Вікторыя Азаранка

Днямі міністр спорту Беларусі раскрытыкаваў тэнісістку Вікторыю Азаранка, якая адмовілася выступаць на Алімпіядзе ў Токіа. Як кажуць, успомніў пра ўчарашні дзень.

«Такія паводзіны не ўпрыгожваюць Азаранка ні як спартсменку, ні як чалавека, ні як грамадзяніна Беларусі, – распякаў былы супрацоўнік Службы бяспекі прэзідэнта Сяргей Кавальчук, які зараз кіруе беларускім спортам, былую першую ракетку свету. – Гэта непрыемна. Ну як не пазмагацца за гонар краіны? Не дапамагчы ў той момант, калі ў табе маюць патрэбу. Не павесці за сабой маладых, не натхніць іх сваім прыкладам. Тую ж не заўсёды стабільную Арыну Сабаленка. Ды і ўласныя амбіцыі задаволіць і паспрабаваць замахнуцца на тытул двухразовай алімпійскай чэмпіёнкі».

Славутая тэнісістка пакуль ніяк не адрэагавала на гэты выпад міністра спорту, аднак можна ўспомніць, з чаго ўсё пачыналася.

Пасля выбараў мінулага года, калі людзі выступілі супраць фальсіфікацый падчас выбарчай кампаніі і гвалту з боку сілавікоў, выказалася і Вікторыя Азаранка.

«Я вельмі люблю Беларусь і малюся, каб усе бакі спынілі гвалт і беспарадкі і перайшлі да мірных перамоў, – заявіла спартсменка. – Толькі такім чынам можна вырашыць узніклыя рознагалоссі і вярнуцца да мірнага жыцця».

Праз нейкі час у інтэрв’ю NewYork Times Вікторыя больш падрабязна агучыла сваю пазіцыю: «Усё, што адбываецца зараз у Беларусі, разбівае мне сэрца. Вельмі сумна і вельмі складана казаць пра гэта. Я толькі спадзяюся, што гвалт неадкладна спыніцца. Я не магу распавядаць пра гэту сітуацыю без слёз на вачах.

Спадзяюся, што галасы людзей будуць пачуты. Як я ўжо казала, гэта вельмі складаны прадмет для абмеркавання. І я не хачу нікога пакрыўдзіць або каб мае словы выкарыстоўваліся кім-небудзь у сваіх мэтах. Таму буду рабіць тое, што лічу патрэбным, не прыцягваючы да гэтага ўвагі медыя, якія могуць перакруціць усё па-свойму».

Пасля гэтага Вікторыя Азаранка заняла нейтральную пазіцыю – не выказвалася з нагоды таго, што адбываецца ў Беларусі, але і не выступала ў нейкіх прапагандысцкіх сюжэтах. Але для многіх абсалютна нечаканай стала заява спартсменкі, што яна не паедзе на Алімпіяду ў Токіа. Прынятае рашэнне Вікторыя патлумачыла досыць коратка: «Я прыняла вельмі складанае для мяне рашэнне не браць удзелу ў Алімпійскіх гульнях…»

Да гэтага часу не вядома, што стала сапраўднай прычынай адмовы тэнісісткі. Гэта маглі быць і траўмы, і жаданне лішні раз не рызыкаваць, каб не захварэць у Токіа на каранавірус, і, магчыма, прыхаваная грамадзянская пазіцыя.

Але, як бачым, для таварыша Кавальчука непрымальны ніводны варыянт, бо Азаранка павінна была і ў сне думаць толькі пра «гонар краіны».

Да яго, відаць, ніяк не можа дайсці, што спартсмены могуць праігнараваць нават спаборніцтвы такога ўзроўню. І зусім не таму, што не любяць Радзіму. У тэнісістаў і лёгкаатлетаў таксама можа быць і гонар, і годнасць, і людзі разумеюць, што насамрэч адбываецца ў краіне. Міністр у першую чаргу і павінен выслухоўваць усіх спартсменаў, знаходзіць падыход да кожнага, а не сядзець у сваім крэсле толькі для таго, каб дзяліць іх на «правільных» і «няправільных» ды кідаць кавалкі з барскага стала тым, хто «адданы» ці ў лепшым выпадку – маўклівы. А нязгодных – ату іх!

У тэнісе ёсць такое паняцце, як двайная памылка. Гэта калі і з другога разу не атрымліваецца падача, і саперніку аддаецца ачко. Як мне падаецца, Сяргей Кавальчук так і не зразумеў, што вынік у спорце можа быць толькі тады, калі ў спартыўнай сям’і лад і згода. Гэта яго першая памылка. А калі дылетант у спорце пачынае павучаць прафесіяналаў, то гэта ўжо двайная памылка і поўны аут.

Праваліліся на Алімпіядзе – дык рабіце ўрокі над памылкамі!

Публікацыя – з № 71 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: