Ці не паедуць па ўсёй Беларусі перасоўныя «брацкія магілы»?

Нездарма ў народзе спрадвеку казалі: каго Бог вырашыў пакараць, у таго адбірае розум. Упэўнены, што гэту прыказку згадвалі многія гамяльчане ў мінулыя выхадныя, калі ў горадзе над Сожам адзначаўся дзень горада. Уявіце сабе: вы пасля добрага застолля з сябрамі (свята ж!) выбраліся на шпацыр на набярэжнай. Ідзяце сабе, песні спяваеце. І раптам ваш шлях перагароджвае… брацкая магіла! Так, так, брацкая магіла. Проста на ходніку. Мармуровыя пліты з эпітафіямі, піянеры ў ганаровай варце стаяць. Праўда, вечны агонь, гэта адразу відно, несапраўдны, языкі полымя з чырвонай тканіны. Тысячы людзей (месца там шматлюднае) спыняюцца, няўцямна абыходзяць тую «магілу». Адкуль яна ўзялася, дзеля чаго?

Аказваецца, такім «крэатыўным» спосабам гомельскія чыноўнікі вырашылі ўшанаваць памяць ахвяраў фашызму. Прыдумалі перасоўную (!) брацкую магілу. З надмагіллямі муляжамі і бутафорскім вечным агнём. Збіраецца-разбіраецца за пяць хвілін.

Хтосьці пакруціць пальцам ля скроні і скажа: дурдом. А хтосьці зірне на «вынаходніцтва» практычна. Гэта ж колькі бюджэтных грошай можна зберагчы! Скажам, на Гомельшчыне сотні дзве мясцовых мемарыялаў. Іх жа трэба даглядаць, рамантаваць, граніт у Мікашэвічах купляць. А вось і не трэба! А трэба тыя мемарыялы прыбраць, а замест іх па святах прывозіць гомельскі перасоўны. Сабралі-склеілі, мясцовых піянераў гукнулі, памітынгавалі і далей паехалі па гарадах і вёсках…

На перасоўнай брацкай магіле чыноўнікі не спыніліся. На недалёкай плошчы гамяльчан і гасцей горада чакала бутафорская… Хатынь. З бутафорскімі комінамі, на якіх віселі бутафорскія званы. Большага дзікунства, большага глумлення, большага дурноцця і прыдумаць немагчыма.

Калі б жылі стваральнікі сапраўднай Хатыні, напэўна, яны падалі б у суд на гомельскіх «крэатыўшчыкаў». Адзін з аўтараў мемарыяльнага комплексу, Леанід Левін, прыгадваў ва ўспамінах, як у свой час галоўны ўзбекскі камуніст Рашыдаў прапаноўваў яму зрабіць копію беларускай «Хатыні» для Бухары. Грошай даваў – у дваццаць разоў больш, чым пайшло на будаўніцтва комплексу на Лагойшчыне. І Левін рашуча адмовіўся – хатынская трагедыя капіраванню не падлягае!

У Гомелі – падлягае. Прычым капіраванню звыродліваму і глумліваму. Старшыні Гомельскага гарвыканкама Пятру Кірычэнку павінна быць сорамна за такія «помнікі». Нават не выпадае і пытацца, ці стукае ў яго чыноўніцкае сэрца попел Хатыні. Яно, мне думаецца, яўна глухое і сляпое, тое сэрца.

А можа, усё гэта зроблена па камандзе зверху? І неўзабаве па ўсёй Беларусі паедуць перасоўныя «брацкія магілы»?

Публікацыя – з № 70 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: