Мікалай Казека

Два месяцы спартыўны спецыяліст знаходзіўся ў бальніцы пасля таго, як захварэў на каранавірус, у яго дыягнаставалі 80 працэнтаў паражэння лёгкіх.

Мікалай Іванавіч распавёў «Народнай Волі» пра тое, як праходзіць працэс рэабілітацыі, пра вакцынацыю і жаданне выдаць кнігу.

Мікалай Казека ўзначальваў нацыянальную каманду з 1993 года. Прызнаваўся лепшым трэнерам года ў Беларусі ў 2014-м і 2018 гадах. Кавалер ордэна Айчыны I, II і III ступеняў.

Пасля выбараў 2020 года Мікалай Іванавіч адкрыта выказаў сваю грамадзянскую пазіцыю, а ў верасні быў пазбаўлены імянной стыпендыі. У лістападзе знакамітага трэнера не ўзялі на збор нацыянальнай каманды па фрыстайле.

Вучні Мікалая Казекі заваявалі на зімовых Алімпійскіх гульнях сем медалёў рознай вартасці, у тым ліку чатыры залатыя.

– У сакавіку я выйшаў з бальніцы, і ўвесь гэты час праходзіў курс рэабілітацыі, – кажа Мікалай Іванавіч. – Аднаўленне было дастаткова працяглым, даводзілася вельмі складана.

Прымаў розныя фізіяпрацэдуры, займаўся дыхальнай гімнастыкай, спрабаваў хадзіць, хаця рабіць гэта было цяжка. Немагчыма было вярнуцца ў нармальны рытм жыцця, элементарна не хапала паветра. Пачынаў з дыстанцыі 100 метраў. Пройдзеш яе – ужо патрэбны адпачынак, каб аддыхацца. І ў такім стане знаходзіўся амаль чатыры месяцы. Нікіях змен да лепшага не назіралася, часам нават рукі апускаліся, і ўжо не верылася, што гэтыя змены будуць. Але затым ў адзін цудоўны момант як прарвала. Што называецца, пацыент рэзка пайшоў на папраўку.

Як зараз сябе адчуваеце?

– Арганізм практычна вярнуўся ў той стан, што быў да хваробы, хаця я разумею, што наступствы ўсё роўна ёсць. Таму працягваю выконваць дыхальныя практыкаванні, праходжу пэўныя працэдуры.

Дарэчы, я ўжо прывіўся кітайскай вакцынай, хаця ў мяне пасля перанесенай хваробы была ледзь не рэкордная колькасць антыцел. Але ўрачы сказалі, што вакцына якраз і будзе падтрымліваць гэтыя антыцелы. І вакцынацыю я перанёс вельмі лёгка.

– З фрыстайлістамі кантакт падтрымліваеце?

– Штодзень на сувязі, яны ж для мяне як дзеці.

– Чым плануеце займацца далей?

– Зараз я займаюся аналізам той працы, што зрабіў. Рыхтую пэўныя высновы і рэкамендацыі.

Што датычыцца магчымага вяртання да трэнерскай працы, то пра гэта пакуль не думаю. Па-першае, трэба аднавіць здароўе. Па-другое, я працую над кнігай, у якой будзе ўсё – і пра спорт, і пра жыццё, і пра тых людзей, якія сустракаліся на маім жыццёвым шляху.

Таму ўжо тры месяцы ідзе літаратурны працэс, пішу мемуары. Хаця працую не адзін – дапамагаюць вашы калегі. І, магчыма, асобныя раздзелы будуць гатовы ўжо да канца гэтага года.

Публікацыя – з № 69 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: