Марыя Калеснікава і Максім Знак за кратамі.

Учора яны былі асуджаны адпаведна на 11 і 10 гадоў зняволення.

Як вядома, у мінулым годзе Марыя Калеснікава ўваходзіла ў перадвыбарны штаб экс-банкіра і прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі, а пазней перайшла у аб’яднаны штаб Святланы Ціханоўскай.

Марыю затрымалі на пачатку верасня 2020 года, пасля чаго спецслужбы паспрабавалі вывезці яе з Беларусі ва Украіну. На мяжы Калеснікава парвала свой пашпарт, каб пазбегнуць вымушанай дэпартацыі, і ў выніку апынулася за кратамі.

Максім Знак, юрыст штаба Віктара Бабарыкі, быў затрыманы практычна ў адзін час з Калеснікавай – на пачатку верасня мінулага года.

Іх абвінавачвалі ў закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі, змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам і стварэнні экстрэмісцкага фарміравання.

…Яшчэ на мінулым тыдні стала вядома, што вердыкт Максіму Знаку і Марыі Калеснікавай будзе вынесены Мінскім абласным судом у будынку Мінскага раённага суда 6 верасня. Пры гэтым афіцыйна паведамлялася: нягледзячы на тое, што сам працэс быў цалкам закрыты (нават адвакаты знаходзіліся пад падпіскай аб неразгалошванні), агалошванне прысуда пройдзе ў адкрытым рэжыме.

Працэс павінен быў пачацца ў 12.00, і больш чым за гадзіну да яго пачатку ля будынка суда пачалі збірацца людзі блізкія і знаёмыя Максіма і Марыі, проста тыя, хто прыйшоў іх падтрымаць, журналісты, прадстаўнікі дыпламатычных місій.

Але нікога не пускалі не тое што ў будынак, а нават за агароджу суда, ля якой дзяжурылі два міліцыянеры. Апошнія праз рацыю атрымлівалі інструкцыі і на пытанне «Калі пачнуць пускаць у суд?» толькі паціскалі плячыма.

Тым часам людзі станавіліся ў ланцуг, які з кожнай хвілінай рабіўся ўсё даўжэйшым. Сам ланцуг быў ачэплены сілавікамі ў форме і цывільным, ля людзей хадзілі і здымалі ўсіх на камеру. Для чаго? Невядома, бо, калі працэс адкрыты, то патрапіць на яго можа любы жадаючы, і нічога супрацьзаконнага ў гэтым няма.

Людзі прыходзілі з кветкамі, аднак многім стала зразумела, што ў залу суда яны так і не патрапяць. Заставался не так шмат часу, каб прайсці кантроль і заняць месца ў судовай зале, а нікога па-ранейшаму не пускалі. Дазволілі прайсці ў будынак толькі бацькам і блізкім сваякам Марыі Калеснікавай і Максіма Знака (васьмі чалавекам), а астатнія засталіся на вуліцы.

Затое прапагандысты з дзяржаўнага тэлебачання на чале з сумна вядомым Рыгорам Азаронкам маглі спакойна хадзіць дзе заўгодна, а калі пабачылі ля варот прадстаўнікоў замежных дыпламатычных місій, пачалі на іх «паляванне».

– Зачем вы сюда пришли? – накідваўся на дыпламатаў Азаронак. – В Европе белорусские дипломаты ходят на суды тех людей, которые призывали к свержению государственного строя?

– Вы можаце да нас прыйсці ў амбасаду, і мы пагутарым, – ветліва адказвала прапагандысту прадстаўніца шведскага пасольства.

– Вот у вас на груди значок «Свабоду палітвязням», а кто их признал политзаключенными? – не адчапляўся Азаронак.

– Чаму ў вас столькі агрэсіі? – паспрабавалі паставіць прапагандыстаў на месца людзі, якія стаялі ў ланцугу. – Гэта ж некарэктна…

– Не ваше дело, насколько корректно мы спрашиваем, – далучыўся яшчэ адзін «бэтэшнік».

– Почему молчите? – Азаронка было не спыніць. – Вы против свободы слова? А как в Европе сейчас с политзаключенными? Что с теми людьми, которые задержаны на антиковидных митингах? Почему так жестко разгоняют эти митинги? Меня также интересует судьба белорусских граждан в шведском посольстве. Они плохо себя чувствуют… Что с ними сейчас?

«Вот это и есть их свобода слова», – падвёў вынік Рыгор Азаронак, але праз нейкі час разам са сваёй «брыгадай» наскокваў ужо на іншых дыпламатаў, якія таксама стараліся не ўступаць у дыскусію з гэтымі так званымі інтэлектуаламі.

Дарэчы, дыпламатаў на суд так і не пусцілі. Гэтак жа, як і ўсіх астатніх, хто прыйшоў на «адкрыты» суд, каб падтрымаць Максіма і Марыю.

Як выносілі прысуд Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку
Ніхто з тых, хто прыйшоў падтрымаць Максіма і Марыю, на суд не трапіў.

А падрабязнасці таго, што адбывалася ў судовай зале, затым распавёў «Народнай Волі» бацька Максіма Знака.

– Калі я прыйшоў у залу пасяджэння, то вачам сваім не паверыў! – эмацыйна ўзгадвае той момант Аляксандр Мікалаевіч Знак. – Зала была ўжо цалкам запоўнена нейкімі людзьмі! Ніхто так і не зразумеў, хто гэта такія, адкуль і калі яны тут з’явіліся, бо ў залу ж міліцыя з вуліцы нікога не прапускала. Сядзелі, быццам манекены. Можна меркаваць, што іх у залу прыгналі дзеля таго, каб не пусціць тых, хто насамрэч прыйшоў падтрымаць Машу і Макса. Гэта, відаць, такая дробная помста, каб нашы дзеці нават не пабачылі сваіх сяброў і знаёмых і не адчулі падтрымку людзей.

З Максімам пагутарыць не атрымалася?

– Я павітаўся з сынам незвычайным чынам. Мы разам з ім былі ў Непале, і там вітаюцца своеасаблівым жэстам прывітання. У судзе я склаў далоні, крыху пакланіўся і сказаў: «Намастэ». Максім у адказ у клетцы таксама пакланіўся, а вось рукі ў яго былі скаваны ззаду кайданкамі. Марыя таксама была ў кайданках, але рукі не за спінай, а перад сабой, таму магла паказваць сэрцайкі.

Я ўбачыў, што Максім фізічна выглядае досыць добра, нават крыху «падкачаўся». Гэта было заўважна.

Дарэчы, мне таксама паведамілі, што 7 верасня мне дазволена спатканне з Максімам, змагу з ім убачыцца сам-насам.

Суд (суддзя – Сяргей Епіхаў, дзяржаўны абвінаваўца – Аляксандр Кароль) прызнаў Максіма Знака і Марыю Калеснікаву вінаватымі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.3 арт.361 (заклікі да дзеянняў супраць нацбяспекі), ч.1 арт.357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч.1 арт.361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва ім) і асудзіў Максіма да 10 гадоў зняволення, Марыю – да 11 гадоў. Знаку прызначылі ўзмоцнены рэжым калоніі, Калеснікавай – агульны.

– Шчыра кажучы, не цешыў сябе вялікай надзеяй, таму чакаў, што прысуд будзе жорсткі, – дадае Аляксандр Мікалаевіч. – Але Максім і Марыя – моцныя людзі. Упэўнены: яны ўсё вытрымаюць…

Публікацыя – з № 68 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: