Сяргей Законнікаў

Учора вядомы беларускі паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы адзначыў 75-гадовы юбілей. Народная Воля» павіншавала яго з гэтай датай…

– Я заўсёды ваюю з юбілеямі, – шчыра прызнаецца Сяргей Іванавіч. – У мяне ў адным з вершаў нават ёсць такія радкі:

Хтось млее па банкетах і прамовах,

Дзе змешаны гарэлка і ялей…

А мне абрыдлі Два варожых словы:

Адно – цэйтнот, Другое – юбілей.

Ды і часы прыйшлі такія, што не да святкаванняў. Я зараз пасля аперацыі знаходжуся на строгім каранціне, мой хірург-кардыёлаг сказаў так: «Ты, брат, нават не варушыся. Сядзі спакойна дома, пішы і не надумайся бегаць па сваіх тусоўках». Але цяпер і так усё пазакрывалі – бегаць няма куды.

Таму сустрэў юбілей у каранціне і адначасова ў радасці, што ў мінулым годзе напісаў пяць паэм, іх паспелі надрукаваць, а ў юбілейны дзень мне падарылі кнігу «Вечны пароль».

– А чаму вы так скептычна ставіцеся да ўсіх юбілеяў?

– І без святкаванняў ведаю, што пражыў дастаткова неблагое жыццё, а таму сёння радуюся іншаму. Найперш – што ў мяне ёсць дзве цудоўныя дачкі, не менш выдатныя ўнук і ўнучка. А ўжо з гэтага вырастае ўсё астатняе – і паэзія, і гэтак далей. Паэзія вырастае ад гэтага неба, ад дзетак, што бегаюць пад акном і шчабечуць.

Таму радуюся кожнаму дню – не толькі юбілейнаму. Устаю рана, кладуся позна. Паціху нешта раблю. Пішу паралельна адразу чатыры кнігі.

– Як вы сябе пачуваеце ў 75 гадоў?

– Як ужо казаў, не так даўно мне зрабілі аперацыю на сэрцы, якая цягнулася шэсць з паловай гадзін. З улікам гэтага сёння і жыву, нічым не злоўжываю. Маю на ўвазе не толькі забарону на тытунь і алкаголь. Неабходна здаровае харчаванне і спакойная абстаноўка. Па меры таго, што можна рабіць, я і раблю. Таму кожны дзень, які мне даецца вышэйшай воляй, сустракаю з удзячнасцю і радасцю.

– Каб захоўваць душэўны спакой, нядрэнна было б яшчэ і штодзённыя навіны не глядзець і не чытаць…

– Думаю, наогул стварыць вакол сябе інфармацыйны вакуум немагчыма, але я, напэўна, больш спакойна ўспрымаю тое, што сёння адбываецца ў краіне, чым іншыя.

Справа ў тым, што яшчэ ў 1994 годзе я ведаў, чым усё закончыцца, і публічна пра гэта казаў і пісаў. Нагадваў, што з тымі кадрамі, якія ўварваліся ва ўладу, мы абавязкова прыйдзем да «бананавай рэспублікі». Прыкладна гэта зараз і маем.

Усе тыя філасофскія і чалавечыя роздумы, што я амаль 27 гадоў друкаваў у СМІ, яны, на жаль, практычна ўсе спраўдзіліся. І мне ад гэтага ніякай радасці няма.

З іншага боку, я ніколі не складваў рукі і ніколі не губляў аптымізму. Лічу, што ў гісторыі чалавецтва былі і горшыя часы. Перажылі іх – перажывём і гэта. Я больш спадзяюся на нашу прыродную натуру і сілу беларускага роду. Беларусы ўсё-такі – надзвычай цягавіты народ…

Публікацыя – з № 71 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: