Сяргей Ціханоўскі

Праз высокі ціск у палітвязня Сяргея Ціханоўскага з’явіліся праблемы са зрокам. Аб гэтым ён напісаў у лісце знаёмым, якія жывуць у Гомелі. Вытрымкі з ліста прыводзіць «Радыё Свабода».

Палітзняволены дзякуе за ліст і піша, што будзе берагчы сябе, «як мне ўсе раяць у лістах». «Але ж мы проста вязні і ад нас нічога не залежыць. Як у каго здароўя хопіць. Я ў цэлым нармальна, але раней моцна перажываў, ад гэтага з ціскам праблемы былі, мералі – нават 180 на 100 было. А праз ціск зрок сеў… Цяпер ужо справа ў судзе, так што хвалявацца няма за што. Далей мне ўжо ўсё зразумела. Этап і калонія надоўга», – напісаў Ціханоўскі.

Ён цытуе радкі Байрана пра турму, свабоду і сыноў народу (з санета да Шыльёна). «Гэтыя радкі як быццам я сам напісаў, яны пра нас». Палітвязень бывае на прагулках у турме. Але піша, што яны адбываюцца ў бетонным дворыку, і нават неба там не відаць.

Сяргей Ціханоўскі стаў папулярным блогерам у 2019 годзе. Увесну 2020 году ён заявіў пра прэзідэнцкія амбіцыі і трапіў у турму. Быў арыштаваны 29 траўня 2020 году. З таго часу – у турме, са жніўня 2020 году – у адзіночнай камеры.

Цяпер яго судзяць у закрытым судзе ў будынку гомельскай турмы разам з Ігарам Лосікам, Уладзімірам Цыгановічам, Мікалаем Статкевічам, Арцёмам Сакавым, Дзмітрыем Паповым. Усім ім пагражае 12-15 гадоў зняволення.

Поделиться ссылкой: