Біскуп Юры Касабуцкі. Фота: catholic.by

Матэрыял з карыкатурай на каталіцкіх святароў, апублікаваны ў дзяржаўнай газеце, не павінен заслугоўваць такой увагі, лічыць біскуп Юрый Касабуцкі.

Напярэдадні дзяржаўная газета “Мінская праўда” апублікавала на першай паласе абразлівую карыкатуру на каталіцкіх святароў. Тады ж гэта сумнеўнае мастацтва ацаніў прэс-сакратар каталіцкай царквы ў Беларусі Юрый Санько. Ён назваў малюнак пляўком у твар мільёнам каталікоў.

Біскуп Касабуцкі таксама палічыў важным акрэсліць сваю пазіцыю адносна публікацыі ў дзяржаўнай газеце.

“Сёння вельмі шмат увагі да «Мінскай праўды» і таго, што было там змешчана сёння. Я лічу, што такі нізкапробны матэрыял не павінен заслугоўваць такой увагі.

Я хачу толькі яшчэ раз пацвердзіць сваю асабістую пазіцыю адносна пэўных спраў, якія між іншым былі ўзгаданыя ў гэтым матэрыяле.

Я заўсёды выступаў супраць гвалту, насілля, катаванняў, несправядлівасці, хлусні, рэпрэсій. Я не змяню гэтага свайго погляду, не гледзячы на пагрозы, шантаж і таму падобныя рэчы, з якімі мне прыходзіцца сутыкацца. Таксама і падобныя артыкулы не здольныя паўплываць на мой светапогляд, які базуецца на Евангеллі.

Бел-чырвона-белы сцяг – гэта ў хрысціянскай сімволіцы знак і сімвал уваскрэслага Хрыста, і гэта НЕ залежыць ад ідэолагаў, якія сёння шукаюць «аргументаў» супраць.

Гімн “Магутны Божа” даўно стаў часткай нашай літургіі, таму што гэта малітва за нашу краіну і наш народ, а калі гэта не падабаецца сучасным ідэолагам, гэта НЕ праблема Касцёла. Мы сёння не ўжываем гэту малітву толькі таму, каб гэтым не раздражняць нікога.

Падобныя артыкулы не спрыяюць супакою і згодзе ў нашым грамадстве.Прабач ім, Божа, бо не ведаюць, што робяць….“, — напісаў біскуп.

Поделиться ссылкой: