У музейным пакоі, прысвечаным спадчыне Сапегаў у Дзярэчыне

У Зэльвенскім раёне Гродзенскай вобласці на тэрыторыі ўсіх сямі сельсаветаў адкрываюць дамы-музеі мясцовага побыту. Чатыры ўжо дзейнічаюць. Падобнага стаўлення да сваёй мінуўшчыны не назіраецца ні ў адным раёне вобласці, зрэшты, як і ў цэлым па краіне. У адным з такіх дамоў-музеяў – у мястэчку Дзярэчын – пабываў карэспандэнт «Народнай Волі».

Дамы-музеі мясцовага побыту
Дом-музей мясцовага побыту ў мястэчку Дзярэчын Зэльвенскага раёна.

Ідэю прапанаваў кіраўнік раёна

Дамы-музеі ў Зэльвенскім раёне адкрываюць у пакінутых хатах. Гаспадары, якія некалі іх будавалі, ужо сышлі ў нябыт, а іх дзецям і блізкім у сілу розных абставін яны аказаліся не патрэбны.

Спецыяліст аддзела спорту і турызму Зэльвенскага райвыканкама Дзмітрый Сухалет, які непасрэдна ўдзельнічае ў гэтай ініцыятыве, распавядае, што ідэю стварыць дамы-музеі падаў старшыня райвыканкама Дзяніс Альшэўскі. Ён, як высветлілася, добра памятае жыццё ў такой хаце і заўсёды з цеплынёй аб гэтым гаворыць. А цяпер, маўляў, паўсюль аднолькавая тэндэнцыя: старэйшыя пакаленні сыходзяць, а моладзь і дзеці не заўсёды ведаюць, як і ў якіх умовах жылі іх бацькі і дзяды.

– У нас у раёне сем сельсаветаў, дамоў пустуючых шмат, а таму і было прынята рашэнне стварыць такія дамы-музеі, – кажа Сухалет. – Мы не замахваемся на археалогію, на нешта старажытнае – наша ідэя паказаць побыт людзей, аўтэнтычныя рэчы, якія акружалі сялян у ХХ стагоддзі. Для маладых пакаленняў гэта ўжо гісторыя.

Працу па стварэнні дамоў-музеяў усклалі на мясцовыя сельсаветы і работнікаў аддзела культуры. Экспазіцыю вырашылі ствараць з усіх рэчаў матэрыяльна-гаспадарчай дзейнасці людзей таго рэгіёна, дзе адкрывалі канкрэтны дом-музей мясцовага побыту. Дзмітрый Станіслававіч робіць акцэнт на тым, што нават у іх невялікім раёне ў кожным сельсавеце ёсць свае адметнасці побыту людзей.

– У нас, як і традыцыйна ў Заходняй Беларусі, ёсць вёскі каталіцкія і праваслаўныя, а таксама і такія, дзе дзейнічаюць і праваслаўны, і каталіцкі храмы, – зазначае мой суразмоўца. – У адной з вёсак былі вядомыя на ўсю акругу ганчары, у другой – бондары, у трэцяй – ткачыхі і г.д. У гэтым і была адметнасць.

Шмат грошай не спатрэбілася

У Дзярэчыне ў Дом-музей мясцовага побыту ідзём са старшынёй сельсавета Аляксандрам Белякалам. На адной з местачковых вуліц звычайная сялянская хата з адпаведнай шыльдай. Адкрылі музей зусім нядаўна, на пачатку верасня.

Аляксандр Аляксандравіч адкрывае хатку, уключае святло. У сенцах на сцяне паліто, кажушок, ватоўка – рэчы яшчэ былых гаспадароў. Хатцы на выгляд гадоў 80, гаспадароў не стала, а дзеці жывуць у горадзе і перадалі яе сельсавету.

У доме ўжо даўно не жылі людзі, але ён збудаваны, як заўважае мой суразмоўца, з сапраўднага дрэва, дах пакрыты, не працякае, а таму хата стаіць.

– Вялікіх грошай сюды не ўкладалі, – кажа старшыня сельсавета. – Падфарбавалі звонку, сцены пабялілі – усё сваімі сіламі разам з людзьмі. Многія экспанаты засталіся ад гаспадароў, некаторыя – з пустуючых дамоў, нешта людзі прыносяць, і я сам езджу па ваколіцы і самае цікавае збіраю.

Аляксандр Аляксандравіч кажа, што, падбіраючы хатку пад музей, глядзелі, каб у ёй была сапраўдная руская печка з цэглы, абмазаная глінай і пабеленая, з лежаком. Дарэчы, печка ўражвае, бо незвычайная, не грувасткая, а вельмі ахайная і функцыянальная. Экспанатаў пакуль не так і шмат, але атмасфера вясковай хаты ХХ стагоддзя тут адчуваецца.

Жалезны ложак, люлька, каб калыхаць дзіця, куфар з натканымі дыванкамі, калаўрот, прайгравальнік з вінілавымі кружэлкамі, прас на вуглях, гліняныя збаночкі, маслабойка, посуд на прыпечку, чыгункі, на сценках старыя здымкі, іконы… Напэўна, усе гэтыя рэчы хатка на сваім вяку бачыла.

– Не стае тэлевізара «Нёман», – усміхаецца старшыня сельсавета. – А гэта былі першыя тэлевізары, што з’явіліся некалі ў нашых вёсках, з памерам экрана – як зараз у кожнага дзіцёнка на гаджэтах.

А ў каморцы цэбры, кош для хатніх кілбас, шынкоўка, інструмент сталярскі – усе рэчы аўтэнтычныя і нібыта заўсёды тут знаходзіліся.

– Гэтая наша зацея вельмі мясцовых людзей зацікавіла, – кажа Аляксандр Аляксандравіч. – Пераважна пенсіянеры прыносяць сюды розныя старыя рэчы, і адчуваецца, што ім хочацца, каб нашчадкі ведалі і бачылі, як яны жылі. Хочацца людзям нешта пасля сябе пакінуць…

Планаў шмат

Дзмітрый Сухалет кажа, што найперш хочацца, каб сюды прыходзілі дзеці, вучні школ, бо нават многія вясковыя зараз не ведаюць, для чаго прызначаны тыя ці іншыя рэчы, і не ўмеюць імі карыстацца. Для гэтага раённым аддзелам адукацыі ўжо распрацаваны план, паводле якога школьнікі з усяго раёна змогуць аб’ехаць усе сем музеяў, каб пазнаёміцца з бытам сваіх продкаў. Плануецца асобны маршрут па дамах-музеях і для дарослых.

– Стратэгічна мы плануем уключыць нашы музеі ў маршруты, якія распрацоўваюцца для праекта «Заходняя скарбонка», – распавядае Дзмітрый Станіслававіч. – Гэты турыстычны праект уключае ў сябе Слонімскі, Зэльвенскі, Ваўкавыскі і Свіслацкі раёны, дзе дастаткова шмат цікавых месцаў і помнікаў.

Спадар Сухалет зазначае, што толькі ў Дзярэчыне цікаўныя турысты могуць затрымацца больш, чым на дзень. У мястэчку існуе музейны пакой, прысвечаны спадчыне Сапегаў, дзейнічае музей рамёстваў, дзе пастаянна абываюцца майстар-класы для турыстаў, а цяпер яшчэ з’явіўся і Дом-музей мясцовага побыту.

– Некалі гэтая пандэмія скончыцца, і мы зараз не спыняемся рыхтаваць турыстычныя маршруты і аб’екты, – заўважае Сухалет. – А турысты абавязкова прыедуць, бо ў нас ёсць што паглядзець.

У музейным пакоі спадчыны Сапегаў, куды я таксама завітаў, атмасфера іншая, чым у Доме-музеі мясцовага побыту. Дарэчы, ён існуе толькі два гады, і ёсць планы, каб пашыраць экспазіцыю. Пасярод залы макет палаца Сапегаў, на сценах рэпрадукцыі Напалеона Орды, у тым ліку з выявай Дамініканскага кляштара і касцёла, нешматлікія экспанаты – усё гэта таксама мінулае Дзярэчына. Палаца і кляштарнага комплексу, на жаль, ужо няма. Шкада, што ад мінуўшчыны мала што засталося, няма да чаго наўпрост дакрануцца, каб адчуць подых гісторыі. Таму такія нават сціплыя музеі сёння бясцэнныя.

Публікацыя – з № 71 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: