Допыт Віталя Вайцяховіча

15 верасня на ўсіх дзяржаўных тэлеканалах выйшлі сюжэты, прысвечаныя барысаўскай сям’і Вайцяховічаў. Іх вінавацяць у кіданні кактэйля Молатава ў дом Алега Гайдукевіча і падрыхтоўцы шэрагу іншых злачынстваў.

Вольгу і Віталя Вайцяховічаў, іх сына Улада з жонкай Насцяй затрымалі 13 жніўня. Паведамляецца, што Улад з бацькам рыхтавалі некалькі тэрарыстычных атак: на сілавікоў, суддзяў, тэлевядучых і Гайдукевіча. Планавалі выкрадаць, катаваць і запісваць пакаяльныя відэа. Жонка Улада ўдзельнічала ва ўсім як аператар. Агулам па справе затрымалі больш за 20 чалавек. Крысціна, дачка Вольгі і Віталя Вайцяховічаў пракаментавала сюжэты для «Нашай Нівы».

«Мяне ўсю калоціць, я не думала, што мае родныя на такое здольныя. Паказалі на відэа, што яны асабіста кідалі тое… Я сама ўбачыла, што яны рабілі, што яны падпальвалі аўто…

Паказалі іх твары, што гэта былі яны…

Але прычым там мая мама, я не разумею.

У той дзень, калі яны нібыта паехалі на рыбалку, мой муж хацеў ехаць з імі. Але бацька сказаў, што не варта, гэта далёка, і ўвогуле «лета не скончылася яшчэ, з’ездзім пасля». Муж вельмі прасіўся, але бацька адмовіўся браць яго. Я тады не надала ўвагі гэтаму. А атрымліваецца, гэта быў той раз.

Каб я была чужым чалавекам, то ўражанне пра гэтых людзей у мяне б склалася не самае лепшае. Але ж гэта мае родныя. Я не лічу іх злачынцамі ці тэрарыстамі.

Але я ў шоку, што яны гэта ўсё рабілі. У іх малы сын, у іх нядаўна нарадзіўся ўнук — і чым яны думалі, калі тое рабілі? Я не разумею», — кажа Крысціна.

Поделиться ссылкой: