Глеб Сандрас. Фота: Twitter

«Народная Воля» вырашыла больш падрабязна даведацца, што сабой уяўляе платформа «Рабочы рух» і ці ёсць нейкія рэальныя вынікі яе дзейнасці.

На сайце гэтай ініцыятывы абвешчана, што платформу прадстаўляюць «рабочыя і служачыя розных арганізацый, якія не змаглі змірыцца з беззаконнем, што адбываецца навокал».

«Рабочы Рух» – гэта ініцыятыва аб’яднання працуючых людзей Беларусі для абароны сваіх грамадзянскіх і працоўных правоў і свабод, – гаворыцца далей. – Аб’яднанне грамадзян для захавання іх бяспекі ва ўмовах прававога дэфолту ажыццяўляецца пры дапамозе зашыфраванай платформы з аднайменнай назвай.

…Нашай першапачатковай задачай з’яўляецца аднаўленне дэмакратычных правоў і свабод у краіне, у тым ліку шляхам агульнанацыянальнай стачкі як найбольш дзейснага і бяспечнага механізму, даступнага працоўным».

Глеб Сандрас – адзін з сузаснавальнікаў платформы «Рабочы рух». Раней маладзёжны актывіст працаваў на «Беларуськаліі», узначальваў прэс-службу страйкама гэтага прадпрыемства, але затым у мэтах бяспекі быў вымушаны пакінуць краіну.

– Платформу запусцілі 12 красавіка гэтага года, – распавядае Глеб Сандрас. – Ідэйнымі стваральнікамі былі людзі са страйкамаў «Гродна-Азота», «Нафтана», Беларускага металургічнага завода… Частка іх была звольнена, некаторыя зараз знаходзяцца за мяжой, але нехта яшчэ і працуе на беларускіх прадпрыемствах.

Таксама нам дапамагалі беларусы Бостана і каманда, якая працавала па назіранні за выбарамі ў мінулым годзе.

Якая была асноўная мэта стварэння «Рабочага руху»?

– Пра гэта заяўлена на нашым сайце: вярнуць законнасць у краіну. Акрамя таго, патрабуем вызвалення ўсіх палітвязняў і правядзення новых справядлівых выбараў.

У першую чаргу спрабуем даць людзям бяспечныя інструменты для таго, каб яны маглі аб’ядноўвацца і рыхтавацца, калі такі момант здарыцца, да агульнанацыянальнага страйку. Каб маглі бяспечна ажыццяўляць інфармацыйную падтрымку і падрыхтоўку да стачкі, выбудоўваць лакальныя гарызантальныя сувязі, каардынаваць дзеянні сваіх сябраў на міжрэгіянальным і рэспубліканскім узроўнях. Таксама маем намер спрaсціць і палегчыць атрыманне дапамогі для ўдзельнікаў стачкі пры ўзнікненні такой неабходнасці.

І якія рэальныя вынікі вашай працы?

– Да нашай платформы ўжо далучылася каля 17 тысяч чалавек. Зарэгістравацца даволі проста. Пры гэтым нейкіх персанальных дадзеных не патрабуецца. Адзінае, што неабходна, – пакінуць свой нумар тэлефона, каб ведаць, што гэты чалавек з Беларусі, але нумар шыфруецца, і да яго ніхто не мае доступу.

А што дасць нейкаму працоўнаму, скажам, з Мінскага трактарнага завода гэтая рэгістрацыя і далучэнне да вашага руху? Вы абароніце яго правы, прымусіце начальства МТЗ заробак яму павысіць?

– Ёсць жа і на прадпрыемствах людзі з грамадзянскай пазіцыяй, якія зараз проста не могуць яе публічна выказаць, каб не патрапіць пад звальненне і рэпрэсіі. Але яны могуць пад дахам нашай платформы аб’яднацца. Калі чалавек хоча размаўляць з такімі ж, як ён сам, то мы даём такую магчымасць.

Натуральна, не хацелася б, каб у краіне быў страйк, каб спынялася эканоміка, але трэба быць гатовымі да любога развіцця падзей.

Вы зараз кажаце пра нейкія абстрактныя рэчы. Верыце, што ў сённяшніх умовах у Беларусі магчымы агульнанацыянальны страйк?

– Пасля выбараў тысячы рабочых выйшлі на вуліцу, некаторыя з іх далучыліся да страйку. Але ведаеце, якая асноўная памылка тады была? Усё праходзіла стыхійна. А на базе нашай платформы, як ужо казаў, тыя ж рабочыя аб’ядноўваюцца. Гэта на будучыню.

Якія вы бачыце для сябе перспектывы? Зарэгістравался ў вас 17 тысяч чалавек – і што далей?

– Скажам так: у новай Беларусі платформа можа стаць падмуркам для стварэння аб’яднання па рэальнай абароне правоў працоўных. 

Наколькі я зразумеў, стваральнікі гэтага руху знаходзяцца за мяжой…

– Далёка не ўсе. З Беларусі з’ехалі тыя, хто выступае публічна. Яны вымушаны былі з’ехаць. Хачу дадаць, што ў жніўні мінулага года ўсё было хаатычна і неарганізавана.

Дык сёння вы маеце жывую сувязь з беларускімі прадпрыемствамі, з людзьмі, якія там працуюць?

– Відавочна, што сёння страйкамы, якія з’явіліся на некаторых прадпрыемствах, ужо неактуальныя. Трэба сказаць, што галоўныя мэты не былі выкананы, патрабаванні рабочых не задаволілі.

А зараз мы маем інфармацыю аб тым, што адбываецца на прадпрыемствах, ад тых нашых сябраў, якія там працуюць. Дарэчы, у нас ёсць бот юрыдычнай дапамогі для працоўных, і некаторыя звяртаюцца. Не сказаў бы, што ідзе цэлая хваля заявак, але пытанні ёсць. І пытанні настолькі разнастайныя!.. Я раней і падумаць не мог, што многія працоўныя ў нас такія малаадукаваныя ў прававых пытаннях і пытаннях абароны сваіх правоў. Часам пачынаеш разумець, што заўсёды трэба пачынаць з малога, тлумачыць людзям элементарныя рэчы.

І якія, паводле вашай інфармацыі, зараз настроі ў рабочых?

– У эканоміцы задзейнічаны мільёны людзей, таму я не магу казаць пра нейкую агульную тэндэнцыю і агульныя настроі. Але падтрымлівую сувязь з некаторымі былымі калегамі з таго ж «Беларуськалія», і там рабочыя занепакоены тым, якія могуць быць наступствы заходніх санкцый. Яны ў чаканні таго, што могуць прынесці гэтыя санкцыі.

– Не выключана, што санкцыі ўдараць не толькі па рэжыме, але і па саміх рабочых, па іх заробках і дабрабыце…

– Але ж пры гэтым трэба разумець, вынікам чыёй палітыкі сталі санкцыі. І людзі самі павінны вырашаць, што ім рабіць у такой сітуацыі.

Платформа якраз і створана для таго, каб дапамагчы тым, хто хоча аб’яднацца і разам распрацаваць план дзеянняў. Калі нехта не хоча, то з бізуном стаяць не будзем. Калі рабочым прыносіць задавальненне працаваць у цэху ў спякоту ці пры мінус двух градусах і пры гэтым яны будуць маўчаць, дык, як кажуць, хто іх выратуе? У кожнага свая галава на плячах…

Публікацыя – з № 68 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: