Фото: wallon.ru

У Беларусі пачаўся другі тыдзень восені. Якое надвор’е чакае нас да 12 верасня? Свой прагноз агучыў метэаролаг Дзмітрый Рабаў.

– Восень імкліва ўварвалася на абшары Беларусі: зачасцілі дажджы, задзьмулі паўночныя вятры. А сярэдняя тэмпература паветра ўстанавілася ніжэй за кліматычную норму, – канстатаваў беларускі сіноптык.

Дзмітрый Рабаў растлумачыў, што надвор’е ў Беларусі ў першы тыдзень верасня вызначылі атмасферныя франты, якія прынеслі халодныя паветраныя масы з паўночных шырот. Аднак ён жа паабяцаў, што халодная анамалія скончыцца ўжо праз некалькі дзён:

– Наступіць звычайнае восеньскае надвор’е.

Аднак усё ж на гэтым тыдні сярэднядзённыя тэмпературы ўстановяцца ў межах 3–5 градусаў ніжэй за кліматычную норму. Але на гэтым тыдні да 12 верасня беларусаў будзе часам радаваць сонца. Такое надвор’е можна будзе назваць «маладым бабіным летам». Да сярэдзіны тыдня на Беларусь перамесціцца атмасферны фронт з паўночна-заходняй часткі Еўропы, які прынясе няўстойлівыя паветраныя масы.

Пацяплее ў Беларусі да канца тыдня: удзень паветра будзе прагравацца да +19…+25оС.

– З тэрыторыі Польшчы ў Беларусь у другой палове тыдня прыйдзе шырокі антыцыклон, які прынясе пераменную воблачнасць. Значных ападкаў пры гэтым не чакаецца, толькі на паўднёвым усходзе краіны магчымы невялікія дажджы, туманы з бачнасцю да 500 метраў, – удакладніў Рабаў.

Поделиться ссылкой: