Фото: president.gov.by

Што азначае ваяўнічая рыторыка Лукашэнкі, тлумачыць Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.

Падаецца, нядаўнія перамовы ў Маскве моцна натхнілі Лукашэнку. Ці так яму хочацца прадставіць сітуацыю. Бо ў ягоных выказваннях 12 верасня на палігоне пад Баранавічамі было нямала новых акцэнтаў.

Па сваіх параметрах, сцэнарыю, легендзе сумесныя беларуска-расійскія вучэнні «Захад-2021» на тэрыторыі Беларусі па вялікім рахунку мала адрозніваюцца ад папярэдніх, напрыклад, ад вучэнняў «Захад-2017». Але з таго часу моцна памянялася ўнутрыпалітычная сітуацыя ў Беларусі, што значна паўплывала на геапалітычны кантэкст вучэнняў.

Гэта асабліва заўважна па той рыторыцы, якую выкарыстоўвае Аляксандр Лукашэнка падчас назірання за хадой вучэнняў. Цяпер гэтая рыторыка стала шмат больш ваяўнічай.

У выказваннях Лукашэнкі 12 верасня на палігоне пад Баранавічамі было нямала новых акцэнтаў. Важнай часткай мэсаджу, які ён дасылаў розным адрасатам быў сюжэт, які ўмоўна можна назваць «мы з Пуціным».

Гэта каб прыдаць дадатковую вагу сваім ваяўнічым пагрозам у бок Захаду. «Мы з Пуціным» абмеркавалі пытанні сумеснай абароны, паставак новых узбраенняў Беларусі.

Мы з прэзыдэнтам Расіі не адзін раз яшчэ сустрэнемся! Перад Вышэйшым Дзяржсаветам ён прыляціць у Мінск, 15 кастрычніка будзе саміт СНД, – казаў Лукашэнка.

Падаецца, нядаўнія перамовы ў Маскве яго моцна натхнілі. Ці так яму хочацца прадставіць сітуацыю.

Паводле Лукашэнкі, Беларусь плануе закупку расійскага ўзбраення больш чым на $1 млрд, узгоднены пералік узбраення, якое да 2025 году будзе пастаўленае ў Беларусь. Гэта каля дзясятка самалётаў, некалькі дзясяткаў верталётаў Тор-М2, ракетныя комплексы С-400.

Цяжка сказаць, што тут праўда, а што з’яўляецца недасяжнымі марамі. Бо вельмі дорага каштуе сучаснае ўзбраенне, а беларускі вайсковы бюджэт невялікі. Пакуль што мы бачым, як на тэрыторыю Беларусі прыбываюць зенітна-ракетныя комплексы і самалёты Расіі для пастаяннага дзяжурства тут. Але гэта менавіта расійскае ўзбраенне, а не беларускае.

Найбольш цікава, чым Лукашэнка абгрунтоўваў патрэбу ў комплексах С-400:

– Як вы ведаеце, у нас і паўднёвы кірунак дадаўся. Мы з беларускімі генераламі і расійскімі абмяркоўвалі гэтую тэму. Нас пачынаюць з поўдня падаграваць. А што яшчэ будзе… мы павінны рыхтавацца – 1200 кіламетраў мяжа з Украінай. Таму нам давядзецца закрываць і гэты перыметр. І мы вялі якраз гаворку пра тое, што С-400 нам будзе да месца.

І яшчэ дадаў:

– Сумесна з праваахоўнымі органамі і спецслужбамі Расіі ў Беларусі былі затрыманыя падазроным асобы, якія трапілі ў краіну з тэрыторыі Украіны.

З 2014 году кіраўніцтва Беларусі настойліва падкрэслівала што мяжа з Украінай – гэта мяжа міру. Лукашэнка запэўніваў, што можа прыехаць на ўкраінскую тэрыторыю не на танку, а на трактары. Ён гарантаваў, што з Беларусі няма і не будзе ваеннай пагрозы Украіне.

Пасля жніўня 2020 года ўзнік палітычны, дыпламатычны канфлікт паміж Мінскам і Кіевам. І вось цяпер ён распаўсюджваецца на вайсковую сферу.

Мяжу з Украінай Лукашэнка разглядае калі не як новы фронт, то кірунак вайсковай канфрантацыі, і дзеля нейтралізацыі новай пагрозы спатрэбіліся сучасныя ракетныя комплексы. І высвятляецца, што спецслужбы Расіі на тэрыторыі Беларусі затрымліваюць падазроных асобаў з Украіны.

З улікам таго, што Расія і Украіна знаходзяцца фактычна ў стане вайны (ва ўсялякім разе так лічаць у Кіеве), гэта шмат што мяняе. Такім чынам разгортваецца сумесны беларуска-расійскі вайсковы саюз супраць Украіны, што азначае даволі радыкальны паварот вонкавай палітыкі Беларусі.

Мадэль крэпасці ў аблозе набывае закончаную вонкавую форму. Па ўнутрыпалітычных прычынах Лукашэнка штучна стварае з Украіны (як ён казаў раней «наш народ») патэнцыйнага вайсковага праціўніка. Добра зразумела, чаму гэта вельмі падабаецца Маскве.

Адначасова быў вылучаны ўльтыматум Еўразвязу. Пра гатоўнасць Мінску адмовіцца ад палітыкі шантажу мігрантамі казаў нядаўна кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей.

2 верасня рэсурс «Sputnik Беларусь» цытуе яго словы:

З красавіка гэтага года мы прапануем ЕЗ правесці кансультацыі па міграцыйных пытаннях. Еўразвяз катэгарычна адмаўляецца.

Цяпер тое самае Лукашэнка прапанаваў ужо ў выглядзе ўльтыматуму:

Хочаце жыць у бяспецы – прыязджайце. Вызначым месца, будзем сустракацца, абмяркоўваць гэтыя пытанні. Але пакуль ня будуць знятыя гэтыя бязмозглыя санкцыі і прыніжэнне нашых патрыятычных людзей, з імі размаўляць ніхто не будзе.

То бок вырашэнне мігранцкага крызісу ў абмен на адмену санкцый. Пытанне пра вызваленне палітвязняў і вырашэнне ўнутрыпалітычнага крызісу цяпер Мінскам выносіцца за дужкі парадку дня перамоваў. Ня дзіва, што Брусель адмаўляецца.

Гледзячы па ўсім, і сам Лукашэнка ня моцна верыць у эфектыўнасць свайго ўльтыматуму. Бо патэнцыйных партнёраў па перамовах не абражаюць. Узгадаўшы старшыню Еўрапейскай Рады Шарля Мішэля, ён абазваў заходнікаў «сабакамі пабітымі», «мярзотнікамі», назваў іх пазіцыю «вар’яцкай».

Поделиться ссылкой: