Сяргей Тарасаў

Шыкоўна выдадзеную кнігу «Еўфрасіння – Офрасіння – Афрасіння Полацкая: Яе час, яе Крыж» у Полацкім гарвыканкаме павінны былі б прачытаць усе чыноўнікі, а мясцовы Музей кнігадрукавання – пакласці на адмысловы подыум і штодзённа выціраць з яе пыл. Пра падобныя выданні марыць кожны горад. Аднак полацкая ідэалагічная вертыкаль вырашыла іначай – запланаваныя прэзентацыі былі адменены, хоць аўтар ужо прыехаў у Полацк. Чаму так сталася і пра што расказваецца ў кнізе, мы распыталі гісторыка Сяргея ТАРАСАВА.

– Сяргей, пра Еўфрасінню Полацкую напісаны дзясяткі кніг, сотні артыкулаў, у гонар яе ўсталяваны помнікі. І паўсюль імя святой – Еўфрасіння. Вы ж у сваёй кнізе даводзіце, што так пісаць няправільна. А як трэба?

Трэба – Афрасіння. І гэта не мая прыхамаць, так яна сама сябе называла. Тлумачу. У 2015 годзе ў Полацку каля Спасаўскай царквы працавала сумесная археалагічная экспедыцыя – Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і Дзяржаўнага Эрмітажа Расіі. І вось мой сябра археолаг Жэня Торшын тэлефануе мне і кажа: «Мы знайшлі пячатку Еўфрасінні Полацкай!» Я кідаю ўсё і на машыне лячу ў Полацк. Бяру пячатку ў рукі і чытаю надпіс: «Госпадзі памазі рабе сваёй Офросініі». З улікам правіла беларускага акання імя святой на сучасным пісьме адназначна мае быць – Афрасіння. Цікава, што такую самую пячатку я знайшоў у Полацку яшчэ гадоў дваццаць таму, але на ёй не збярогся цалкам надпіс, што і перашкодзіла тады правільнай атрыбуцыі.

– Дык толькі на падставе пячаткі імя варта ўдакладніць?

Не толькі. На знакамітым крыжы Лазара Богшы 1161 года двойчы згадваецца імя заказчыцы – Офросінія. Ну немагчыма сабе ўявіць, каб на тым крыжы имя было напісана з памылкай. Як немагчымая памылка і на пячатцы, якую Афрасіння сама прывешвала да дакументаў і грамат.

Сяргей Тарасаў, гісторык: «Забараніць дэкрэтам нацыянальны сцяг – гэта як забараніць узыход сонца!»
З ігуменняй Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра матушкай Еўдакіяй.

– Напісанага пяром не высечаш і тапаром. Асабліва напісанага на паперы. А на помніку ў Полацку трэба надпіс мяняць?

Трэба было б памяняць. Тут няма нічога незвычайнага. Калісьці там жа на помніку Скарыну вісеў надпіс Георгій. Потым замянілі на Францішак. Гэткай самай працэдуры патрабуе гістарычная праўда і ў адносінах да Еўфрасінні Полацкай.

– Вы згадалі знакаміты Крыж Лазара Богшы, якому прысвечана ладная частка вашай кнігі. Вы там пішаце, што нават пабывалі ў яго майстэрні. Амаль 1000 гадоў прайшло… Хіба майстэрня захавалася?

Так, часткова. Калі я праводзіў самыя буйныя па плошчы раскопкі ў Полацку, то ў пласце зямлі XII–XIII стагоддзяў натрапіў на адну незвычайную сядзібу. Яна складалася з жылых і вытворчых памяшканняў, там былі стайня, птушнік і шмат чаго яшчэ. Але, самае галоўнае, я там знайшоў тыглі для плаўкі каляровых металаў, шмат бронзавых вырабаў, больш за шэсцьсот кавалкаў бурштыну. Гэта значыць, што тая сядзіба на працягу амаль двух стагоддзяў належала сям’і полацкага ювеліра.

– А якой-небудзь пячаткі таго ювеліра не знайшлі?

Знайшоў фрагмент амфары з літарай Л. І знайшоў на костцы для гульні літары Л і І. Літары гэтыя абазначаюць, каму належалі рэчы: Лазараві. Вядома, гэта мог быць толькі Лазар Богша.

– Дык ён быў такі багаты? Сядзіба ў яго – як у беларускіх міністраў у Драздах. 

Богша быў адназначна не бедны. Скажам, за свой Крыж ад Еўфрасінні ён атрымаў ажно 140 грыўняў.

– А што за тыя грошы можна было купіць?

28 кілаграмаў срэбра. Конь просты і вол прыкладна ў той час каштавалі па адной грыўні, а конь княжы – пяць.

– То Лазар Богша за свой ганарар мог купіць цэлы табун коней і чараду валоў?

Мог. І прыкупіць яшчэ сядзібу ў дадатак. Еўфрасіння з ім разлічылася вельмі шчодра. Мы ўжо не гаворым пра тое, колькі каштавалі матэрыялы для вырабу Крыжа – золата і жэмчуг. Хоць для нас, безумоўна, Крыж каштоўны найперш як духоўная рэліквія.

– Той Крыж шукаюць ужо не адно дзесяцігоддзе па ўсім свеце. Ён нават унесены ў базу Інтэрпола. Вы ў сваёй кнізе сенсацыйна сцвярджаеце: Крыж існуе і знаходзіцца ў Троіца-Сергіевай лаўры пад Масквой. Аргументуйце.

Па-першае, ёсць публічнае, у дакументальным фільме, прызнанне светлай памяці мітрапаліта Філарэта. Для сучаснай копіі Крыжа, якую зрабіў майстар Мікола Кузьміч, уладыка прадаставіў часцінку Хрыстовай крыві, якую «адкалупнуў з дазволу настаяцеля з нейкай дошчачкі ў нейкім манастыры». Слухайце, вы многа ведаеце ў свеце дошчачак, на якіх была б кроў Збаўцы? Я ведаю толькі адну – Крыж Лазара Богшы. Па-другое, праз таго ж Філарэта знайшлося старажытнае Слуцкае Евангелле. А яно перад вайной знаходзілася ў тым самым пакоі-сейфе ў Магілёве, дзе ляжаў і Крыж. Па-трэцяе, у 1945 годзе першы сакратар ЦК КПБ Панцеляймон Панамарэнка гаварыў пра Крыж як пра каштоўнасць, «которой мы обладаем». Па-чацвёртае, я ведаю людзей, якія Крыж бачылі на свае вочы. І бачылі ў рызніцы Троіца-Сергіевай лаўры.

– Дык трэба паехаць туды і ўпэўніцца, задакументаваць!

Гэта не так проста зрабіць. Самая закрытая ўстанова – царква. І каталіцкая, і праваслаўная. Мы не ведаем бюджэтаў Ватыкана і Маскоўскай патрыярхіі, у нас няма доступу да іх архіваў. У рызніцу Троіца-Сергіевай лаўры можна патрапіць толькі з асабістага дазволу Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Менавіта ён і з’яўляецца настаяцелем лаўры. Як я разумею, Крыж Еўфрасінні Полацкай – асабістая святыня патрыярха. Ён прыязджае туды да яе маліцца.

– У мяне гэта ў галаве не ўкладваецца. На Крыжы выгравіраваны праклён – на адрас таго, хто вынесе яго з полацкага манастыра. Еўфрасіння Полацкая – святая для РПЦ. І патрыярх на той праклён не зважае?

Дык ён жа Крыж не выносіў (смяецца). Можа, патрыярх лічыць, што такім чынам ён Крыж выратаваў. З другога боку, сыходзячы з логікі праваслаўнай царквы, не істотна, дзе Крыж знаходзіцца – у манастыры пад Масквой ці ў Полацку. Бо абодва манастыры – ва ўлонні РПЦ.

– Дзе знаходзяцца мошчы святой Еўфрасінні Полацкай, там павінен быць і яе Крыж. А мошчы – у Полацку. Вярнуць іх з Кіева-Пячэрскай лаўры таксама ж было складана.

Яшчэ як складана! У Кіеве мошчы знаходзіліся больш за 700 гадоў. І першым, хто ўзняў пытанне аб іх вяртанні ў Полацк, быў, вы не паверыце, Мураўёў-Вешальнік. Той самы, які задушыў паўстанне 1863 года! Калі пасля яго пайшла палітыка русіфікацыі Беларусі, палітыка насаджэння праваслаўнай веры, Мураўёў напісаў у Свяшчэнны Сінод, што ў Северо-Западном крае не хапае святынь, каб далучыць народ да «правільнай» веры. Ну і самі палачане стараліся – з 1864-га па 1910 год звярталіся куды толькі магчыма. І ўрэшце дамагліся таго, што ўказ аб перавозе мошчаў падпісаў сам імператар Мікалай II. Манахам Кіева-Пячэрскай лаўры не было куды дзявацца. Сама цырымонія перавозу мошчаў была вельмі ўрачыстая – іх везлі па Дняпры на параходзе, з шматтысячнымі малебнамі па дарозе.

– Са здзіўленнем я вычытаў у вашай кнізе, што часцінкі мошчаў святой Еўфрасінні царква можа раздаваць у іншыя манастыры. Як такое ўвогуле магчыма? 

Ну, «усю Еўфрасінню», я спадзяюся, не раздадуць. Вельмі шкада, што гэта «раздача» адбываецца па-за ўвагай грамадскасці. Апошнім разам такое адбылося ўжо ў наш час, адносна нядаўна. Я адпачываў у Грэцыі, на востраве Корфу, і выпадкова ў тамтэйшым манастыры ўбачыў маленькі кіёцік з мошчамі Еўфрасінні Полацкай, а побач – падобны кіёцік з мошчамі Марыі Магдалены. Тады і зацікавіўся гэтай тэмай. Трэба прызнаць, што гэта даволі пашыраная практыка, агульнахрысціянская. Напрыклад, мошчы святога Панцялеймана – па ўсім свеце, на сотні часцінак падзелены.

– Неяк у манастыры на Кіпры я бачыў цэлую экспазіцыю з мошчаў святых – іх было каля сотні. Вось кіпрыётам і можна раздаваць. У нас жа Еўфрасіння адна, гэта патронка Беларусі. Да яе мошчаў трэба неяк больш ашчадна ставіцца.

Згодны з вамі. І тут яшчэ адзін момант прысутнічае. Ва ўсіх народаў ёсць пантэоны сваіх каралёў і святых, дзе ляжаць іх сапраўдныя парэшткі. А мы дагэтуль спрачаемся, хто мы (больш славяне ці балты), адкуль паходзяць нашы далёкія продкі. Мы не ведаем, кім былі Рагвалод і Рагнеда, кім быў Усяслаў Чарадзей. І ў нас ёсць толькі адзіная магчымасць гэта даведацца: зрабіць генетычны аналіз ДНК Еўфрасінні. Ніякіх іншых костных парэшткаў нашых князёў у нас проста няма. Еўфрасіння, падкрэсліваю, адна. Я спрабаваў на адной навуковай канферэнцыі ўзняць гэту тэму. Зрабіць у зубе Еўфрасінні малюсенькую свідравіначку…

– І як паставіліся царкоўнікі да вашай прапановы?

Не адмовілі, але і не дазволілі. Думаю, з цягам часу навукоўцы і царква яшчэ вернуцца да гэтага пытання.

– На тэрыторыі Беларусі, у тым жа Полацку, часам раскопкамі займаюцца расійскія археолагі. А знаходкі свае яны з сабой забіраюць?

Не. Па-першае, усе знаходкі фіксуюцца. Па-другое, гэта заўсёды сумесныя экспедыцыі, дазвол на іх правядзенне дае Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Усё знойдзенае застаецца ў краіне. Полацкія знаходкі перадаюцца ў Полацкі нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік. А чаму там капаюць археолагі з Санкт-Пецярбурга? Дык у нас сваіх няма, даўно скончыліся. Мы, на жаль, страцілі школу архітэктурнай археалогіі. У мяне на прыкмеце толькі адзін даследчык з Полацкага ўніверсітэта – Аляксей Коц. Ён якраз шчыльна працуе з піцерцамі. Піцерская школа архітэктурнай археалогіі наймацнейшая на постсавецкай прасторы.

– Першыя прэзентацыі вашай унікальнай кнігі павінны былі адбыцца ў Полацку. Але не адбыліся. Чаму?

Прычына, відаць, у аўтары кнігі. Сяргей Тарасаў, пачынаючы з 1988 года, быў актыўным сябрам (і адным з заснавальнікаў) Беларускага Народнага Фронту і Беларускай Народнай Грамады. Я быў даверанай асобай дэпутата-бээнэфаўца Вярхоўнага Савета 12-га склікання Валянціна Голубева. Я восем гадоў прасядзеў ў Інстытуце гісторыі ў адным кабінеце з Зянонам Пазьняком… Зразумела, што я не мог заставацца ўбаку і ад таго, што адбывалася і адбываецца ў нашай краіне. Для кагосьці гэтага, відаць, дастаткова, каб адмовіць у прэзентацыі.

Сяргей Тарасаў, гісторык: «Забараніць дэкрэтам нацыянальны сцяг – гэта як забараніць узыход сонца!»
Аўтар з першымі чытачамі.

– Дык ці трапіла кніга ў Полацк? Ці займаецца яе распаўсюдам «Белкніга», якой належаць усе дзяржаўныя кнігарні?

Выдавец кнігі Раман Цымбераў, наколькі я ведаю, з «Белкнігай» не дамовіўся. Але ў Полацк яна трапіла – больш за 150 асобнікаў там разышліся. І не толькі ў Полацк. Яна ўжо ёсць і ў Брэсце (быў сігнал ад Міколы Кузьміча), і ў Гродне, і нават у Капенгагене. Раман Цымбераў вазіў кнігу ў Кіеў на кніжную выставу «Арсенал». У Мінску яе можна знайсці ў «Акадэмкнізе».

– Вы сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, які сёння апынуўся пад пагрозай закрыцця. Як вы можаце кваліфікаваць гэтыя дзеянні Міністэрства юстыцыі?

Гэта непрыхаваны і нахабны гвалт. Можна пазбавіць рэгістрацыі арганізацыю, але як можна забараніць суполку пісьменнікаў? Я як пісаў, так і буду пісаць. І ўсе астатнія 450 сяброў таксама. Ужо даўно сяброўства ў саюзе не давала нам ніякіх прывілеяў. Але належаць да саюза Купалы, Коласа, Барадуліна, Бураўкіна, Гілевіча і іншых класікаў усё роўна было для мяне гонарам.

– А як вы як гісторык ставіцеся да магчымай забароны бел-чырвона-белага сцяга? Тут рэй вядзе Генеральная пракуратура.

Бел-чырвона-белы сцяг – наша гісторыя, а гісторыю забараніць таксама немагчыма. Можна забараніць аб ёй пісаць, можна забараніць гістарычныя  сімвалы. Але яны ўсё роўна застануцца, куды ж яны падзенуцца? І герб Пагоня, і сцяг, і нашы гімны – гэта здабытак гісторыі, іх немагчыма адмяніць дэкрэтам ці ўказам. Забараніць дэкрэтам нацыянальны сцяг – гэта як забараніць сонцу ўзыходзіць і заходзіць! Бязглуздзіца поўная. А колькі сёння вакол падобнай бязглуздзіцы! Злачынствам сталі бел-чырвона-белыя шкарпэткі, штаны не таго колеру… Калі нешта забараняюць, гэта заўсёды выклікае цікавасць, таму наш сцяг у выпадку забароны стане яшчэ больш папулярным.

Публікацыя – з № 68 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: