Ігар Банцэр перад ад'ездам на «хімію», чэрвень 2021. Фота: Радыё Свабода

Рок-музыку Ігара Банцэра выпусцілі са штрафнога ізалятара, дзе ён правёў апошнія 40 дзён. Як паведамляе Радыё Свабода, за парушэнні яго збіраюцца пераводзіць з «хіміі» у калонію.

Апошнія 19 дзён палітвязень трымаў галадоўку, піў толькі ваду. Адчувае сябе кепска, думае, што выйсці самастойна ня здолее, будзе дамагацца пераводу ў шпіталь.

Сёлета ў сакавіку, падчас суду, музыка галадаў 16 сутак бязь ежы і вады. Пасля гэтага яго здароўе пагоршылася, пачаліся праблемы са страўнікам. Калі ён выйшаў з турмы, у яго выявілі гепатыт С.

Апошнія тры тыдні ў штрафным ізалятары Ігар Банцэр ня мыўся, каб не захварэць.

Таксама стала вядома, за што яго каралі чатыры разы запар. Першыя 10 сутак ён атрымаў, бо спазніўся на некалькі хвілін на адбой. Столькі ж у другі раз – «быў ня голены». Трэці – нібыта адмовіўся прыбіраць туалеты. Чацвёрты – сварыўся з супрацоўнікамі «хіміі».

Вязню паведамілі, што яго будуць пераводзіць з папраўчай установы адкрытага тыпу ў Віцебску ў калонію.

Поделиться ссылкой: