Дзмітрый Баскаў. Фота: https://sport24.by

Як вядома, днямі незалежная дысцыплінарная калегія Міжнароднай федэрацыі хакея дыскваліфікавала старшыню федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыя Баскава на 5 гадоў.

Рашэнне было прынята пасля дзесяці месяцаў расследавання, праведзенага калегіяй, якая ўстанавіла, што Баскаў парушыў Кодэкс паводзінаў Міжнароднай федэрацыі хакея.

Нагадаем, што 11 лістапада мінулага года ў Мінску на так званай Плошчы Перамен невядомыя напалі на мясцовага жыхара Рамана Бандарэнку, які абараняў бел-чырвона-белыя стужкі, збілі яго і звезлі на мікрааўтобусе. У выніку хлопец, якога затым з РУУС даставілі ў бальніцу, памёр.

Пазней у СМІ былі апублікаваны матэрыялы, паводле якіх некаторыя прыйшлі да высновы: чалавек, які напаў на Бандарэнку, вельмі падобны на шматразовага чэмпіёна свету па тайскім боксе і кікбоксінгу Дзмітрыя Шакуту. Акрамя яго на відэа быў зафіксаваны мужчына, падобны на кіраўніка Беларускай федэрацыі хакея Дзмітрыя Баскава. Гэта стала нагодай для таго, каб міжнародныя хакейныя структуры пачалі расследаванне.

Зараз дысцыплінарная калегія заявіла аб наяўнасці дастатковых доказаў таго, што спартыўны функцыянер спрабаваў «наўпрост аказваць уплыў на іншых, з тым каб яны падтрымлівалі ўрад Беларусі, а таксама пагражаў і дыскрымінаваў беларускіх спартсменаў з-за іх палітычных перакананняў».

Таксама вызначана, што «Баскаў злоўжываў сваім становішчам прадстаўніка Федэрацыі хакея, каб падтрымаць Аляксандра Лукашэнку, парушыўшы артыкул 5 Алімпійскай хартыі».

У выніку, згодна з рашэннем дысцыплінарнай калегіі, пачынаючы з 10 верасня гэтага года Баскаў на 5 гадоў адхілены ад усёй дзейнасці, якая звязана з хакеем.

Але нават пасля гэтага нашы спартыўныя чыноўнікі планавалі абскарджваць рашэнне Міжнароднай федэрацыі хакея ў Спартыўным арбітражным судзе ў Лазане.

«У бліжэйшы час будзе прынята рашэнне аб мэтазгоднасці абскарджвання пастановы Міжнароднай федэрацыі хакея ў дачыненні да старшыні ФХБ Дзмітрыя Баскава, – выдала федэрацыя заяву практычна адразу пасля з’яўлення рашэння дысцыплінарнай калегіі. – Яго абранне на пасаду старшыні нацыянальнай федэрацыі хакейнай грамадскасцю Беларусі было легітымным…”

Натуральна, яны з задавальненнем пагадзіліся б на тое, каб «справа Баскава» разглядалася ў адным з беларускіх судоў. Выкажу здагадку: у такім выпадку аматара праўладных аўтапрабегаў і гарэлкі «Прэзідэнт» не толькі цалкам апраўдалі б, але яшчэ маглі і прадстаўнікоў незалежнай дысцыплінарнай калегіі на «суткі» адправіць. Хаця б завочна. Але не той выпадак. Усё ў гэтым жыцці вяртаецца, зараз прыляцеў бумеранг і Дзмітрыю Баскаву. Не смяротна, але па адным месцы дзеўбанула.

Хаця па вялікім рахунку і без гэтай пяцігадовай дыскваліфікацыі Баскаваў павінен быў вылецець з федэрацыі як корак значна раней. За тую ганьбу, што ўбачылі балельшчыкі на нядаўнім чэмпіянаце свету, калі наша зборная заняла перадапошняе месца. А пасля таго, як каманда праваліла алімпійскую кваліфікацыю і праляцела міма Алімпіяды-2022, як фанера над Парыжам, чыноўнік павінен быў сам напісаць заяву аб звальненні. Але ж зрабіў гэта толькі зараз, калі патрапіў пад санкцыі.

Публікацыя – з № 70 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: