У клетцы Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца. Фота аўтара

У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 3 верасня пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць вядомага праваабаронцы Леаніда Судаленкі, а таксама валанцёрак Таццяны Ласіцы і Марыі Тарасенка. Следства абвінаваціла іх у арганізацыі і фінансаванні масавых беспарадкаў – паводле частак 1 і 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса.

Леаніда і Таццяну даставілі ў суд пад канвоем з гомельскага СІЗА-3, дзе яны знаходзяцца ўжо восьмы месяц. Марыя Тарасенка прыехала на суд сама, яна на волі – у яе ўзяты падпіскі аб неразгалошванні, яўцы па першым патрабаванні і нявыездзе.

У Гомелі пачалі судзіць праваабаронцу Леаніда Судаленку і дзвюх валанцёрак. Па хадайніцтву пракуратуры суд зрабілі закрытым
Марыя Тарасенка. Фота аўтара

“Абраў суд, а не паклонную”

За сем месяцаў за кратамі Судаленка збавіў вагу, але выглядае няблага. Трымаецца бадзёра. Напярэдадні разгляду крымінальнай справы Судаленка, як і шмат хто з палітвязняў, атрымаў ліст ад Юрыя Васкрасенскага.

“Ён прапаноўваў да 31 жніўня пакаянную напісаць. Я пакуль абраў суд. Ён жа даверанасці ад таго, хто мілуе, не прыклаў. А раптам правакатар”, – паведаміў Леанід на волю.

Падтрымаць Судаленку на суд прыйшла жонка Аксана з сярэднім сынам Кірылам. Прысутнічалі сваякі і дзвюх іншых фігурантак гучнай крымінальнай справы. У судовую залу з-за малалікасці месцаў шэраг грамадзянаў, якія таксама меліся падтрымаць праваабаронцаў, не патрапілі.

Разглядае справу суддзя Сяргей Салоўскі. Абвінавачванне падтрымліваюць прадстаўнікі гарадской пракуратуры Фартушняк і Вышнякоў. Пракуратура хадайнічала таксама, каб зрабіць працэс закрытым з прычыны захавання банкаўскай таямніцы, руху грашовых сродкаў па рахунках і дзеля, як сказана, бяспекі абвінавачаных ды іншых удзельнікаў справы. Супраць такога парадку выступілі ўсе абвінавачаныя і іх адвакаты. Аднак суддзя Салоўскі, зрабіўшы перапынак для прыняцця рашэння ў дарадчым пакоі, пастанавіў весці судовае разбіральніцтва у закрытым рэжыме паводле матывацыі пракуратуры.

Вінаваты, бо дапамагаў сплачваць штрафы

У віну Леаніду Судаленку, як вядома, паставілі дапамогу ў аплаце штрафаў, паслуг адвакатаў, судовых пошлін, рахункаў за харчаванне ў ІЧУ для ўдзельнікаў пратэстных маршаў супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў, а яшчэ збор сродкаў на набыццё дроў для шматдзетнай сям’і з Гомельскага раёна, сустрэчу актывісткі з “сутак” каля ІЧУ, здымкі ў відэасюжэце Андрэя Павука, дзе праваабаронца распавядаў пра свабоду сходаў, а таксама арганізацыю семінараў для актывістаў па лічбавай бяспецы. З лістоў правабаронцы вядома, што ён адмовіўся супрацоўнічаць са следствам з прычыны абсурднасці абвінавачванняў.

Праваабаронца яшчэ да свайго арышту пісьмова тлумачыў, што фінансавую дапамогу ён аказваў людзям, якія ўжо былі прыцягнутыя да адказнасці за адміністрацыйныя правапарушэнні на падставе артыкула 23.34 КаАП. Як можна фінансаваць пратэст, калі чалавек ужо за гэта пакараны? Адсюль і выснова юрыста Судаленкі, што ў яго дзеяннях адсутнічае падзея і склад інкрымінаванага яму крымінальнага злачынства. Да таго ж на дапамогу Леанід выкарыстоўваў і асабістыя грошы з прэміі Французскай Рэспублікі за ўклад у абарону правоў чалавека “Свабода-Роўнасць-Братэрства”, якую атрымаў у 2018 годзе.

Наколькі вядома, не зусім зразумела Судаленку і тое, за што хочуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці валанцёрак. Марыі Тарасенка праваабаронца аказваў дапамогу ў скасаванні падвышанай аплаты за камунальныя паслугі, калі яе гарвыканкам нечакана ўнёс у спіс “дармаедаў”. Пазней Марыя выконвала некаторыя тэхнічныя даручэнні Леаніда і за гэта, выглядае, патрапіла “пад раздачу”. Зрэшты, як і Таццяна Ласіца з Рэчыцы.

Абвінавачванне займае амаль 45 старонак, а ўся крымінальная справа супраць праваабаронцы і дзвюх валанцёрак складаецца з 79 тамоў. Чакаецца, што судовы працэс расцягнецца не менш, як на паўтара дзесятка пасяджэнняў. Прынамсі, тэрмін утрымання пад вартай праваабаронцу Судаленку следства працягнула да 22 верасня. На наступны дзень, 23 верасня, Леаніду спаўняецца 55 гадоў. Дваццаць з іх Леанід абараняе ахвяр парушэнняў правоў чалавека.

Найбольшую вядомасць Судаленка набыў у 2017 годзе, калі ў краіне праходзілі пратэсты так званых “дармаедаў”. Прынамсі, у Гомелі праваабаронцу пачалі называць “адвакатам дармаедаў”, бо ён у судах абараняў ахвяр “дэкрэта №3”. Апроч таго, Судаленка праз Камітэт АНН па правах чалавека адстойваў правы гараджан на свабоду мірных сходаў і вулічных шэсцяў, аб’яднанні па інтарэсах, на збор і распаўсюд інфармацыі. У міжнародных структурах Леанід выступаў афіцыйным прадстаўніком тых грамадзян Беларусі, чые правы былі парушаны.

Разгляд справы ў дачынненні да Судаленкі і валанцёрак будзе працягнуты на наступным тыдні.

Поделиться ссылкой: