Уладзіслаў Кавалёў

Беларускі грасмайстар распавёў «Народнай Волі», чаму ён ужо паўгода жыве з сям’ёй у суседняй краіне.

Уладзіслаў КАВАЛЁЎ – адзіны беларускі шахматыст, які ўваходзіць у першую сотню гросмайстраў свету.

Пасля выбараў у мінулым годзе Уладзіслаў падпісаў адкрыты ліст спартсменаў супраць гвалту і за сумленныя выбары.

Шахматыст павінен быў удзельнічаць у чэмпіянаце Беларусі, але за некалькі гадзін да старту прыняў рашэнне адмовіцца ад удзелу ў турніры.

«Гэта было даволі нечаканае рашэнне і для мяне самога, распавядаў гросмайстар «Народнай Волі». – Яшчэ зранку я меў намер удзельнічаць у чэмпіянаце, адмыслова рыхтаваўся да яго і збіраўся стаць пераможцам. Не было ніякіх папярэдніх планаў адмаўляцца ад першынства і рыхтаваць нейкі дэмарш. Але мяне да гэтага падштурхнулі.

Падчас адкрыцця чэмпіянату да мяне падышла намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі і ўручыла дадатковае пагадненне да кантрактаў спартсменаў. У дакуменце быў прапісаны шэраг абмежавальных пунктаў, якіх раней не было. Наколькі я зразумеў, гэта было звязана з падзеямі, якія адбыліся ў краіне пасля выбараў, і з тым, што многія спартсмены выказалі сваю пазіцыю, якая адрозніваецца ад «генеральнай».

Натуральна, мяне абурылі гэтыя абмежаванні. Мы маем Канстытуцыю, а людзі маюць права на абарону сваіх канстытуцыйных правоў. Чаму нейкія спартыўныя чыноўнікі абмяжоўваюць мае правы?

Адным словам, я адмовіўся падпісваць дадатковае пагадненне, за што мяне адразу ж паабяцалі звольніць. Прыйшоў дадому, яшчэ раз усё ўзважыў, пра ўсё падумаў і вырашыў, што такі дакумент падпісваць не буду.

Акрамя таго, прыняў рашэнне наогул не ўдзельнічаць у чэмпіянаце. І гэта быў правільны ход. Разам са мной адмовіліся выступаць на першынстве і яшчэ некалькі шахматыстаў».

Пасля звальнення з Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па пагадненні бакоў Уладзіслаў Кавалёў працаваў сам на сябе. Адкрыў шахматную анлайн-школу, і гэта было пэўнай крыніцай прыбытку.

А на пачатку гэтага года шахматыст паведаміў, што пакінуў Беларусь.

«Адзін спартыўны чыноўнік мне сказаў: «Вы ж разумееце, што, калі падпісалі ліст супраць гвалту, вы не зможаце тут знаходзіцца», – распавёў Уладзіслаў. – Я адказаў: «Разумею, але прыбіраць свой подпіс не буду». Іншага варыянта ў мяне не было, а таму і з’ехаў».

Грасмайстар больш не прадстаўляе Беларусь у шахматных спаборніцтвах. Насупраць яго прозвішча ў афіцыйным рэйтынг-лісце пазначана: Міжнародная федэрацыя шахмат (FIDE).

Дарэчы, не так даўно каманда «Свабодныя шахматысты Беларусі» стала пераможцам анлайн-турніру ў першым дывізіёне бундэслігі на адной з шахматных гульнявых платформаў. За каманду выступаюць такія вядомыя беларускія шахматысты, як Уладзіслаў Кавалёў, Андрэй Жыгалка, Яўген Агрэст, Яўген Падольчанка, Дзмітрый Буланаў, Валерый Казакоўскі

– Па-ранейшаму жыву ў Расіі, займаюся сваёй шахматнай школай, – распавядае Уладзіслаў. – Часам на нейкія турніры выязджаю. Пандэмія, безумоўна, унесла карэктывы ў графік спаборніцтваў, але нешта праходзіць. Хаця на ўсе сто працэнтаў не можаш быць упэўнены, што турнір адбудзецца, нават калі раней пра адмену ніхто і не заяўляў. Таму вельмі складана нешта планаваць на больш-менш далёкую перспектыву. Як кажуць, жывём сённяшнім днём.

– За зборную Беларусі выступаць ужо не будзеце?

– На дадены момант не збіраюся, тым больш што за паўгода, як з’ехаў з краіны, з Беларускай федэрацыі шахмат са мной ніхто не выходзіў на сувязь. Абсалютна ніякіх прапаноў, таму я гэта расцэньваю так: не маюць патрэбы ў маіх паслугах. Дык навошта мне выступаць за зборную, калі не маюць нічога прапанаваць?

– Ад іншых краін прапаноў не было?

– Прапановы былі, але, скажам так, не канкрэтныя. Таму пакуль бяру ўдзел у турнірах у статусе нейтральнага іграка.

– А з прадстаўнікамі Федэрацыі шахмат Расіі не гаварылі?

– Не бачу вялікага сэнсу, бо ў Расіі хапае і сваіх моцных шахматыстаў. Думаю, я ім не вельмі патрэбен, ды і мне гэта асабліва не трэба.

Таму проста жыву ў Расіі, займаюся сваімі справамі, і мне тут падабаецца. Нават і не ведаю, ці збіраюся вяртацца ў Беларусь. Пакуль такіх планаў няма.

Тут мяне цэняць больш, чым дома, тут і шахматы больш папулярныя, чым у Беларусі. Пастаянна запрашаюць на розныя мерапрыемствы, на самай справе ставяцца як да грасмайстра.

– Адаптацыя да новага месца прайшла нармальна?

– Без усялякіх праблем. Я пастаянна раз’язджаю па турнірах, таму для мяне жыццё ў іншай краіне і змена месца дыслакацыі – звыклая справа. Тым больш што і жонка пераехала разам са мной, так што не сумую ў адзіноце.

Публікацыя – з № 68 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: