Ілюстрацыйнае фота

Гісторыя аб тым, як звычайнай беларускай сям’і даводзіцца жыць і працаваць, каб здзейсніць мару мець свой дом

Стварылі сям’ю, пачалі будаваць дом…

Гродзенцы Ірына і Алег Стасевічы пабраліся шлюбам у 2013 годзе. Сямейнае жыццё пара пачынала ў доме бацькоў Ірыны. Ім выдзелілі асобны прасторны пакой, за камуналку не плацілі, харчы набывалі зрэдку, паколькі ў мамы свая гаспадарка і гарод.

Алег працаваў у прыватнай кампаніі апаратчыкам па насычэнні абліцовачных матэрыялаў і давучваўся на завочным аддзяленні па спецыяльнасці «інжынер-электроншчык».

Ірына пасля заканчэння юрыдычнага факультэта спачатку ўладкавалася юрыс-консультам у прыватную фірму, потым некалькі разоў мяняла месца працы, але паўсюль было адно і тое ж:

– Абавязкаў шмат, заробак нізкі, ніякага кар’ернага росту. Адным словам, вырашыла кардынальна змяніць працу.

Стала анлайн-рэдактарам, заробак быў нядрэнны. У 2017 годзе пайшла ў дэкрэтны адпачынак.

Алег працягваў працаваць у Гродне ў буйной фірме па сваёй спецыяльнасці. Дарэчы, ён яшчэ да жаніцьбы зарабляў каля тысячы долараў у месяц. Някепскі заробак дазваляў маладой сям’і трывала стаяць на нагах. Але ў краіне пачалася інфляцыя, і заробак мужа знізіўся да 500 долараў у эквіваленце. А тут яшчэ ў 2016 годзе набылі недабудаваны трохпавярховы катэдж па прымальным кошце. Грошы, дарэчы, атрымалі ў спадчыну, спрабавалі класці ў банк пад працэнты, але інфляцыя ўсё з’ядала, а таму вырашылі ўкласці іх у нерухомасць. Тым больш што хацелася жыць самастойна.

– Праўда, з домам мы ўсё ж памыліліся, – прызнаецца Ірына. – Дабудаваць такі гмах мы не здолелі б нават да старасці, а жыць хацелася цяпер. Прадалі яго і набылі аднапавярховы дамок прыкладна на 100 квадратных метраў.

Праўда, і ён быў недабудаваны, а таму паўстала праблема: дзе браць грошы? Вырашылі, што муж паедзе на працу ў Расію.

4 тыдні там і 2 тыдні дома

Калі Алег у 2017 годзе ад’язджаў у Расію, іх першай дачушцы споўнілася 3 месяцы. Хаця Ірына заставалася з мамай, але ўсё роўна было неяк боязна, што мужа так падоўгу не будзе побач.

Алег ехаў не ў нікуды – уладкаваўся механікам (і, дарэчы, у хуткім часе заняў пасаду старшага механіка) у транспартную кампанію. Там ужо 10 гадоў працаваў яго стрыечны брат. Работа вахтавая: чатыры тыдні без выхадных працуеш па 12 гадзін у дзень, а потым на два тыдні едзеш дадому. Заробак – тысяча долараў у месяц. У Гродне працу з такім заробкам Алег знайсці не мог. Але жыць даводзіцца ў цесным вагончыку разам з такім самым гастарбайтарам, душ і сталоўка – на тэрыторыі прадпрыемства. Улетку яшчэ туды-сюды, а вось узімку  бывае даволі самотна.

– Ды і ўявіце сабе: працаваць чатыры тыдні па 12 гадзін без выхадных – як вытрымаць? – уздыхае Ірына. – За змену ён абслугоўвае ад 30 да 50 машын – вось што такое праца гастарбайтара…

Ад пачатку яна настройвала мужа на тое, што гэта толькі да той пары, пакуль не дабудуецца дом. Упэўнена, што ў іх з Алегам аднолькавае разуменне: сям’я павінна быць разам.

У гэтым былі свае плюсы…

У сям’і з’явіліся грошы, і цяпер Алег мог не сам займацца будаўніцтвам дома, а наняць брыгаду. Аказалася, што і будматэрыялы выгадней везці з Масквы, чым купляць у Гродне, – там яны значна таннейшыя.

– Нават таблеткі мне, калі я была цяжарная другім дзіцём, муж набываў у Маскве, – распавядае Ірына. – Цацкі, адзенне для дзяцей і для мяне муж купляў там.

Праўда, дадае яна, больш не было ніякіх адпачынкаў, вандровак, шопінгаў – на гэта даўно забыліся. Усе заробленыя грошы па-ранейшаму накіроўваюцца на будаўніцтва. Сям’я Стасевічаў марыць да 2022 года, калі дачка пойдзе ў першы клас, перабрацца ва ўласны дом.

…і свае мінусы

Ірына ведае, што мужу бывае складана фізічна і маральна – усё ж там адзін, без сям’і.

– Здараецца, ён так стамляецца на працы, што мы цэлы тыдзень не можам нават паразмаўляць па тэлефоне. Часам зрываецца на мае бяскрыўдныя жарты, калі я імкнуся падтрымаць яго настрой.

А самае балючае, паводле слоў жанчыны, што муж не бачыць, як растуць дзеці, як яны змяняюцца, і не толькі знешне.

– Старэйшая дачка ўжо пачала разумець, што тата працуе недзе далёка, чакае яго. Я нават прапанавала ёй рабіць альбом са здымкамі да прыезду таты, каб ён мог аднавіць тое, што прапусціў.

Дзяўчынцы не хапае бацькі, і хоць яна гэта пакуль не можа наўпрост патлумачыць, але ўвесь час з зайздрасцю глядзіць на іншых дзяцей, калі яны гуляюць са сваімі татамі, наведваюць крамы, ходзяць у кіно. Яна часта паўтарае: «А памятаеш, мама, калі тата прыязджаў…»

Звычайна, расказвае Ірына, пасля чатырох тыдняў нялёгкай працы муж прыязджае стомлены і суровы, і першы час яму, як правіла, усё не падабаецца, да ўсяго ёсць заўвагі.

Нам даводзіцца прыцірацца адно да аднаго. А хутка зноў развітваемся….

За два тыдні, якія Алег праводзіць у Гродне, яму трэба яшчэ шмат чаго паспець зрабіць на будаўніцтве дома, адпачываць часу папросту няма. Ірына кажа, што за гэтыя два тыдні ён імкнецца нагнаць упушчанае, а яна, так бы мовіць, працягвае плыць па цячэнні, што таксама іх падзяляе і, здараецца, прыводзіць да непаразумення.

Жаночая доля

Ірына ўвесь час распавядае толькі пра мужа. Пра сябе, сціпла заўважае, асабліва няма чаго і сказаць. Маўляў, калі яго няма дома, то ўсё робіць сама, бо на ёй і быт, і дзеці, і ўсё, што можа здарацца кожны дзень.

– Гэта яшчэ добра, што ў яго графік не такі жорсткі. У маёй сяброўкі муж тры месяцы працуе і два тыдні дома. Ёй наогул даводзіцца не прыцірацца, а прывыкаць. Сяброўка кажа, што прыязджае чужы чалавек і яны ўжо на мяжы разводу.

Самае страшнае ў такой сітуацыі, мяркуе мая суразмоўніца, гэта тое, што надыходзіць момант, калі многім ужо падабаецца жыць адным. Некаторыя яе сяброўкі прызнаюцца, што чакаюць, калі муж ізноў ад’едзе на працу.

Ірына кажа, што не рашылася б нараджаць другое дзіця, калі б ёй не дапамагала мама. Інакш, жартуе яна, хата проста зарасла б брудам, а яна нічога не паспявала б рабіць:

– Я вельмі ўдзячна маёй маме. Яе дапамогу нельга нічым замяніць і ніякімі сродкамі ацаніць.

Цешыць і тое, што старэйшая дачка ўжо можа нечым дапамагчы.

Гэта няпросты этап у жыцці, прызнаецца Ірына, але трэба яго перажыць, іншага выйсця няма. Яна ўпэўнена: калі людзі нечага вартыя, то яны не адмаўляюцца ад сваіх мар, а абавязкова іх здзяйсняюць.

У жніўні 2020 года муж напаўжартам заўважыў, што, можа, давядзецца пераязджаць не ў свой дом, а ў іншую краіну.

– Я лічу, што лепшае месца для жыцця дома, а не на чужыне, – упэўнена жанчына. – Як бы там ні было добра, трэба вельмі пастарацца, каб даказаць адваротнае. Калі ўсе ад’едуць, хто будзе будаваць новую Беларусь?

P.S. Імёны і прозвішчы нашых герояў зменены па іх просьбе, сапраўдныя ёсць у рэдакцыі.

Публікацыя – з № 68 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: