Дзмітрый Кубараў

На працягу двух тыдняў у судзе Фрунзенскага раёна разглядалі пазоў «Мінсктранса» да Дзмітрыя Кубарава.  У сакавіку ён ужо быў асуджаны на 7 гадоў калоніі за “арганізацыю масавых беспарадкаў”. Цяпер жа, па новых дадзеных «Мінсктранса», палітзняволены вінаваты ў спыненні грамадскага транспарта на 107 маршрутах. Установа патрабуе кампенсацыі стратаў у памеры 45 181 рубля і 42 капеек.

Як паведамляюць праваабаронцы, інтарэсы «Мінсктранса» на судзе прадстаўлялі два адваката: Святлана Бацькова і Раман Прановіч, а таксама генеральны дырэктар прадпрыемства Алег Дзюбенка. Дзмітрыя Кубарава на суд не дастаўлялі і не забяспечылі яго яўку праз відэасувязь. Інтарэсы палітвязня на судзе прадстаўляў толькі адвакат.

Адразу пазоў да Кубарава складаў 69 273 рубля і 58 капеек, але пасля пераліку суму скарацілі да 45 181 рубля і 42 капеек, а астатнія 24 092,16 рублёў вылучылі ў асобныя вытворчасці судоў Заводскага і Савецкага раёнаў.

Згодна з пазовам, такія грошы «Мінсктранс» страціў за 6 гадзін і 40 хвілін (з 18:30 11 жніўня да 1:10 12 жніўня) спынення грамадскага транспарта каля станцый метро «Малінаўка» і «Пятроўшчына».

На судзе адвакат палітвязня заўважыў, што Кубараву «прыпісалі» 57 лішніх маршрутаў адносна акта, які быў прадстаўлены суду раней. Пасля спрэчак высветлілася, што пазоўны акт быў недакладны. Па новых звестках, Дзмітрый Кубараў спыніў транспарт на 107 маршрутах.

Па логіцы прадстаўніцы «Мінсктранса» Святланы Бацьковай, усю суму спаганяюць толькі з Кубарава, бо ён асуджаны за арганізацыю масавых беспарадкаў. Пракурор прапанаваў Кубараву самому спаганяць суму з «нявысветленых асобаў», калі іх прызнаюць вінаватымі. А калі невядомых асоб усё ж такі выявяць, то сума з Кубарава будзе спагнаная прапарцыйна з астатнімі адказчыкамі.

Суддзя Інэса Курко задаволіла пазоў «Мінсктранса». Таксама з палітвязня спагоняць пошліну — 2 259 рублёў.

25-гадовы дызайнер Дзмітрый Кубараў быў жорстка затрыманы 11 жніўня 2020 года. Тады яго даставілі ў СІЗА КДБ, дзе ён падпісаў яўку з павіннай. На судзе Дзмітрый заявіў пра катаванні пасля затрымання, але быў абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў, а 24 сакавіка пакараны 7 гадамі пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму. На судзе Дзмітрый сваю віну не прызнаў.

Поделиться ссылкой: