Ілюстрацыйны здымак

Жыхарка вёскі Сурынка Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці Ганна Розум, якую скарацілі на працы, распавядае, якія вакансіі прапаноўваюць у сучасным аграгарадку.

Сітуацыя

Ганна Артураўна Розум больш за дзесяць гадоў адпрацавала памочніцай выхавацеля ў школе-садку вёскі Сурынка Слонімскага раёна. Сёлета яе пасаду скарацілі па прычыне таго, што дзяцей у садку стала менш: калі раней былі дзве групы – старэйшая і малодшая, то зараз засталася толькі адна, у якую ходзяць дзеткі ад 2 да 6 гадоў.

– Нам паабяцалі, што калі набяром 17 дзяцей, то пакінуць дзве групы, – распавядае жанчына. – Мы хадзілі па вёсцы, прасілі людзей, каб яны аддавалі сваіх дзетак у садок. Набралі 17 чалавек, а нам загадчыца аддзела адукацыі кажа: для двух груп такой колькасці дзетак ужо недастаткова – патрэбна 22.

Не знайшлі падтрымкі ў аддзеле адукацыі Слонімскага райвыканкама і просьбы бацькоў пакінуць у школе-садку дзве групы.

Так жанчына засталася без працы. А мела яна для вёскі, як сама заўважае, не самы малы заробак – 650 рублёў у месяц.

Жыве Ганна Артураўна з мужам, які працуе ў мясцовай гаспадарцы трактарыстам і зарабляе каля 700 рублёў. У сям’і чацвёра дзяцей. Дзве дачкі маюць свае сем’і, у спадарыні Ганны трое ўнукаў. А малодшыя дзяўчынкі – 14 і 17 гадоў – жывуць з бацькамі. Старэйшая з іх сёлета паступіла ў медыцынскі каледж на платнае аддзяленне.

– Трэба аплачваць вучобу дачкі, а на адзін заробак мужа мы ўсё не пацягнем, – кажа жанчына.

Праўда, ёй прапанавалі ў школе палову стаўкі вартаўніка з заробкам 240 рублёў. Давялося адмовіцца, уздыхае жанчына, дзіця на гэтыя грошы не вывучыш.

«Патрабуюцца аператар машыннай дойкі і жывёлавод»

Знайсці працу на вёсцы не так проста. А таму Ганна Розум пісьмова звярнулася ў Слонімскі райвыканкам з просьбай аказаць яе сям’і дзяржпадтрымку. Падрабязна апісала сваю сітуацыю, папрасіла паспрыяць у працаўладкаванні, улічваючы яе вопыт. Абапіраючыся на ўказ прэзідэнта №41 «Аб дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамозе», папрасіла прызначыць такую дапамогу яе сям’і.

– Напісала: маўляў, паколькі даход майго мужа-трактарыста ў мясцовым аграпрамысловым прадпрыемстве складае ў сярэднім 700 рублёў у месяц, а ў мяне няма заробку, то ў нашай сям’і можа адбыцца сітуацыя, якая ў заканадаўчых дакументах называецца «цяжкія жыццёвыя абставіны».

З упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Слонімскага райвыканкама прыйшоў адказ. У ім падрабязна распісана, хто і ў якіх сітуацыях, паводле заканадаўства, мае права на атрыманне адраснай дапамогі і якія для гэтага патрэбны дакументы. Патлумачана, якім чынам можна зарэгістравацца беспрацоўнай у службе занятасці. А таксама паведамляецца, што зараз у гаспадарцы, на тэрыторыі якой пражывае жанчына, ёсць вакансіі для працаўладкавання: аператар машыннай дойкі і жывёлавод.

Спадарыня Ганна была «расчулена» такім клопатам:

– Мне хутка 50 гадоў, а чыноўнікі прапаноўваюць ісці даяркай на ферму. Гучыць як насмешка. Няма ўжо таго здароўя, каб выконваць такую цяжкую працу. Але хіба яны пра гэта думаюць?

Тым не менш да пенсіі дапрацаваць трэба, і Ганна Артураўна бачыць толькі адно выйсце – шукаць працу ў горадзе. Так зрабілі многія яе аднавяскоўцы. Праўда, да Слоніма 17 кіламетраў, а свайго транспарту ў яе няма.

Што тычыцца адраснай дапамогі, то спадарыні Розум прапанавалі пакуль сабраць неабходныя дакументы і прадставіць у аддзел занятасці, а там, маўляў, разбяруцца і вырашаць, што рабіць.

Але самае прыкрае, лічыць Ганна Артураўна, тое, што ў вёсцы, калі чалавек страціў працу, то выбару, акрамя як даіць кароў, ён ужо не мае.

– Здаецца, і вёска ў нас немалая, і называецца аграгарадком, толькі вось як не было працы, інакш як на ферме, так і няма. А на двары ХХІ стагоддзе…

Публікацыя – з № 69 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: