Галоўныя навіны за нядзелю

Мінск закупіць у Расіі зброю на мільярд долараў?

Галоўныя навіны за нядзелю
ЗРК С-400. Фото ru.rt.com

Паводле слоў Лукашэнкі, ён абмяркоўваў з Пуціным пастаўкі ЗРК С-400. Акрамя таго, узгоднены пералік ўзбраенняў, якія да 2025 года будуць прадастаўлены Беларусі.

Беларусь плануе закупіць у Расіі ўзбраення на суму звыш 1 млрд долараў (каля 846 млн еўра). Пра гэта Аляксандр Лукашэнка паведаміў у ходзе ваенных вучэнняў “Захад-2021” на палігоне пад Баранавічамі ў Брэсцкай вобласці.

Перспектывы паставак Мінску расійскіх зенітных ракетных комплексаў абмяркоўваліся на перамовах у Крамлі 9 верасня, удакладніў Лукашэнка. “Мы вялі якраз размову пра тое, што С-400 нам будзе да месца”, – заявіў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін даў даручэнне міністру абароны Расіі Сяргею Шайгу прапрацаваць з беларускім бокам пытанні паставак. Акрамя таго, Мінск і Масква ўзгаднілі цэлы пералік ўзбраення, што да 2025 года будзе пастаўлена ў Беларусь. “Гэта каля дзясятка самалётаў. Частка нам ужо паступіла. Гэта некалькі дзясяткаў верталётаў, “Тор-М2”, – удакладніў Лукашэнка. Паводле яго слоў, гаворка ідзе аб іх размяшчэнні на заходнім напрамку, “дзе мы знаходзімся непасрэдна ў судотыку з натаўскімі войскамі” .

 

Пуцін наведае Мінск у сярэдзіне кастрычніка

Галоўныя навіны за нядзелю
Уладзімір Пуцін. Фота: ТАСС

Уладзімір Пуцін мае намер наведаць з візітам Беларусь у сярэдзіне кастрычніка для ўдзелу ў саміце краін СНД.

Гэтую інфармацыю пацвердзіў ТАСС у нядзелю прэс-сакратар расійскага лідара Дзмітрый Пяскоў.

Лукашэнка сёння падчас наведвання ваенных вучэнняў “Захад-2021” паведаміў пра дамоўленасці з Пуціным абмеркаваць канкрэтныя напрамкі развіцця супрацоўніцтва дзвюх краін у ходзе саміту СНД, які запланаваны ў Мінску на 15 кастрычніка.

 

COVID-19: «За месяц у адным раёне стала ў 5 разоў больш выпадкаў»

Галоўныя навіны за нядзелю
Фото: https://pixabay.com

Галоўны ўрач ЦРБ Ушацкага раёна Анжаліка Міранкова распавяла мясцоваму выданню «Патрыёт», што цяпер у раёне ў пяць разоў больш пацыентаў з каронавірусам, чым было месяц таму. У іншых раёнах Беларусі таксама ўжо адзначаюць павышэнне ўзроўня захворвання.

Па словах Міранковай, у жніўні ва Ўшацкім раёне было каля дзесяці пацыентаў з COVID-19, а цяпер іх амаль у пяць разоў больш.

– Улічваючы няпростую эпідсітуацыю, калі многім хворым на каранавірус патрабуецца шпіталізацыя, было вырашана адмовіцца ад накіравання іх у профільныя медустановы Полацка, Наваполацка, а займацца лячэннем на месцы. Ужо 3 верасня ў бальніцы праведзена неабходнае перапрафіляванне пад гэтыя мэты ложкавага фонду. Пакуль месцаў хапае ў інфекцыйным аддзяленні, пры неабходнасці ж “рэфармуем” і частку тэрапеўтычнага, – сказала галоўны ўрач.

Як паведамляе The Village, начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама Віктар Міхалоўскі паведаміў, што ў Брэсцкай вобласці, у шпіталях пяці гарадоў (Брэст, Баранавічы, Пінск, Івацэвічы і Столін) рэканструююць сістэмы падачы кіслароду. Зараз задзейнічана прыкладна траціна апаратаў ШВЛ, якія выдзеленыя для хворых на COVID-19. У Брэсцкай вобласці такіх хворых пачынаюць прымаць бальніцы ў Століне, Лунінцы і Кобрыне, хоць раней у гэтым былі задзейнічаны толькі бальніцы Брэста, Баранавічаў і Пінска.

Стала вядома аб успышцы захворвання ў Рагачове. Зараз у бальніцы 65 чалавек з каронавірусам.

Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што ўсяго за апошнія суткі ў Беларусі выявілі 1 907 пацыентаў з COVID-19.

 

Польшча можа прыняць да паўмільёна беларусаў на працу

Галоўныя навіны за нядзелюПаводле інфармацыі на партале Interia.pl, Польшча стала працоўным “хабам” для людзей, якія хочуць знайсці працу ў Еўропе.

У першым паўгоддзі 2021 году ў рэгістр офісу па працаўладкаванні ўнесена 998 тысяч заяваў аб прыёме на працу працаўнікоў з Усходу. Гэта на 63% больш, чым год назад, калі пачалася пандэмія, і на 18% больш, чым у першай палове 2019 году. Аднак працаўнікоў з Украіны не хапае. Альтэрнатывай могуць стаць працоўныя з Беларусі, якіх, паводле ацэнкі спецыялістаў кадравай службы, Польшча можа прыцягнуць каля паўмільёна.

Паводле эканамістаў Credit Agricole, ВУП Польшчы на 2-3% вышэйшы дзякуючы замежнікам – краіна атрымлівае да ВУП дадатковыя 40-60 мільёнаў злотых.

На польскім рынку працы амаль у два разы вырас попыт на працаўнікоў з Беларусі. Найбольшы – у прамысловасці: амаль кожная дзясятая кампанія адзначае ў дэкларацыях, што наймае беларусаў.

За першае паўгоддзе 2021 году Польшча выдала 232 тысячы дазволаў на працу. 68% з іх атрымалі ўкраінцы. На другім месцы – беларусы, якія атрымалі больш за 16,5 тысячаў дазволаў, што на 4,3% больш, чым годам раней.

 

Міністр замежных спраў Катара сустрэўся з кіраўніком урада талібаў

Галоўныя навіны за нядзелю
Шэйх Мухамед бен Абдэль Рахман Аль Тані ў кабульскам аэрапарту. Фота: AFP

Катар лічыцца адным з дзяржаў, што маюць вялікі ўплыў на Талібан.

У сталіцы Катара Дохе месціцца офіс Талібану, праз яго ішлі перамовы з ЗША, якія ў канчатковым выніку прывялі да вываду амерыканскіх войскаў з Афганістана.

Міністр замежных спраў Катара ў нядзелю правёў перамовы з прэм’ер-міністрам талібскага ўрада Афганістана.

Шэйх Мухамед бен Абдэль Рахман Аль Тані заклікаў новых лідэраў краіны «прыцягнуць ўсе бакі ў Афганістане да нацыянальнага прымірэння» падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам мулой Мухамедам Хасанам Ахундом, паведаміў МЗС Катара.

Шэйх Мухамед і новы прэм’ер Ахунд таксама абмеркавалі «ўзгодненыя намаганні па барацьбе з тэрарыстычнымі арганізацыямі, якія пагражаюць стабільнасці Афганістана», шляхі ўмацавання міру ў краіне і бяспечны праезд людзей, паведаміла катарскае міністэрства.

Шэйх Мухамед таксама сустрэўся з Абдулой Абдулой – высокапастаўленым чыноўнікам у папярэднім урадзе Афганістана і былым прэзідэнтам Хамідам Карзаем, паведаміў МЗС.

Поделиться ссылкой: