Зянон Пазьняк. Фота: vk.com

Вядомы палітык Зянон Пазьняк, які больш за дваццаць гадоў знаходзіцца ў эміграцыі, некалькі дзён таму заклікаў Захад прыпыніць санкцыі ў дачыненні да Беларусі і пачаць перамовы з лукашэнкаўскім рэжымам.

«Падзеі выглядаюць так, што ў інтарэсах беларускага народа трэба адмяніць авіяпасажырскую і наземна-транспартную блакаду Беларусі, – заявіў старшыня КХП–БНФ. – Трэба аднавіць сувязі паміж людзьмі і кантакты паміж народамі, камунікацыі з грамадствам.

Другое – прыпыніць эканамічныя санкцыі, замарозіць іх (бо санкцыі ўладу дыктатара не зваляць) і ўступіць у перамовы з процілеглым бокам аб спыненні рэпрэсій, катаванняў людзей, аб спыненні пераследу грамадзянскай супольнасці. Яшчэ ёсць час».

«Народная Воля» звярнулася да шэрагу палітычных і грамадскіх дзеячаў з пытаннем:

ЦІ ЗГОДНЫ ВЫ З ЗЯНОНАМ ПАЗЬНЯКОМ?

Павел ЛАТУШКА, палітык:

Ці згодны вы з Зянонам Пазьняком?– Я не пагаджуся, што трэба прыпынiць санкцыi, якiя быццам бы штурхаюць нас у Расiю. Трэба разумець, што Лукашэнка – гэта не гарант незалежнасцi Беларусi. Якая дзяржаўнасць, незалежнасць i суверэнiтэт, калi ўсё завязана на адну асобу і на яе жаданні? Гарантыi незалежнасцi забяспечваюць людзi, якiя жывуць у краiне, – народ. Мы ўсе, беларусы, разам – гарантыі суверэнiтэту. Толькi ад нас i нашых дзеянняў залежыць, цi будзе далей iснаваць наша краiна i ў якiм выглядзе i статусе.

Максiмальныя гарантыi незалежнасцi – гэта дэмакратычныя змены, гэта калi лёс краiны вырашаюць самi людзi. Калi штосьцi цi хтосьцi i ўпiхвае нас у Расiю, то толькi рэжым, а не санкцыi.

Ранейшая гісторыя паказала, што толькі санкцыі прымушалі дыктатара вызваліць палітзняволеных. Санкцыі – гэта адказнасць за гвалт над дзясяткамi тысяч беларусаў і інструмент, каб прымусіць выканаць усе патрабаванні беларусаў.

Алег ГАЙДУКЕВІЧ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі:

Ці згодны вы з Зянонам Пазьняком?– Я заўсёды лічыў Пазьняка сваім палітычным праціўнікам, але, як бачым, ён куды разумнейшы за ўсіх разам узятых лідараў новай апазіцыі.

Пазьняк правы ў тым, калі кажа, што заходнія санкцыі нічога ў краіне не зменяць. Увесь ціск, які зараз ёсць, прывядзе толькі да таго, што Беларусь будзе весці яшчэ больш жорсткую барацьбу з гэтымі санкцыямі, і мы станем больш моцнымі. Ніхто нас не нахіліць, не паставіць на калені і ніякіх датэрміновых выбараў не будзе. Не будзе ніякіх саступак Захаду з-за эканамічнага і санкцыйнага ціску. Гэта тупіковы шлях.

І Расію ніхто не зацісне, і Беларусь. А ў нас саюз. Яшчэ больш узмацнім інтэграцыю з захаваннем суверэнітэту, і нічога ў Захаду не атрымаецца. Больш за тое – Еўропа і ЗША мараць патрапіць на расійскі рынак, і ніколі эканамічныя стасункі з Еўрасаюзам не спыняцца. А Літва ў Еўрасаюзе нічога не вырашала і не будзе вырашаць.

Што датычыцца магчымых перамоў з уладамі, пра што таксама кажа Пазьняк, то іх няма з кім весці. З Захадам мы гатовы размаўляць на роўных, няхай адмяняюць санкцыі і садзяцца за стол перамоў. А са збеглай апазіцыяй нікіх перамоў ніколі не будзе.

Больш за тое! Як дэпутат, хачу сказаць, што такі дыялог ужо ідзе. І будзе ісці.

Аляксандр ДАБРАВОЛЬСКІ, дарадца экс-кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай:

Ці згодны вы з Зянонам Пазьняком?– Пры ўсёй маёй павазе да Зянона Пазьняка, тое, што ён прапануе зараз, на мой погляд, нерэалістычна і памылкова.

Дыялог прапаноўваецца ўжо даўно, але Лукашэнка на яго не ідзе. З таго боку дзверы зачынены, і толькі моцны ціск прымусіць яго пайсці на перамовы. Адмовіцца ад ціску – гэта проста падзякаваць рэжыму за тое, што ён робіць, і больш нічога. Без санкцый ніякіх саступак не будзе.

Васіль ШЛЫНДЗІКАЎ, экс-кіраўнік прадпрыемства «Амкадор», дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 13-га склікання:

Ці згодны вы з Зянонам Пазьняком?– Было б лагічна, калі б нейкія перамовы пачаліся, бо не думаю, што Захад пойдзе на адмену санкцый да таго, як адбудзецца пэўны дыялог.

Пазьняк кажа, што санкцыйны ціск з большай сілай кідае Беларусь у абдымкі Масквы, што ёсць пагроза страты незалежнасці, але трэба разумець, што з такім агрэсіўным суседам такая пагроза будзе заўсёды. Нічога не зменіцца ад таго, будуць выкананы рэкамендацыі Пазьняка альбо не.

І ўвогуле, думаю, у бліжэйшы час Захад не будзе адмяняць санкцыі.

Андрэй САВІНЫХ, старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі:

Ці згодны вы з Зянонам Пазьняком?– На мой погляд, Зянон Станіслававіч дэманструе здаровы сэнс і свае патрыятычныя пачуцці ў дачыненні да Беларусі, калі кажа пра аднаўленне авіяпасажырскіх зносін і адмену санкцыйнага ціску.

З іншага боку, Зянон Пазьняк зусім не разумее тых працэсаў, якія адбываюцца ў нашай краіне, калі кажа пра рэпрэсіі. Ён вельмі памыляецца, калі лічыць, што беларускія ўлады, якія дзейнічаюць у поўнай адпаведнасці з заканадаўствам, будуць весці на гэтую тэму перамовы з нейкімі знешнімі цэнтрамі сілы. Гэта ўнутраная суверэнная справа Рэспублікі Беларусь.

Мікалай КАЗЛОЎ, лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі:

Ці згодны вы з Зянонам Пазьняком?– Мне падаецца, што рэжым знаходзіцца ў такой сітуацыі, што ён ні з кім не гатовы весці перамовы, а адзіны інструмент, які ў яго ёсць, – гэта рэпрэсіі. І санкцыі на гэта ніякім чынам не ўплываюць. Рэпрэсіі будуць ці з санкцыямі, ці без іх.

 

 

Тэнгіз ДУМБАДЗЭ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі:

Ці згодны вы з Зянонам Пазьняком?– Я падтрымліваю Пазьняка ў частцы таго, што санкцыйную блакаду патрэбна зняць. Згодны і з тым, што патрэбны дыялог, а ён заўсёды магчымы.

Напэўна, усе мы разумеем, што тыя працэсы, якія адбываюцца ў нашай краіне, гэта найперш наша ўнутраная справа. Калі бяда прыйшла ў наш дом, то вырашыць праблему можна толькі ў сябе дома.

Патрэбна менш нянавісці, злосці, трэба мудра шукаць шляхі да дыялогу. Але толькі не супрацьзаконнымі мерамі. Я заўсёды на баку закона і таго, што прыносіць карысць Беларусі, таму і сам магу далучыцца да перамоўнага працэсу.

Андрэй ДЗМІТРЫЕЎ, адзін з лідараў кампаніі «Гавары праўду»:

Ці згодны вы з Зянонам Пазьняком?– Я лічу, што санкцыі планаваліся як адзін са шматлікіх інструментаў еўрапейскай палітыкі і стратэгіі ў дачыненні да Беларусі, але ў выніку сталі, напэўна, адзіным інструментам, які Захад мае. У такім выглядзе гэта малаэфектыўна, і, безумоўна, цяжка сказаць, ці прынясуць санкцыі жаданых вынікаў.

Як мне падаецца, галоўным дасягненнем мінулага года з’яўляецца змена грамадскай свядомасці і змена самога беларускага грамадства. Сёння Еўрасаюз павінен максімальна падтрымліваць беларусаў, а санкцыі, мякка кажучы, гэта крыху з іншай оперы.

Што датычыцца пазіцыі Зянона Пазьняка, то яна мне абсалютна зразумелая. Я – чалавек, які працягвае жыць у Беларусі і бачыць, што тут адбываецца. Ці шмат беларусаў вераць у тое, што новы пакет заходніх санкцый, які рыхтуецца, нешта зменіць? Не думаю.

Захад сёння павінен быць скіраваны на тое, каб падтрымаць беларускі народ.

Аляксандр ЯРАШУК, старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў:

Ці згодны вы з Зянонам Пазьняком?– Калі Зянон Пазьняк кажа пра адмену санкцый, то ў чымсьці ён мае рацыю. Мы, як арганізацыя, што аб’ядноўвае рабочых, таксама не можам заклікаць да санкцый, бо гэта супярэчыць самой ідэі аб’яднання. Мы змагаемся за захаванне працоўных месцаў, добрыя заробкі, а санкцыі нясуць пагрозу мэтам, якія закладзены ў ідэю прафсаюзнага руху.

Што датычыцца перамоў, то да дыялогу заклікаюць многія вядомыя дзеячы краіны. І я іх падтрымліваю. Сёння няма альтэрнатывы дыялогу, такія сігналы павінны штодзень дасылацца «Чырвонаму дому». Іншае пытанне: ці пойдзе рэжым на перамовы?

Апытанне праводзіў Алесь СВЯТЛАНІЧ.

Публікацыя – з № 70 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: