Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

У Столінскім раёне праваахоўнікі знайшлі і затрымалі пенсіянерку, якая абрабавала сваю 82-гадовую сваячку, забраўшы ў яе 420 рублёў, 410 долараў і прадукты з халадзільніка. Рабаўніца папярэдне вырвала тэлефонны кабель, нацягнула на галаву жаночыя калготкі, на рукі – пальчаткі, пагражала ахвяры цацачным пісталетам…

Асобныя пенсіянеры
Дзяцінеюць тады-сяды:
У іх капрызныя манеры,
Несамавітыя глузды,
І, пагуляўшы ў інтэрнэце
Ці паглядзеўшы там кіно,
Яны дурэюць, быццам дзеці,
Хоць і не школьнікі даўно.
Прынамсі, у адной бабулі
Кіношныя баевікі,
Падобна, клёпкі ўскалыхнулі.
(Не дзіўны выпадак такі.)
Здзяцінеў клёк яе старэчы,
Фантазія не знала меж.
«Дык годзе мне сядзець на печы,
Пара падацца на грабеж, –
Пенсіянерка парашыла. –
Хай «канфіскую» не мільён,
Аднак папоўню я грашыма
Свой нехлямяжы пенсіён
І ўсе свае жаданні-мары
Ажыццявіць змагу спаўна…»
Каго ж у якасці ахвяры
У дзень той выбрала яна?
Магла б абрабаваць банкіра
Або суседа-куркуля,
Ды страх душыў, прызнацца шчыра:
За што лячыцца ёй пасля,
Калі паломяць рэбры ў банку
Ці проста ў морду дасць сусед,
Тым больш што ён паддаты зранку?
Не, з імі звязвацца не след.
А выбрала яна бабулю
Старэй намнога, чым сама:
«Калі пакажа раптам дулю –

Маўляў, сабе на хлеб няма, –
Дык доўга кешкацца не буду –
Дастану цацку-пісталет…
Аддасць да ніткі з перапуду,
Каб не папасці ў іншы свет!
А пры патрэбе дам і ў рыла,
Дарма, што нейкая радня…»
Правесці акцыю рашыла
Нахабна, дзёрзка, сярод дня.
Каб бабка не пазнала ўсё-ткі,
Як аддавацьме свой запас,
На твар жаночыя калготкі
Адзела – чыста Фантамас!
Бабулька ледзь не акалела,
Страшыдла згледзела калі –
На крэсла чмякнулася цела.
Затым няшчасныя рублі
Пакорна выграбла з панчохі,
Каб долі горкае не мець.
Было там і даляраў трохі,
Што берагла сабе на смерць.
Здалося «гангстарцы», што мала, –
Разлічвала на цэлы пук.
Дык з халадзільніка дастала,
Што ў ім было: кавалак сала,
Сырок і яек дзесяць штук…

***

Я для яе зыход прадбачу:
Не пашкадуюць у судзе,
Яна жыцця свайго астачу
На нарах, мабыць, правядзе.
Вердыкт выносячы кароткі,
Пенсіянерак прызаву:
Патрэбна адзяваць калготкі
На ногі – не на галаву!

Нечаканае звальненне

Камандзіроўка – дзесяць дзён.
У філіял паслалі дальні.
Калі дамоў вянуўся ён,
Быў звольнены ва ўласнай спальні…

Грошы – як дзеці

Засведчаць жабракі і каралі,
Што меркі ў грошай і дзяцей адны:

Вялікімі якімі б ні былі,
Здаюцца нам маленькімі яны.

Дзень цвярозасці

Разгубіліся людзі, калі
Дзень цвярозасці ў нас увялі:
Быццам свята для кожнага дома,
Але як адзначаць – не вядома…

Не падслухоўвай

Зняверыцца не хочаш у жыцці?
Я спосаб памагу табе знайсці:
Не падслухоўвай з гэтае пары,
Што кажуць пра цябе твае сябры…

Публікацыя – з № 68 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: