя даследаванні і гарызонты, гэта тэма многіх навуковых работ.

Аднак сапраўды даўно высветлена, што некаторыя траваедныя жывёлы без бактэрый не могуць ператраўліваць і засвойваць раслінную ежу. Для гэтага ў іх, у прыватнасці ў кароў, існуе асобны страўнік з такімі бактэрыямі. Яны ферментуюць ежу, і толькі пасля арганізм можа яе ператравіць. Без удзелу мікраарганізмаў траваедныя проста загінуць ад голаду. Бактэрыі важныя нават для некаторых насякомых. Тыя ж клапы, калі адкладваюць яйкі, побач пакідаюць мяшэчак з мікраарганізмамі — так званую сімбіятычную капсулу. Унутры яе ўтрымліваюцца бактэрыі і калі вылупляюцца маленькія насякомыя, перш-наперш з’ядаюць гэту капусулу, бо без іх яны існаваць не змогуць.

Падчас вывучэння сімбіёзу вучонымі было адкрыта, што наш абмен рэчываў вызначаецца не толькі чалавечым геномам, але і генамі бактэрый, якія жывуць у арганізме.

— А як гэтыя бактэрыі трапляюць у наш арганізм?

— Паступова, пачынаючы з першых дзён пасля нараджэння. У немаўлят, як вядома, страваванне яшчэ недасканалае, часам уздуваецца і баліць жывот, ператраўліванне адбываецца праблематычна. Цяпер у продажы ёсць спецыяльныя прабіётыкі, па рэкамендацыі ўрача іх можна даваць дзіцяці, каб аблегчыць яго стан.

— На што ў нашым арганізме ўплываюць бактэрыі, акрамя стрававання?

— У кішэчніку жыве каля 50 трыльёнаў мікраарганізмаў, што прыкладна ў 1,3 разы больш, чым сумарная колькасць нашых клетак. Яны адыгрываюць вялікую ролю ў нашым абмене рэчываў, самаадчуванні і нават псіхалагічным стане. За кошт сваёй жыццядзейнасці і ферменту, які выдзяляюць, яны ўплываюць на многія працэсы, што адбываюцца ў нашым арганізме.

Як падтрымліваць мікрафлору кішэчніка і ці ўплывае яна на наш арганізм?
Гумен Гурбаніджад. Фота https://zviazda.by

Дзякуючы ім змяншаецца верагоднасць анкалагічных захворванняў. Акрамя таго, яны выдзяляюць рэчывы, якія павялічваюць адчувальнасць клетак нашага арганізма да інсуліну, такім чынам, зніжаецца рызыка атлусцення і цукровага дыябету другога тыпу. Мікраарганізмы ўзмацняюць наш імунітэт, асабліва прыроджаны, і спрыяюць яго рабоце. Таксама яны вылучаюць гама-амінамасляную кіслату, якая ў сваю чаргу ўплывае на работу мікрагліі —клетак, якія адыгрываюць важную ролю ў функцыянаванні галаўнога мозгу. Без іх наступаюць пагаршэнне памяці і дэпрэсія, ранняя дэменцыя, хвароба Паркінсона. Таму калі кішэчнік працуе нармальна, то і настрой у нас лепшы. Калі пачынаюцца розныя хваробы кішэчніка, гэта, апроч іншага суправаджаецца лёгкай дэпрэсіяй, якая можа ўзмацняцца.

Парушэнне балансу мікрафлоры кішэчніка можа садзейнічаць развіццю розных аўтаімунных хвароб, у тым ліку алергічных, якія дрэнна паддаюцца лячэнню. Акрамя таго, мікрафлора садзейнічае змяншэнню PH кішэчніка, такім чынам перашкаджаючы размнажэнню паталагічных бактэрый, якія таксама трапляюць у арганізм праз ежу.

Мікрафлора кішэчніка прадуцыруе пэўную колькасць неабходных вітамінаў, у прыватнасці В12, В2, К, біяціну, фолівай кіслаты. Таксама яна перашкаджае ўсмоктванню некаторых ядавітых таксінаў. Такім чынам, мікрафлора ўплывае не толькі на стрававальную, але і на эндакрынную, цэнтральную нервовую сістэму, імунітэт.

— Як падтрымліваць баланс мікрафлоры?

— Яшчэ Ілья Мечнікаў, знакаміты вучоны, лаўрэат Нобелеўскай прэміі, прапанаваў прабіётыкавую дыету. Улічваючы час, а гэта пачатак XІX стагоддзя, калі яшчэ не было вынайдзена эфектыўных антыбіётыкаў, адзіным спосабам пазбавіцца ад некаторых захворванняў была стымуляцыя ўласнага імунітэту. Для гэтага прапаноўвалася дадаваць у рацыён розныя кісламалочныя прадукты, якія ўтрымліваюць пэўныя бактэрыі. Чым больш гэтых бактэрый у кішэчніку, тым мацнейшы імунітэт і тым лягчэй справіцца з пэўнымі захворваннямі.

— Значыць, даўняя савецкая традыцыя піць кефір пасля вячэры ўсё ж мае сэнс?

— Так, прычым карысныя як бактэрыі, якія там утрымліваюцца, так і бялок. Аднак трэба памятаць, што важны геном бактэрый. Чым ён лепшы, тым лепш мы сябе адчуваем. Сёння ёсць шмат фармацэўтычных кампаній, якія вылучаюць пэўныя штамы карысных бактэрый і прапануюць іх у розных відах — капсулах, гатовай вадкай форме, сухія, з якіх перад ужываннем самастойна гатуюць суспензію.

— Наколькі часта трэба піць прабіётыкі? Ці доўга жывуць гэтыя бактэрыі?

— Гэта пытанне пакуль канчаткова не вывучана. Аднак вядома, што адны бактэрыі могуць выцясняць іншыя. Калі колькасць карысных бактэрый змяншаецца, то павялічваецца колькасць тых, што не нясуць ніякай карысці. Адпаведна, калі мы павялічваем колькасць карысных, то змяншаем умоўна-патагенную мікрафлору. Садзейнічаюць гэтаму і кісламалочныя прадукты, і прабіётыкі. У нашым кішэчніку каля тысячы розных відаў мікраарганізмаў, і калі набываць прабіётыкі, то лепш браць некалькі прэпаратаў розных вытворцаў. Трэба памятаць, што хімічныя кансерванты, якія дадаюць у сучасныя прадукты для падаўжэння тэрміну іх захоўвання, падаўляюць рост бактэрый у ежы, а таксама прыгнятаюць міклафлору кішэчніка. Гэта ўскосна ўплывае на наш імунітэт і здароўе.

— Як падтрымліваць мікрафлору кішэчніка ў аптымальнай форме?

— Колькі б мы ні дадавалі ў арганізм карысных бактэрый, ужываючы кісламалочныя прадукты і прабіётыкі, калі мы не будзім іх «карміць», яны не будуць выконваць сваю функцыю. Калі бактэрыі на галоднай дыеце, то пачынаюць ужываць слізь, якая абвалаквае сценкі кішэчніка. Адсюль розныя захворванні, такія як сіндром раздражнёнага кішэчніка, хвароба Крона, каліт і іншыя. Чым харчуюцца бактэрыі? Клятчаткай, і гэта важны элемент, які павінен уваходзіць у наш штодзённы рацыён. Лічыцца, што нам патрэбна 14 грам клятчаткі на тысячу кілакалорый ежы. Для жанчыны гэта 28–30 грамаў у суткі, для мужчыны — каля 35 грамаў. Але трэба разумець, што клятчатка — гэта далёка не ўвесь яблык. Ва ўсім свеце людзі недастаткова ўжываюць клятчаткі, яе недахоп складае аж да 2/3. Таму палову нашай талеркі павінна займаць салата ці іншая ежа расліннага паходжання.

Клятчатка дзеліцца на дзве часткі: ферментатыўная і ўстойлівы крухмал. Ферментатыўная ператраўліваецца мікрафлорай кішэчніка, яна ўтрымліваецца ў фруктах, ягадах, бабовых. Устойлівы крухмал, у адрозненні ад звычайнага, трапіўшы ў арганізм не ператвараецца ў цукар. Затое мікрафлора нашага кішэчніка можа яго выкарыстоўваць як крыніцу харчавання. Устойлівы крухмал утрымліваецца ў бабовых, кашах. Ёсць яшчэ сінтэтычны ўстойлівы крухмал — у бульбе і рысе. Ён утвараецца пры тэрмічнай апрацоўцы і далейшым астыванні. Гэта таксама добрая крыніца харчавання для мікрафлоры кішэчніка.

— Да якіх праблем можа прыводзіць недахоп клятчаткі?

— Яна ўзмацняе перыстальтыку кішэчніка. Калі клятчаткі ў нашым рацыёне мала, гэта прыводзіць да хранічнага запору. Калавыя масы надоўга затрымліваюцца ў нашым арганізме. Не сакрэт, што сучасная ежа ўтрымлівае розныя канцэрагены, акрамя гэтага, упрацэсе ператраўлівання ў кішэчніку ўтвараюцца элементы, якія могуць быць канцэрагенамі. Чым даўжэй ежа затрымліваецца ў кішэчніку, тым больш таксічны ўплыў яна аказвае на наш арганізм, бо кішэчнік усмоктвае экзатаксіны, і яны паступаюць у кроў. Гэта павялічвае верагоднасць узнікнення раку кішэчніка і іншых відаў анкалогіі. Таму ў людзей, якія маюць хранічныя запоры, большая рызыка ўзнікнення раку. Клятчатка ж дапамагае кішэчніку хутчэй ачышчацца. Акрамя таго, паколькі клятчатка да канца не ператраўліваецца, яна разбаўляе змесціва кішэчніка, змяншаючы канцэнтрацыю шкодных рэчываў у ім, такім чынам тое, што змяшчаецца ў кішэчніку, хутчэй эвакуіруецца з нашага арганізма.

— Калі мы прымаем антыбіётыкі, што адбываецца з мікрафлорай кішэчніка? Гэтыя прэпараты знішчаюць карысныя бактэрыі?

— Мы ўжываем антыбіётыкі, каб знішчаць патагенныя бактэрыі, але карысныя бактэрыі, на вялікі жаль, маюць да іх большую адчувальнасць. І ў першую чаргу яны пакутуюць і гінуць. Але гэта не бяда і не прычына, каб не прызначаць антыбіётыкі ці ігнараваць іх прыём. Часам урача просяць прызначыць лёгкі антыбіётык. Гэтага таксама лепш не рабіць. Калі прэпарат не знішчыць патагенныя бактэрыі, яны набываюць устойлівасць, і мы такім чынам не справімся з імі і з дапамогай больш моцнага прэпарату. У такіх выпадках прыходзіцца камбінаваць некалькі антыбіётыкаў. Таму мусіць прызначацца той прэпарат, які добра працуе супраць патагену і ў належнай дозе.

Аднак пасля прыёму антыбіётыку з’яўляюцца пэўныя праблемы, самыя простыя з іх — дыарэя, малочніца ў жанчын, ёсць і больш сур’ёзнае захворванне, такое як псеўдамембранозны каліт, які ў запушчаным выглядзе можа прыводзіць аж да летальнага зыходу. Таму паралельна варта прымаць прабіётыкі. Для кожнага антыбіётыку ёсць пэўная група прабіётыкаў — больш устойлівыя да гэтага прэпарату бактэрыі. Іх таксама мусіць прызначыць урач. Аднак адначасова прымаць дзве таблеткі — антыбіётыка і прабіётыка — нельга. Пасля прыёму антыбіётыка мусіць прайсці пэўны час, пасля варта ўжыць прабіётык. Такім чынам павялічваецца шанц, што частка карысных бактэрый у арганізме застанецца. Пасля таго, як мы перасталі прымаць антыбіётыкі, доктар яшчэ некаторы час прызначае прабіётыкі, якія аднаўляюць мікрафлору нашага кішэчніка.

— А калі ўрач не прызначыў прабіётык, як аднавіць мікрафлору кішэчніка?

— Ужываць кісламалочныя прадукты, але трэба ўсведамляць, што колькасць іх нашмат меншая, чым у адной капсуле прабіётыка. Таму лепш спытаць урача, якія прэпараты выбраць. Калі не прымаць прабіётыкі, мікрафлора, канешне, таксама адновіцца, але на гэта патрэбны доўгі час.

Поделиться ссылкой: