Алёна Васілевіч

Пішу пра легендарную постаць беларускай літаратуры. Не абы-куды адрасую сваё слова – у «Народную Волю», гэтую праўдзівую вястунку, якую нязменна любіла яна, старэйшая на планеце жанчына-пісьменніца. Выпісвала і чытала незалежнае перыядычнае выданне ад самага пачатку яго заснавання, не раз друкавала тут свае творы, а ў цяжкія перыяды яго жыццядзейнасці падтрымлівала грашыма.

І вось яе не стала, жыццё дакасіў жнівень, восьмы ягоны ранак, – на 99-й вярсце шырокага, багатага на падзеі шляху, адведзенага ёй лёсам. На трэці дзень было адпяванне і развітанне ў сценах крэматорыя, у яго рытуальнай зале. Родныя, блізкія, сябры, прыхільнікі жыццядайнага таленту слыннай творцы збіраліся на жалобную вячэру – побач з раёнам сталіцы, дзе яна жыла. Пазней урну з прахам нябожчыцы пахавалі на радзіме, ля матчынай магілы, у прысутнасці землякоў-вяскоўцаў, настаўнікаў Случчыны, супрацоўнікаў «Слуцкага кур’ера». Валодзя Васілевіч, сын Алены Сямёнаўны, калі апускалі урну, сказаў: «Бывай, мамачка!.. Ты вярнулася дадому».

Адышла. Назаўсёды. Такі непахісны закон.

«І ўсё ж як адчайна не хочацца змірыцца з гэтым непахісным «назаўсёды»!

Чалавек радаваўся, пакутаваў, тварыў… Чалавек жыў!

І хіба гэтага недастаткова, каб ён застаўся? У памяці, у душах, у сэрцах тых, хто ведаў яго, хто з ім сустракаўся, хадзіў па адных вуліцах?..

Успамінайма пра іх!»

Словы ў двукоссі належаць ёй самой. Іх знайшоў я ў кнізе «Першая жонка нябожчыка» (2002), дзе ў раздзеле «Успамінайма пра іх…» – гаворка пра кагорту творцаў, добра знаёмых і чымсьці блізкіх яе сэрцу. Тут іх цэлы тузін, паэтаў, празаікаў, артыстаў. Раней, у кнізе «Люблю, хвалююся – жыву» (1986), пісьменніца цёпла ўзгадвала Якуба Коласа, Янку Маўра, Міхася Лынькова, Івана Мележа… Прыйшоў час успамінаў пра Алену Сямёнаўну Васілевіч. Можна не сумнявацца: кожнаму, хто яе ведаў, успомніць ёсць пра што. Хто чытаў яе аповесці, апавяданні, эсэ, эцюды, роздумы, нататкі ды іншыя творы, абавязкова зноў і зноў – пры новым прачытанні – будзе знаходзіць там штосьці запаветнае, сакраментальнае – тое, што бясконца прываблівае і зачароўвае. І ў жыцці, і ў творчасці яна валодала усёй гамай пачуццяў, была бязмежна памяткою і ўлюбёнаю ў хараство, у белы свет. Некалі прапанавалі ёй з рэдакцыі аднаго расійскага часопіса: «Напішыце пра вашу творчую лабараторыю». Дужа дасціпна, з усім уласцівым ёй пачуццём гумару, яна адказала: «…у сваёй творчай «лабараторыі» я вылучыла б такі высокакаштоўны элемент, як любоў». Так, менавіта найперш любоўю прадыктавана ўся яе творчасць. Любоўю да Краіны Дзяцінства, адкуль паходзіць яе знакамітая тэтралогія «Пачакай, затрымайся…», уганараваная ў 1976 годзе Дзяржаўнай прэміяй БССР. Любоўю да нашай Бацькаўшчыны, да людзей, да мілагучнай роднай мовы. Пісьменніца выхавала ў сваёй душы высокую чуйнасць да моўнага багацця і напоўніцу авалодала гэтым найдарожчым скарбам. Цяпер аж цяжка паверыць, што было ў яе на пачатку пісьменніцкага шляху. Яе першую кніжку «Шляхі-дарогі» нямала хвалілі, і яна асмелілася пацікавіцца ў свайго куміра – любімага Якуба Коласа, ці спадабалася яму гэтае тварэнне. «Ён адказаў не адразу, – прызнаецца Алена Сямёнаўна ў сваім эсэ пра вялікага народнага паэта «На ўсё жыццё», – адказаў, гледзячы некуды ўбок: «Мова вельмі нязграбная. Трэба вучыцца мове».

«І гэта мяне страшэнна здзівіла. Нязграбная мова? У мяне і думкі пра гэта не было! – з гранічнаю шчырасцю працягвае яна сваё публічнае прызнанне. – Усе мае, як кастрыца, жарсцвяныя, «маючыеся» і «працуючыя», «нагадваўшыя» і «змагаўшыеся» нават не краналіся маіх вушэй. Яны ўсё роўна як ватай былі заткнутыя». І падагуліў гутарку Канстанцін Міхайлавіч катэгарычна: «Без мовы… Калі няма адчування слова, то не трэба і пісаць».

Ёй было вельмі сорамна: як магла адважыцца дакучаць?!.. «І ўсё ж, відаць, сорам той… пайшоў мне на карысць», – заўважае пісьменніца.

У творчым поспеху шмат можа быць складнікаў. Але калі ў нашым выпадку вызначальным складнікам называецца любоў, то вельмі дарэчы тут і памяць; яна асабліва адметная была ў Алены Васілевіч. У адной з кніжак сваіх яна расказала, як з роднай Даманшчыны бралі яе, васьмігадовую, у Слуцак, у Зялёны сабор, калі блізкая радня памінала там яе матулю (прайшоў год пасля смерці): «Памятаю, як правіў службу архірэй – увесь у белых рызах. Як прыслужвалі яму – таксама ва ўсім белым, як анёлы, са свечкамі ў руках хлопчыкі, не большыя за мяне… А яшчэ як на клірасе неабсяжнага сабора спявалі пеўчыя. І прасілі Бога за маю маму… «Упокой, Господи, души усопших раб твоих!» І як маліўся за яе архірэй у белых рызах… «Господи, помилуй! Господи, помилуй! Господи, помилуй!» Было горна і жаласна. І хацелася плакаць. І па маме… І плакаць ад кранальнага, крыштальнага таго спеву».

Якая была Алена Васілевіч, пісьменніца і чалавек, засведчылі не толькі яе творы, яе ўспаміны, а і, безумоўна, «думкі ўголас» – адказы на «жывыя» пытанні відных беларускіх перыядычных выданняў ды на іхныя анкеты. Пытанні почасту задаваліся вострыя, адказы – яшчэ вастрэйшыя. Першае пытанне Галіны Каржанеўскай, якая прадстаўляла «ЛіМ», датычылася настальгіі па былых часах; маўляў, ці не адносіцца Алена Сямёнаўна да тых «многіх» настальгуючых? Адказ, даволі разгорнуты, завяршыўся так: «Самі часы і гады – самі па сабе – яшчэ нічога не вызначаюць… Усё залежала – заўсёды – і залежыць ад людзей ці нелюдзяў, якія ўзнікаюць у пэўныя часы-гады і прыходзяць (ці захопліваюць яе!) да ўлады. І ўжо – ад Бога ці д’ябла (гісторыя чамусьці аддае перавагу д’яблу) – твораць яны сваю волю-ўладу над людзьмі. Дзе і як стукне каму ў галаву… Хіба ў нас сёння іначай?» (Апублікавана ў кнізе «Першая жонка нябожчыка».)

Недалікатным падаўся мне ўступ да наступнага пытання (пра тое, чым каштоўныя дзесяцігоддзі сталага жыцця; што яны прыўнеслі ў досвед творцы): 

«– Існуе такі выраз: «Прыгожая старасць». Здаецца, гэта пра Вас.

– Вашымі вуснамі ды мёд піць… – сказала юбілярка (ёй спаўнялася тады 75). – Старасць, дарагая Галіна Анатольеўна, яна і ёсць старасць… З ёю толькі найлепш трымацца дому. Найлепш таксама пакідаць яе дома, калі ідзеш людзям на вочы…» 

Далей адказ разгарнуўся ледзь не на старонку. Аніяк не магу прамінуць хоць бы вось гэта: «Я належу да тых шчаслівых людзей, якім лягчэй жыць без «амбіцый»… Ніколі, напрыклад, не было ў мяне імкнення «заняць пасаду»… Імкнення кідацца выконваць «сацыяльныя заказы». Не ўмела вынаходзіць і адгуквацца «ў час» на «актуальныя тэмы»… Не ўмела «закручваць» сюжэты: каб у чытача – валасы на галаве дыбам!»

У адной з гутарак «Крыніцу»-часопіс прадстаўляў Леанід Галубовіч (апублікавана ў «Крыніцы» №25 і ў вышэйназваным выданні Алены Васілевіч). Апроч разваг пра жанчын у літаратуры ён пацікавіўся: «Наколькі для Вас творчасць ёсць катарга, наколькі – воля?» Адказ атрымаўся, на мой погляд, паэтычны: «Гэты стан, гэты свет ні з чым не параўнальны. Нават з каханнем – калі ты нібыта і па зямлі не хадзіла, а нібыта толькі лунала недзе… Пад аблокамі! Не параўнаеш нават з мацярынствам, калі туліш да перапоўненых пяшчотай грудзей сваё дзіця… Гэты стан душы назвы не мае!» Але не менш цікавы працяг адказу: «А што датычыць вызначэнняў: катарга, ланцугі, наручнікі… Усё гэта тады і ў таго, мабыць, хто сапраўды не здольны існаваць без творчых «кайданоў»… Не здольны, не можаш – адкладзі! Пахадзі босымі нагамі па зямлі… Леў Талстой і той араў і касіў і нават шыў боты… (І, пэўна так ратаваў сябе ад «катаргі»?..)» Далей гэты адказ разгорнуты яшчэ на паўстаронкі. З каштоўнымі думкамі і… творчымі сакрэтамі (прывяду хоць некалькі сказаў): «Сама я «ратуюся» тым, што паперад жанчына, чым пісьменніца. Я не ведаю пакут ад літаратуры. З мяне хапае майго жыцця… Гэта, аднак, не азначае, што пішацца мне лёгка. Гэтак узяла, прысела – мімаходзь – да стала і пайшла… страчыць! Кожны сказ на кожнай новай старонцы – сама з сабою – я прамаўляю, агучваю не адзін раз, не два, не сем разоў часам! Пакуль – на слых – не загучыць ён у адпаведнай – на гэты момант – адзіна патрэбнай мне танальнасці… Іншая справа, што праз нейкі час – не раз так здараецца – усё зноў «ляціць», зноў патрабуе новага пошуку. Але хіба гэта пакута, катарга?.. Гэта – найсаладзейшая, найжаданая няволя!»

Наступнае пытанне прагучала так: «Вы – укаранелая традыцыяналістка ў літаратуры. Але ж, пэўна, адчуваеце, як літаратура пачынае задыхацца сама ад сябе – ад напісанага, назапашанага, напластаванага стагоддзямі… Ды і тое выцясняецца з духоўнага ўжытку тэлеэкранам, кіно, камп’ютарнымі праграмамі… Што рабіць Слову, каб не ўпусціць чалавека?» Пачатак пытання, мабыць, некарэктны. Гэта адчулася ў першых сказах адказу: «Я сапраўды – «укаранелая». Я не навучылася ні хадзіць на галаве, ні станавіцца на катурны…» А на істотнае пытанне пісьменніца дала сутнасны адказ: «Избави нас от лукавого…» Шчырае Высокае Слова – яно мае гэтакую ж боскую ўладу, калі звернута да розуму, да сэрца і сумлення (калі яны ёсць у чалавека, а калі «сатана правит бал»?). Слова ўжо ўпусціла чалавека. А яшчэ больш упусціла грамадзяніна… У нашай дзяржаве».

Восьмае па ліку пытанне назаву яршыстым: «Чаму ў нашай літаратуры нічога з забароннага па тых часах не засталося ляжаць у пісьмовых сталах літаратараў? Ці было такое замірэнне з пануючым ладам жыцця, што ўжо і не верылася, і не думалася пра магчымае іншае будучае? Званні, ордэны, прэміі, ганарары, сталы заказаў, кватэры, дамы творчасці – адным словам, закармліванне пішучай браціі, вядома, давала патрэбны плён, атрафіравала творчасць… Як вы сябе адчувалі ў той сітуацыі і як чалавек і як пісьменніца?» Бадзёры «экзаменатар», мабыць, не чакаў такіх узважаных, пераканаўчых контраргументаў: «Хто яго ведае, чаму ў нашых, беларускіх, шуфлядах-сталах нічога («як у людзей») не засталося «дысідэнцкага»… Можа, гэта праз «ментальнасць» нашу – асцярожнасць беларускую… Напішаш, пакінеш, схаваеш… А там прыедуць уначы, знойдуць… Ды, вядома ж, і павязуць!.. …Што датычыць званняў, кватэр, ордэнаў, ганарараў, сталоў заказаў, дамоў творчасці… Дык, мілыя мае праведнікі! Назавіцеся мне хоць адзін, хто з вас адмовіўся – учора, пазаўчора, сёння не даюць! – ад кватэры, ці ганарараў, ці таго ж стала заказаў, ці Дома творчасці? Ці не імкнуўся – на злом галавы! – у члены Саюза пісьменнікаў? (Выключэнне, мабыць, толькі Анатоль Сідарэвіч і Сяргей Дубавец.) І што – вы ўсур’ёз так думаеце пра «атрафіраваную» творчасць? А такое імя – адно толькі! – як Іван Мележ – вам нічога не гаворыць? Ці, можа, сёння нехта з «новых» апярэдзіў ужо яго? …У мяне заўсёды быў – так склалася жыццё – найперш бясконцы жаночы марафон. (Самой гадаваць, вучыць, ладкаваць дзяцей. Не заўсёды паспяхова, не заўсёды, як хацелася…) Літаратура – хацела я таго ці не хацела – была як бы на другім плане. Што, аднак, не пакідала ў мяне адчування ні абдзеленасці, ні няшчаснасці. Тым больш не выклікала зайздрасці: ні да чужога поспеху, ні да чужых лаўраў ці дабрабыту… Зайздросціла я, грэшніца (і не знаходзіла ў сабе ні розуму, ні моцы суцешыць сябе), жанчынам-мацяркам: у каго былі… ружовыя тоўсценькія дзеці! Мае былі – сухары-зялёнкі… Вам смешна? А я вось выказалася – і як быццам зняла грэх з душы…» 

Вядома, якая балючая ў беларусаў тэма роднае мовы. Дзявятае пытанне Л.Галубовіча да шаноўнай госці часопіса было такое: «Якімі вам бачацца перспектывы беларускай мовы і літаратуры на ўваходзе ў трэцяе тысячагоддзе?» Адказваць Алена Сямёнаўна пачала як бы здаля: «Прэзідэнт Украіны Кучма ў Канадзе – пры афіцыйным пратаколе – пакуль не забяспечылі яму перакладчыка з яго роднай – украінскай! – мовы, на чужой мове не сказаў ні слова! Гонар нацыі. У Беларусі – пасля прэзідэнцкага рэферэндуму – жыхарства рэспублікі атрымала законны (?!) дазвол адмовіцца ад беларускай мовы. Мовы нацыі! І прэзідэнт рэспублікі і дагэтуль нават не здольны ўразумець, як ён перад усім цывілізаваным светам сам сябе… высек! … Пра якую перспектыву можна весці гаворку пры такім лікбезаўскім узроўні дзяржаўнага «мыслення»?» Крытыка вышэйшай дзяржаўнай асобы не была забаронена, аднак такое сабе дазволіць мала хто мог… Яна была па-грамадзянску смелая. 

Рэдакцыя той жа «Крыніцы» папрасіла Алену Васілевіч даць адказы на анкету – скласці сваю міні-анталогію, назваўшы 21 верш 21 беларускага паэта ХХ стагоддзя. І яна склала – ад Янкі Купалы («А хто там ідзе?..») да Леаніда Дранько-Майсюка («Вершы чароўнай А.»). Але яна так любіла і ведала паэзію, што недаўменна ўздыхнула: «Я вычарпала «ліміт»? А паэмна-вершаваныя філасафічныя «Сады» лірыкаў-казачнікаў Уладзіміра Дубоўкі і Васіля Віткі? Было там дзе разгуляцца на волі няўтомнаму Пегасу!.. А лірыка Генадзя Бураўкіна і Васіля Зуёнка, непадробным пачуццём усё зведаўшага і ўсё спасцігшага падабрэлага сэрца ўзнесеная на новую мудрую вышыню? А космас, а фантасмагарычная галактыка паэтычных уладанняў Рыгора Барадуліна! Як адшукаць у яе бязмежжы адзін толькі верш? Я ўпэўнена, сам Барадулін будзе блукаць і стоміцца. А Разанаў Алесь? Яго надвоблачны ўзлёт – адзіны ў абраным ім курсе (хоць у яго нямала ўжо і эпігонаў) – ён сягнуў сёння далёка за межы (і геаграфічныя) беларускай Паэтычнай Дзяржавы. Што дае падставу ганарыцца ўсім нам: Беларус-Паэт нарэшце стаў вядомы не толькі як «пан сахі і касы». Ах, каб толькі ў гэтым над і завоблачным узлёце побач з Майстрам было крышачку цяплей і звычайнай зямной душы…» Яшчэ і постскрыптум ёй спатрэбіўся, каб назваць паўтузіна менш вядомых.

Дарэчы, і ў прозе заўважаліся ёю не толькі знакамітыя і шырокавядомыя. Прыклад паказальны: «Прачытала пранізліва шчымлівыя «Дзіцячыя гульні пасля вайны» Міколы Купрэева. Колькі ў гэтай аповесці-ўспаміне чалавечай дабрыні і спагады! (Наша літаратура, як і само жыццё сёння, наталяе сябе – амаль выключна – жорсткасцю і падзеннем роду людскога.) Якія «нябачныя свету слёзы», сцішаныя, дзяціныя, дрыжаць на яе старонках…» Увага да аўтараў сталася ў жыцці Алены Васілевіч неад’емнай з даўняй пары, калі яна была кансультантам у «Курской правде», а пасля загадвала аддзелам культуры ў часопісе «Работніца і сялянка». Там, у часопісе, друкаваліся многія, а некаторыя нават пачыналі свой творчы шлях. Яшчэ школьнікам В.Кастручын гартаваў свае творчыя сілы якраз у рэдакцыі гэтага даступнага выдання. «Ольгина долька» – так назывўся яго першы аповед пра мурашку, ухвалены і надрукаваны Аленай Васілевіч. Пазней яна блаславіла яго першы зборнік «Берёзкины одёжки». Пасля рэкамендавала маладога творцу ў пісьменніцкі саюз. Валерый Кастручын стаўся вядомым не толькі ў Беларусі. Алена Сямёнаўна яго пачала называць беларускім Прышвіным. Замацавалася за ім і колішняя, ёй жа прыдуманая, мянушка: Мурашка. Кастручын па-беларуску піша сваё імя – Валер. Ён з добрым хваляваннем распавядае: «Штогод, з 2010-га да 2019-га, да дня нараджэння Алены Сямёнаўны я прыходзіў з новым зборнікам, уручаў ёй з аўтографам, і на кожную кніжку яна адгукалася. А ў 2019 годзе, пазнаёміўшыся з кнігай апавяданняў «Ангел милый», яна сказала: «Вы – сур’ёзны пісьменнік». 

Два лісты ад Алены Васілевіч зачытваў мне вядомы пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік. Яна, тадышняя загадчыца рэдакцыі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», заўважыла ягоны талент і запрашала прыслаць рукапіс будучага зборніка.

Я звярнуўся да Андрэя Федарэнкі, аднаго з маіх самых любімых празаікаў, з пытаннем, што ён думае пра Алену Васілевіч. Ён сказаў мне, што любіў і паважаў яе, як мала каго. «Некалі ў часопісе «Крыніца» ў рубрыцы «Постаць» напісаў пра яе колькі староначак, хваліў «Пачакай, затрымайся…» ды іншае, ставіў у адзін шэраг з Мележам і Чорным. Яна прыслала мне ўдзячны ліст, затым яшчэ адзін. Тыя лісты берагу як каштоўную памяць».

У тым часопісе, пра які ідзе гаворка («Крыніца», №25), Андрэй Федарэнка, пранікліва разважаючы пра пісьменнікаў розных, у тым ліку і пра А.П.Чэхава, адзін ягоны твор, Алену Васілевіч адносіць да імпрэсіўных творцаў, «якія не стараюцца ўладарыць над чытачом, а ідуць з ім поруч, здзіўляюцца разам з ім, даюць яму волю для асацыяцый». Там ён выступіў і як глыбокі аналітык, і, найперш, як таленавіты і рэдкасна ўважлівы чытач. Натуральна, Алена Сямёнаўна адазвалася. І адазваўся на маю просьбу Андрэй, малайчына, скапіраваў ейны лісток за 5 студзеня 1997 года, лісток настолькі прачулы, іскрысты, жыватроплівы (слова В.Ластоўскага), што, калі б я і не ведаў, ад каго ён, пазнаў бы: «Дарагі Андрэй Міхайлавіч! Не! – мілы Андрэй! Учора «Крыніца» падаравала мне «Крыніцу» (№25). Па шчырасці кажучы – і з нечаканым, і з вельмі, па-мойму, узнёслым «партрэтам»… І ў ёй Ваша добрае, вельмі важнае для мяне слова! Чаму важнае? Таму што прагучала яно з вуснаў сённяшняга маладога чалавека, пісьменніка, талент якога я люблю! Ён мне блізкі, і ён грэе і суцяшае маю душу… Ёсць Дабрыня, ёсць Светласць! Ёсць тое чароўнае, што здольна запальваць у душы чалавека шчасце… Але гэта я не ўмею вызначыць словамі… Дзякуй Вам! Сардэчна (подпіс Алена Васілевіч). З Новым годам! З Калядамі!»

Не памылюся, калі скажу: любоў да талентаў, самых розных, пульсавала ў яе ў крыві, неверагодна чыстая, таму і прадыктоўвала: «Лячуся хараством»; «Хараство выратуе свет? Ці выратуе – не ўпэўнена. Што лечыць – прысягаю»

Алена Васілевіч была своеасаблівым Эстэтычным Цэнтрам. У ёй столькі жыло сонца, што да яе людзі імкнуліся адусюль. А шанавала не толькі геніяў, класікаў – яна высока цаніла, часта цытавала маладзейшых, непаўторных: Міхася Стральцова, Жэню Янішчыц, Ніну Мацяш, Веру Вярбу, амаль земляка Леаніда Галубовіча, заакіянскіх беларусаў – Наталлю Арсенневу і Алеся Салаўя… У яе зямной галактыцы ставала месца ўсім улюбёным, закаханым, зачараваным, нераўнадушным, усяму чалавечнаму. А што да лячэння хараством, то найперш сваім хараством яна лячыла. У кастрычніку 1985-га, калі Алена Васілевіч аказалася ў санаторыі «Прыдняпроўскі» (пад Рагачовам), да яе дайшла чутка, што ў Жэні Янішчыц вельмі цяжка захварэў сынок. Цытую радкі з непараўнанага эцюда «Жэня, Жэнечка, дзе ты?!»: «Ці я не ведала, колькі важыць матчына пакута над хворым дзіцем?.. Ведаючы, што шчырае слова спагады і падтрымкі калі і не паможа, то хоць гаюча павее на збалелае сэрца, я тут жа напісала Жэні ліст. А неўзабаве атрымала і ад яе адказ. «Мілая Алена Сямёнаўна, добрага Вам здароўечка! Дзякуй Вашаму адзыўліваму шматпакутнаму сэрцу, дзякуй за ўсе харошыя пажаданні!»

Той Жэнін ліст быў грунтоўны – пра ўсё перажытае над цяжка хворым сыночкам. Яшчэ цытую Алену Васілевіч: «…Перачытваю старонкі таго даўняга Жэнінага пісьма, і, здаецца, і сёння, як жывую, бачу яе, укленчаную перад сынавым ложкам, над спалатнелым любым тварыкам… Чую роспачны голас-маленне да дактароў, да Бога: «Выратуйце!.. Злітуйся, Усявышні, над маім сыночкам!» …Знямелая Муза пакідае бальнічную палату. Застаецца адна Маці. Сам-насам са сваёй Любоўю, Надзеяй і Верай. Вершы вернуцца да яе потым. Пра вершы Жэні Янішчыц пісалі і яшчэ напішуць. Іншыя. Я ведала Жэню не толькі як Паэтэсу. Я ведала – Маці і Жанчыну».

Крыху вышэй чытаю: «…Перагортваю Жэніны кнігі. Па многу разоў вяртаюся і перачытваю радкі, якія помню і люблю. Нешта, пэўна, блізкае і сугучнае знаходзіла, адчувала і яе душа на маіх уласных старонках».

«Мілая Алена Сямёнаўна, дай Бог здароўя, бо жаль наш несканчоны. Дзякуй лёсу, што ёсць Вы і Ваша глыбокае сэрца. Ваша творчасць!!! Ваша Жэня Янішчыц». (Такі надпіс пакінула паэтэса на кнізе лірыкі «Пара любові і жалю».)

***

Хто б ты ні быў, шаноўны чытач, думаю, лёгка ўявіш, як пашанцавала мне, што і я зведаў напоўніцу цеплыню і святло няўтомна-чалавечнага сэрца-сонца Алены Васілевіч. І ў кнігах. І ў жыцці, працуючы ў рэдакцыі, якой яна кіравала. Тады мы выдавалі добрыя кнігі, напрыклад – «Люблю будзённы дзень». Дзякуй, Алена Сямёнаўна, за свята нашых плённых будняў! За абаяльную ўсмешку Вашых вуснаў і вачэй! За Вашы кнігі, да якіх вяртаюся як да гаючай крыніцы. Ніколі не забуду Ваша крылатае мне пажаданне «Нястомнага ўзлёту ў паэзіі, нястомнай хады ў прозе» на тытульнай старонцы кнігі «Пачакай, затрымайся…» у красавіку 1979 года. Нашмат пазнейшы аўтограф Вы мне падаравалі з кнігаю «Першая жонка нябожчыка»: «Васілю Жуковічу… Якія тут скажаш словы, дарагі Васіль? Радуюся, што Вы ёсць у беларускай паэзіі. І не меней захапляюся, што проза даруе Вам таксама натхнёныя спатканні… Выбірайце (час ёсць!), якая з гэтых каханак мілейшая Вам. І няхай іскрыцца насустрач ёй Ваша паэтычнае, усё ж паэтычнае! Пяро!»

Яшчэ я Вам дужа ўдзячны, што выдатна выхавалі сына, з кім я пасябраваў і каго палюбіў як брата. Ён жа ахоўна дагледзеў Вас і здзейсніў усё так, як Вы хацелі. Светлая памяць!

Васіль Жуковіч

Публікацыя – з № 71 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: