Вольга Сафронава. Фота з сацсетак

Як паведамляе Польскае агенцтва друку, Вольга Сафронава атрымала гуманітарную візу і спадзяецца працягнуць кар’еру ў польскай камандзе.

Прадстаўнік спартсменкі ў Польшчы Томаш Віліньскі расказаў, што яна была ў беларускай зборнай, якая мелася выступаць на Алімпійскіх гульнях у Токіа. Але незадоўга да пачатку спаборніцтваў яе выключылі з каманды. Адзін з яе коней захварэў перад спаборніцтвамі.

Спартсменка выказвалася крытычна наконт начальства і асабіста Лукашэнкі. Апрача таго, Сафронава – адна з падпісантак адкрытага ліста спартсменаў супраць гвалту і за свабодныя выбары.

– Мы хочам атрымаць згоду на ўдзел пад нейтральным сцягам. У будучыні Вольга Сафронава будзе намагацца атрымаць польскае грамадзянства, не адмаўляючыся ад беларускага. Калі яна яго атрымае, то хоча прадстаўляць Польшчу. Польскі саюз коннага спорту вельмі зацікаўлены ў супрацоўніцтве з ёю, – сказаў Томаш Віліньскі.

Для наезніцы вырашальнай аказалася грамадзянская пазіцыя. Летась у жніўні спартсменка стала чэмпіёнкай Беларусі, а неўзабаве падпісала ліст за свабодныя выбары. Следам ёй паступіла пагроза, што яе адлічаць са зборнай, хоць у апошні момант кантракт усё ж працягнулі – спартсменка ўтрымлівае каня за свой кошт, чым моцна спрыяе бюджэту Мінспорту.

– Для мяне былі важныя пункты, якія тычыліся гвалту і пакарання вінаватых. Сёння нельга быць па-за палітыкай, проста не маем права заставацца ўбаку. Як прайсці міма тых жа рэпрэсій? Таму я падпісала зварот. Не выпадае ставіць на адны шалі працу і тое, што адбываецца. Мы павінны змяніць жыццё калі не для сябе, дык хоць бы дзеля сваіх дзяцей, унукаў, пакінуць ім добры след у гісторыі, – тлумачыла сваё рашэнне конніца.

Незадоўга да Алімпіяды праблемы ўзніклі і ў Сандра дэ Амура, каня Вольгі Сафронавай. У Беларусі ён не прайшоў кантроль ветэрынарнай камісіі, а без дазволу ляцець на спаборніцтвы нельга. Была магчымасць абследавацца за мяжой, аднак вынікі праверкі прыйшлі занадта позна, каб запускаць альтэрнатыўны варыянт.

Пазней польскія адмыслоўцы канстатавалі: хваробы, якая перашкодзіла б жывёле выступаць у Токіа, пасля грунтоўнага даследавання не выяўлена.

Поделиться ссылкой: