Сайт «Медыя-Палессе» заблакавалі на паўгода

Прэс-служба Генпракуратуры патлумачыла, чаму заблакаваны навінны сайт Палескага рэгіёну «Медыя-Палессе».

Як ужо паведамляла “Народная Воля”, інфармацыйны рэсурс быў заблакаваны яшчэ ўвечары 2 верасня. Але на наступны дзень тэхнічная служба аднавіла працу сайта. У выходныя “Медыя-Палессе” працаваў, а ў панядзелак доступ да яго быў абмежаваны на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Паводле тлумачэння Генпракуратуры, падставай стала рашэнне пракуратуры Брэсцкай вобласці:

“У шэрагу публікацый, размешчаных на паказаным рэсурсе, меліся фатаграфіі і відэа з інтэрнэт-сайтаў, інфармацыйную прадукцыю якіх суд раней прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі, а таксама гіперспасылкі на такія сайты. Асобныя артыкулы суправаджаліся відэаматэрыяламі, якія відавочна негатыўна характарызавалі грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне пасля завяршэння выбарчай кампаніі і дыскрэдытавалі дзейнасць дзяржаўных і праваахоўных органаў”, — тлумачыць прэс-служба.

Паведамляецца таксама, што на працягу бліжэйшых шасці месяцаў Дзяржаўная інспекцыя па электрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі забараняе аднаўляць дзейнасць сайта.

Поделиться ссылкой: