Роман Бондаренко

Пракуратура прыпыніла расследаванне абставін смерці Рамана Бандарэнкі ў сувязі з нібыта немагчымасцю знайсці вінаватых. Пакуль справа прыпынена, нельга праводзіць следчыя дзеянні: допыты, агляды, выемкі і гэтак далей. Можна праводзіць толькі «аператыўныя мерапрыемствы», кшталту праслухоўкі. Праз 15 год з моманту прыпынення справы яна па законе павінна быць закрыта за тэрмінам даўніны.

Дзейны следчы ў званні маёра пракаментаваў «Нашай Ніве» прыпыненне Генеральнай пракуратурай расследавання.

Маёр кажа, што практыка расследавання, напрыклад, тых жа забойстваў звычайна такая: бяруць і затрымліваюць усіх, хто можа мець дачыненне.

«Калі падазраваныя як мінімум у ІЧУ, з імі актыўна працуюць аператыўнікі, каб раскруціць на яўку з прызнаннем віны.

Нераскрытае забойства — гэта надзвычайнае здарэнне, за якое начальнік міліцыі раёна атрымлівае вымову, або ўвогуле здымаецца з пасады.

Што датычыць справы Бандарэнкі, то яна не складаная. Ёсць сведкі злачынства, вядомы папярэдні спіс падазраваных, дакладна ёсць матэрыялы праслуховак па некаторых з іх.

Паводле логікі, ніякіх перашкодаў для таго, каб знайсці вінаватых, не існуе.
Таму следчы, які не прыняў неабходных захадаў, падчас пераразгляду гэтай справы будзе правераны на датычнасць да злачынстваў, прадугледжаных артыкулам 399 КК РБ (незаконнае вызваленне ад крымінальнай адказнасці), арт. 405 КК РБ (укрывальніцтва злачынстваў), арт. 425 КК РБ (бяздзеянне службовай асобы).

Тэрмін даўніны па справе Бандарэнкі — 15 год. У тым, што гэта менавіта забойства, я не сумняваюся, бо характар пашкоджанняў указвае на гвалтоўны характар смерці, абставіны атрымання ўказваюць на праяву ідэалагічнай варажнечы. Я думаю, фігуранты гэтай гісторыі не сыдуць ад адказнасці», — лічыць следчы.

Поделиться ссылкой: