Зборная Беларусі па футболе памаладзела, але выніку ўсё роўна няма.

У адборачнай групе да чэмпіянату свету 2022 года беларускай камандзе засталося правесці тры матчы. 8 кастрычніка зборная ў гасцях згуляе з эстонцамі, 11 кастрычніка – з Чэхіяй і 13 лістапада – з Уэльсам.

Нагадаем, што чатыры апошнія матчы беларусы прайгралі: бельгійцам – 0:8, Чэхіі – 0:1, Уэльсу – 2:3, Бельгіі – 0:1 на «дамашнім стадыёне» ў Казані. Як вядома, наша зборная не можа праводзіць гульні ў Мінску з-за патрабаванняў УЕФА аб забеспячэнні прамога авіярэйса да месца правядзення матча. А зараз арганізацыя такога пералёту немагчыма пасля скандальнай пасадкі ў Мінску рэйса Ryanаir.

На гэты момант зборная займае перадапошняе месца ў групе, і аптымістычныя перспектывы практычна не праглядаюцца. Нават футбалісты гэта разумеюць.

«У Беларусі мы цяпер як казлы адпушчэння, – выказаўся абаронца зборнай Мікалай Золатаў. – Ніхто за нас не балее, нас падтрымліваюць лічаныя адзінкі. Нават такім вынікам, паражэннем ад бельгійцаў 0:1, мы многім сапсавалі настрой. Будуць казаць, што яны ўсё роўна прайгралі, што сапернік гуляў напаўсілы.

Так, адсутнасць выніку – гэта дрэнна. Але такімі гульнямі мы будзем паступова вяртаць войска балельшчыкаў. Спадзяюся, надыдзе час, калі людзі будуць да нас хоць бы нейтральна ставіцца, а потым пачнуць і падтрымліваць».

«Каманда будуецца ў нас, яна новая, – выказаўся і галоўны трэнер каманды Георгій КАНДРАЦЬЕЎ. – У параўнанні з сакавіцкімі матчамі яна абнавілася працэнтаў на восемдзесят, памаладзела. І паказвае даволі нядрэнны футбол. Я думаю, што мы на правільным шляху».

Цікава, што пасля правалу хакейнай зборнай Беларусі ў алімпійскай кваліфікацыі галоўны трэнер беларускай каманды Крэйг Вудкрафт таксама заявіў, што «развіццё хакея ў Беларусі ідзе правільным шляхам».

А вось у выказваннях балельшчыкаў на форумах менш аптымізму: «Гэта міні-копія таго шляху, па якім ідзе ўся краіна… Правільны шлях – шлях развіцця, стварэння. Як сэрца падказвае. А па ўказцы – шлях у прорву.

Будаўнікі камунізму таксама будавалі-будавалі, а так нічога і не набудавалі. Хаця каму патрэбна, той свой кавалак адхапіў і на шляху да камунізму. Як ужо людзям надакучыла гэтае пастаяннае будаўніцтва!»

Публікацыя – з № 70 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: