Фото носит иллюстративный характер.© BELNAVINY

Улады збіраюцца ліквідаваць аб’яднанне, якое давала прытулак жанчынам, пацярпелым ад гвалту. Тыдзень таму Дэпартамент фінансавых расследаванняў накіраваў на адрас Мінгарвыканкаму прапанову аб ліквідацыі грамадскага абʼяднання «Радзіслава».

«Але ёсць такія арганізацыі, якія выконваюць задачы экстраных служб. І вось іх знікненне — гэта катастрофа не ў далёкай перспектыве, а проста зараз», – піша на «Свабодзе» Наста Захарэвіч.

«Радзіслава» – гэта некамерцыйная недзяржаўная дабрачынная арганізацыя, што ад 2002 года дапамагала жанчынам, якія пацярпелі ад гвалту.

На фоне татальнага знішчэння трэцяга сектару ў Беларусі можа падацца, што гэта проста чарговая ліквідацыя, нічым не прыкметная. Але я ўсё ж дазволю сабе праранжыраваць недзяржаўныя арганізацыі. Не паводле важнасці для грамадства, не! Усе яны безумоўна важныя, і для паўнавартаснага развіцця нам трэба, каб былі НДА ва ўсіх сферах. Але ўсё ж варта прызнаць, што ёсць такія арганізацыі, якія выконваюць задачы экстраных службаў. І вось іх знікненне – гэта катастрофа ня ў далёкай перспектыве, а проста зараз.

Гэта як параўноўваць знішчэнне бібліятэк і лякарняў. Пры ўсёй павазе да літаратуры і пры ўсім разуменні, якую важную ролю яна грае ў гісторыі народаў, відавочна, што ў крытычных сітуацыях нам патрэбны найперш медыкі. Гэтак жа і з НДА – для грамадства вельмі патрэбны і адукацыйныя, і напаўзабаўляльныя ініцыятывы, але каб было каго адукоўваць і забаўляць, трэба, каб людзі выжывалі.

І тут ужо не да метафар і прыгожых аналогій, бо ліквідацыя «Радзіславы» значыць, што жанчыны будуць паміраць.

У сховішча арганізацыі траплялі тыя, каму больш не было куды ісці, каб схавацца. І не, дзяржаўныя прытулкі – ня выйсце. Я асабіста ведаю як мінімум адну гісторыю, як у прытулак «Радзіславы» засялілася жанчына пасля дзяржаўнага сховішча, куды змог увайсці яе муж, ад якога яна збегла. Таксама я памятаю гісторыю, як міліцыянты ня ведалі, што з іх апорнага пункту ёсць дзверы наўпрост у такое сховішча.

Кожнае такое забойства – гэта трагедыя, якой можна было пазбегнуць.

І куды цяпер ісці жанчынам? Забіваць сябе, пакуль не забіў той, хто калісьці кляўся ў вечным каханні? Ці пакуль не забіў уласны сын? Краіна для жыцця, што тут скажаш.

Колькасць самагубстваў і забойстваў і праўда, хутчэй за ўсё, папоўніцца «сямейнымі гісторыямі», але на афіцыйным узроўні гэта праігнаруюць і дакладна ня будуць звязваць са знішчэннем недзяржаўнай арганізацыі. Гэта будзе статыстычная хіба, нявартая ўвагі людзей, якія пасадзілі на дзесяць гадоў сведку забойства Генадзя Шутава, збілі да смерці Рамана Бандарэнку і трымаюць у СІЗА Ксенію Луцкіну, у якой расце пухліна галаўнога мозгу. Для іх некалькі забітых сваякамі жанчын – звычайная «бытавуха». Маўляў, ня трэба драматызаваць, нагадваючы, што кожнае такое забойства – гэта трагедыя, якой можна было пазбегнуць, і што кожная жанчына мусіць мець абарону з боку грамадства і дзяржавы.

А тым, хто дагэтуль любіць задаваць пытанне «чаму ж яны не сыходзяць», я хачу нагадаць, што беларускае грамадства пачалі масава збіваць і катаваць акурат пасля таго, як мы заявілі, што хочам сысці ад Лукашэнкі. Людзі, якіх цікавіць выключна ўлада і кантроль над сітуацыяй, такога не прабачаюць.

Поделиться ссылкой: