Вольга Няфёдава

Усе дзяржслужачыя ў нашай краіне даўно ведаюць няпісанае правіла: калі хочаш зрабіць кар’еру, мусіш спадабацца самаму галоўнаму начальніку. Любым спосабам. На нейкай нарадзе з яго ўдзелам хвалебны спіч выдай. На дажынках падзякуй за бацькоўскі клопат. На тэлекамеру дрыжачым голасам скажы пра гаранта стабільнасці і зберагальніка незалежнасці. Удасца, падфарціць – і хуценька палезеш ты па службовай лесвіцы туды, куды лезуць многія, з мылам і без мыла, забыўшыся на прыстойнасць і чалавечую годнасць.

Як мне здаецца, падобны шлях абрала сабе і акцёрка Купалаўскага тэатра Вольга Няфёдава, якой нядаўна Аляксандр Лукашэнка прысвоіў званне заслужанай артысткі. Чым жа яна яго заслужыла? Акцёрскім майстэрствам? Галоўнай роляй у спектаклі, які стаў адкрыццём на міжнародным фестывалі? А можа, яна была адзначана хоць бы айчыннай «Крыштальнай Паўлінкай» – тэатральнай прэміяй, якая сведчыць: ты – лепшая ў прафесіі? Ды не. Нічога з пералічанага з Вольгай Няфёдавай не адбылося.

А адбылася слёзная сцэна ў знішчаным тэатры, калі туды завітаў Аляксандр Лукашэнка з дзіўным падарункам – гарэлачным наборам, які і быў уручаны старажылу тэатра Генадзю Аўсяннікаву. Можа, хацеў з ім выпіць на памінках тэатра, які разам з усім народам узбунтаваўся пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў? Цяжка сказаць. Але тое, што ў той сумнаваты момант ён выглядаў падазрона вясёлым, прызнаўшыся, што не шкадуе пра загублены тэатр, – гэта бачылі і чулі ўсе.

І вось якраз тады Няфёдава, мне паказалася, і датумкала, што настала яе зорная хвіліна. Абрынуўшы на Лукашэнку непрыхавана падхалімскі спіч, нагаварыўшы яму самых неверагодных кампліментаў, акцёрка эфектна пусціла слязу. Эфект той выглядаў танненька, сляза была менавіта акцёрскай, але гэта ўжо, як кажуць, дробязі.

Неўзабаве сярэдняй рукі акцёрка, якая не выканала ніводнай галоўнай ролі і не паставіла ніводнага ўласнага спектакля, была прызначана галоўным рэжысёрам Купалаўскага тэатра (?!). На месца заслужана праслаўленага Мікалая Пінігіна, на чые спектаклі («Тутэйшыя», «Пінская шляхта», «Ідылія», «Кароль Лір») заўсёды валам валіў народ. Паставіць нешта падобнае новая кіраўніца і не замахваецца. Яна спрабуе, набраўшы ў штат таго, хто пад руку трапіўся, рэанімаваць старыя (чужыя!) спектаклі, па сутнасці, паразітуе на дасягненнях папярэднікаў. Наўрад ці і стаўшы заслужанай артысткай, Няфёдава сыграе ці паставіць што-небудзь шэдэўральнае. Вышэй галавы не скочыш. Талент разам з пасведчаннем не выдаецца.

І ўсё ж аддамо ёй належнае. Своечасова паплакацца ў камізэльку каму трэба – гэта таксама своеасаблівы талент.

У беларускім тэатральным закуліссі, кажуць, ужо прыжыўся выраз «слёзы Няфёдавай» – беларускі адпаведнік «кракадзілавых слёз», што азначае прытворныя, фальшывыя пачуцці.

З чым мы і віншуем новаспечаную заслужаную артыстку.

Публікацыя – з № 71 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: