Аляксандра Герасіменя

Як вядома, пасля выбараў мінулага года многія вядомыя беларускія спартсмены, якія выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю, былі вымушаны з’ехаць за мяжу, каб не патрапіць пад рэпрэсіі. Сярод іх і прызёрка Алімпійскіх гульняў плыўчыха Аляксандра Герасіменя.

Зараз стала вядома, што гэтыя спартсмены плануюць адкрыць у бліжэйшы час акадэмію, якая будзе рыхтаваць спартыўных менеджараў.

«Гэтая ідэя лунала ў паветры даўно, – распавяла Аляксандра Герасіменя аднаму з тэлеграм-каналаў. – Мы ўсе разумелі, што ў Беларусі вялікая праблема з кіраўнікамі. Відавочна, што спорт у краіне павольна згасае, усе спрабуюць знайсці гэтаму прычыну. Кажуць пра тое, што дрэнная падрыхтоўка, няякасныя трэнеры, спартсмены. Але шукаць трэба глыбей.

Праблема не ў трэнерах і іграках, а ў кіраўніках, якія не разумеюць, што такое спорт, не ведаюць гэтую сферу знутры, не ўяўляюць, як кіраваць спортам, як знаходзіць спонсараў, як зрабіць так, каб людзі цікавіліся спортам, і, галоўнае, як прыцягнуць дзяцей да заняткаў спортам. Усё гэта вядзе да таго, што спорту як такога ў Беларусі проста не будзе.

Гледзячы на ўсё гэта, захацелася зрабіць так, каб па вяртанні ў свабодную Беларусь ужо былі людзі, якія гатовы ўсё мяняць. У выніку мы вырашылі стварыць акадэмію, дзе падрыхтоўку будуць праходзіць спецыялісты, якія ў будучыні змогуць прасоўваць беларускі спорт, менеджараў, якія будуць займаць кіруючыя пасады дзякуючы свайму прафесіяналізму, а не лаяльнасці да ўлады. Таму што мы выдатна бачым, да чаго прыводзіць сітуацыя, калі на пасадах сядзяць выключна тыя, хто выказвае такую лаяльнасць, а не свае прафесійныя якасці».

Паводле слоў Герасімені, на навучанне ў акадэмію пакуль што можа патрапіць любы жадаючы, які хоча развівацца ў спартыўнай сферы.

«Мы вітаем спартсменаў, якія хочуць развівацца ў новым для сябе кірунку, ужываючы на практыцы атрыманыя за гады кар’еры веды, – дадае Аляксандра. – Таксама курс будзе цікавы тым, хто не быў раней звязаны са спортам, але ім цікавая гэтая сфера, яны хочуць паглыбіцца ў праблематыку, хочуць у далейшым кіраваць спартыўнымі арганізацыямі, клубамі».

Афіцыйна акадэмія з’явілася 1 верасня, але курс стартуе з 1 кастрычніка. Навучанне ў рэжыме анлайн будзе доўжыцца 12 тыдняў, за курс навучання трэба заплаціць 250 еўра.

Публікацыя – з № 72 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: